Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінабароны Беларусі абвергла заяву аб тым, што расейскія войскі засталіся пасьля вучэньняў «Захад-2017»


Ілюстрацыйнае фота. Падчас беларуска-расейскіх вучэньняў «Захад-2017»

Дэпартамэнт міжнароднага вайсковага супрацоўніцтва Міністэрства абароны Беларусі адказаў украінскім вайсковым службоўцам на іх заявы аб прысутнасьці ў краіне расейскіх вайскоўцаў.

Украінскія СМІ са спасылкай на начальніка ўпраўленьня вэрыфікацыі Генштабу Ўзброеных сіл Украіны Андрэя Гудзя паведамілі, што пасьля беларуска-расейскіх стратэгічных вучэньняў «Захад-2017» на тэрыторыі Беларусі нібыта засталіся расейскія вайскоўцы.

«На тэрыторыі Беларусі была створаная групоўка беларуска-расейскіх Узброеных сілаў прыкладна колькасьцю 12 тысяч чалавек, зь якіх 5 800 — прадстаўнікі РФ. Вайскоўцы разумеюць, што штаб і іншыя падразьдзяленьні застаюцца на тэрыторыі Беларусі, і падчас міжнародных інспэкцыяў пацьвердзілася, што там ёсьць расейскія войскі», — цытуе прадстаўніка Генштабу агенцтва «Укрінформ».

Дэпартамэнт міжнароднага вайсковага супрацоўніцтва Міністэрства абароны Беларусі выступіў з заявай з гэтай нагоды.

Па-першае, заяўляюць беларускія вайскоўцы, «як ужо неаднаразова заяўлялася, увесь расейскі кантынгент, які браў удзел у вучэньнях «Захад-2017», пакінуў тэрыторыю Рэспублікі Беларусь у верасьні бягучага году.

пагрузка расейскай ваеннай тэхнікі, якая была задзейнічаная ў расейска-беларускіх вучэньнях «Захад-2017», на палігоне Асіповцкі. 21 верасьня 2017 году
пагрузка расейскай ваеннай тэхнікі, якая была задзейнічаная ў расейска-беларускіх вучэньнях «Захад-2017», на палігоне Асіповцкі. 21 верасьня 2017 году

​Па-другое, пасьля заканчэньня вучэньняў «Захад-2017» Беларусь у рамках абавязаньняў па міжнародных дамовах у галіне кантролю над узбраеньнямі забясьпечыла правядзеньне на сваёй тэрыторыі чатырох мерапрыемстваў кантролю трох дзяржаў-удзельніц:

  • у рамках двухбаковых дамоўленасьцяў аб дадатковых мерах даверу і бясьпекі зь Літвой — наведваньне вайсковай часткі дзеля ацэнкі ваеннай інфармацыі;
  • у рамках міжурадавага пагадненьня з Украінай аб дадатковых захадах даверу і бясьпекі — наведваньне вайсковай часткі дзеля ацэнкі ваеннай інфармацыі і інспэкцыя вызначанага раёну;
  • у рамках Дамовы аб звычайных узброеных сілах у Эўропе — інспэкцыя аб’яўленага месца інспэкцыйнай групай Славакіі.

«Па выніках праведзеных мерапрыемстваў замежнымі інспэктарамі якіх-небудзь фактаў прысутнасьці або ваеннай дзейнасьці незаяўленых вайсковых сілаў, у тым ліку расейскіх, выяўлена не было, пра што сьведчаць афіцыйныя справаздачы названых дзяржаваў», — гаворыцца ў паведамленьні Мінабароны Беларусі.

Усё пра вайсковыя вучэньні «Захад-2017»

Сумесныя расейска-беларускія вучэньні «Захад-2017» праходзілі на тэрыторыі Беларусі з 14 да 20 верасьня.

Паводле афіцыйных зьвестак, у Беларусі яны ахапілі 7 палігонаў і 2 асобныя мясцовасьці, у іх узялі ўдзел 10 200 вайскоўцаў: 7000 — зь беларускіх падразьдзяленьняў, 3000 — з расейскіх. На манэўры было акрэдытавана 280 журналістаў, запрошана 80 назіральнікаў, у тым ліку з Украіны і краінаў NATO.

Краіны — суседкі Беларусі непакоіліся, што Крамлю вучэньні патрэбныя для агрэсіўнага разьвіцьця вайсковай прысутнасьці ў рэгіёне, на ўсходнім флянгу NATO, і ператварэньня Беларусі ў пляцдарм для наступу на Ўкраіну.

Беларуская апазыцыя асьцерагалася, што прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін можа выкарыстаць вучэньні, каб распачаць анэксію Беларусі.

Міністэрства абароны Беларусі адзначала «абарончы» характар вучэньняў «Захад-2017» і паведаміла, што апошні эшэлён з вайскоўцамі і тэхнікай узброеных сілаў Расеі, што бралі ўдзел у вучэньнях «Захад-2017», выбыў 28 верасьня.

Дзе ў Беларусі пасьля вучэньняў застануцца расейскія вайскоўцы

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG