Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьвярнуўся з пытаньнямі калега, які рыхтаваў матэрыял пра незалежную тэлевізію 1990-х. У прыватнасьці пра 8 незалежны канал.

Пагаварыўшы зь ім, я міжволі зірнуў за вакно, дзе панавала такая шэрая шэрасьць, як на сёньняшніх беларускіх тэлеканалах, падобных у гэтай сваёй шэрасьці адзін да аднаго, як прызыўнікі, што ўпершыню апранулі вайсковую форму.

Пасьля глядзеў на выкладзеныя на старонцы сайта архіўныя сюжэты таго часу і, нягледзячы на ўсю іхную тэхнічную й творчую недасканаласьць, бачыў там столькі настрою, драйву, радасьці ад працы, што твар сам расьцягнуўся ва ўсьмешцы.

Тая тэлевізія нарадзілася ў эпоху свабоды. Гэта вельмі важна, нарадзіцца ў вольную эпоху. Яна была сапраўды незалежнай і не азіралася ні на што. Ні на застаялыя каноны, ні на дзяржаву, ні на грантадаўцаў.

Было адчуваньне вольнага палёту, які мог спыніць толькі час.

Сёньня новыя недзяржаўныя тэлевізійныя праекты (дый не адно тэлевізійныя) ад свайго нараджэньня трапляюць у акоп. Вакол мінныя палі з рознага кшталту афіцыйных ды неафіцыйных абмежаваньняў і неверагодна густая атмасфэра, якая прыціскае да зямлі любога творцу.

Тады было зусім іначай і здараліся гісторыі, якіх папросту ня можна ўявіць сёньня.

Быў ліпень 1994 году, толькі прайшлі першыя прэзыдэнцкія выбары й было абвешчана пра першую прэс-канфэрэнцыю першага прэзыдэнта Беларусі.

У той час я быў карэспандэнтам тэлекампаніі «ММ4», што мела этэр на 8-м канале.

Гэтай прэс-канфэрэнцыяй я не надта цікавіўся, таму што перамог ня мой кандыдат ды й я быў, па шчырасьці, ня надта дасканалым рэпартэрам. Але, як той казаў, чаму быць, таго не мінаваць.

Стаяла страшная сьпёка, я наважыўся ехаць на прыроду і нясьпешна спускаўся ад Дома афіцэраў да Цырку з пакетам пад пахай. У пакеце ляжалі плаўкі й посьцілка.

Але непадалёк ад базы 8-га каналу, на скрыжаваньні праспэкта Скарыны й вуліцы Янкі Купалы быў злоўлены Кірылам Коктышам, рэдактарам навінаў 8-га каналу.

— Алежка выручай, — укленчыў Кірыл. — Першая прэсуха пасьля выбараў, мой камэрмэн спазьняецца. Ты ж разумееш, мы ня можам яе прапусьціць.

Лоб Кірыла ад нэрвовай напругі паласавалі буйныя кроплі поту.

Я паглядзеў на калегу, пасьля на сябе і спытаў:

— Слухай, як ты сабе гэта ўяўляеш?

Выгляд мой быў даволі экзатычны. Няголены твар, на аблупленым ад загару носе, сонечныя акуляры. Старая баксэрская дынамаўская саколка зь дзюрай заміж літары «Д» на грудзёх. Шорты, зробленыя з джынсаў колеру хакі, з натуральнымі ад старасьці махрамі, калі шчыра, былі трошкі караткаватыя. Вянчалі вобраз старыя віетнамкі, адна зь якіх стала зьлятала з босай нагі.

— Ты думаеш...

— Няма часу. Хадзем, Алежка!

Кірыл сунуў мне старую VHS-камэру, мы скочылі ў машыну і рванулі ў нацыянальны прэс-цэнтар, які знаходзіўся ў сёньняшняй канцэртнай залі «Менск».

Мы спазьняліся. На першым коле аховы ў маёра на пропуску вочы зрабіліся круглымі й вялікімі, калі мы з Кірылам падышлі на кантроль.

Я стараўся трымаць твар сур'ёзным і моўчкі хаваўся ў акулярах. Кірыл нешта эмацыйна тлумачыў маёру, махаючы ў паветры пасьведчаньнем 8-га каналу, і нас прапусьцілі.

На другім коле аховы мяне папрасілі выкласьці рэчы з пакета, які я забыўся пакінуць у машыне і аўтаматычна пацягнуў з сабой.

Адтуль выпалі плаўкі й посьцілка.

— Вы што, карл, а...елі? — спытаў на кантролі чалавек у цывільным.

— Гэта ўсяго толькі плаўкі, гэта ж ня зброя, — спрабаваў жартаваць Кірыл. Чамусьці нас прапусьцілі зноў. Думаю, прычынай было неверагоднае жаданьне й энэргічны зарад Кірыла.

У канфэрэнц-залі было поўна журналістаў, афіцыйных і неафіцыйных асобаў, ахоўнікаў.

Знаёмы польскі калега, што апынуўся побач, глянуўшы на нас з Кірылам, толькі й прамовіў: Болек і Лёлек.

Спачатку было трохі няўтульна, але як пачынаецца праца, галава разгружаецца ад лішніх думак.

Я прабіраўся на лепшае месца, лез у першыя шэрагі, стараўся выбраць цікавыя ракурсы для здымкі, інстынктыўна ўвесь час прыціскаючы нагой да падлогі віетнамку, каб не звалілася, і ад таго выглядаў трошкі кульгавым.

Шматлікія «афганцы»-ахоўнікі, што абступалі героя прэс-канфэрэнцыі, апранутыя ва ўсё найлепшае са свайго гардэробу, нейкім неверагодным чынам пасавалі майму вобразу, глядзелі ўзрушана, але былі выключна ветлівыя. І сам герой, абцяжараны і ўсхваляваны ўрачыстым момантам, як у песьні папулярнага на той час актора Баярскага, толькі «косил лиловым глазом», але ніякіх канкрэтных заўваг не рабіў.

Нарэшце, усё скончылася. Я зьняў прыгожы плян выхаду каманды першага прэзыдэнта з залі і аддаў камэру Кірылу.

На выхадзе з прэс-цэнтру сустрэлі бацьку Кірыла, знанага фатографа Белты Яўгена Коктыша. Закурылі, і той раптам засьмяяўся, пачуўшы ад мяне фразу па-беларуску.

— Мы з калегамі ўвесь час, гледзячы на цябе, спрабавалі адгадаць, зь якой ты крутой замежнай тэлевізіі, бо думалі, што ў такім нестандартным прыкідзе мусіць быць адно прадстаўнік надзвычай вольнага сьвету.

Падумаў зараз, што й сапраўды ў той час мы ўсе былі прадстаўнікамі вольнага сьвету.

На прыроду тады я так і не даехаў.

Ня ведаю, як Кірыл, які сёньня працуе выкладчыкам у маскоўскім МГІМО і зьяўляецца расейскім палітычным аналітыкам, але я магу дакладна сказаць, што тая прэс-канфэрэнцыя стала кропкай незвароту, пасьля якой атмасфэра пачала гусьцець, а журналісцкія шляхі паступова ператварыліся ў мінныя палі.

Але на ўсё ёсьць свой час. Як той казаў, час ставіць міны і час іх зьбіраць.

Спадзяюся, што гэты час таксама прыйдзе да сваёй кропкі незвароту, і эпоха вольнай тэлевізіі, якая пачалася зь незалежнага 8-га каналу, вернецца на нашыя прасьцягі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG