Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кожны з нас сустракае людзей, якіх пасьля памятае і паважае ўсё сваё жыцьцё. Ёсьць такія і ў мяне.

У беларускім замежжы такіх людзей у мяне было двое — айцец Аляксандар Надсан у Вялікай Брытаніі і спадарыня Юлія Андрусышын ў ЗША.

Айцец Аляксандар Надсан адышоў у вечнасьць вясной 2015 году. Юлія Андрусышын — у мінулым месяцы. 25 кастрычніка па ёй 40 дзён, таму сёньня я думаю пра яе і малюся за яе.

Яна пражыла доўгае і нялёгкае жыцьцё, мела шчасьлівае каханьне, добрага мужа, моцную сям’ю і цудоўных дзяцей. Была ўнутрана і зьнешне прыгожым чалавекам.

Мела яна і некалькі ўнікальных якасьцяў, сярод якіх годнасьць, высакародзтва і адданасьць беларускай справе. У простым і пераносным сэнсах, спадарыня Юля заўсёды трымала галаву высока. Здавалася б, гэта ня дзіўна, калі ты паходзіш зь сям’і, якая дала Беларусі заснавальнікаў беларускага руху ХХ стагодзьдзя Івана Луцкевіча і прэм’ер-міністра БНР Антона Луцкевіча. Тым ня менш, гэта і ня проста. Вакол нас вельмі шмат прыкладаў, калі ня тое што ўнукі ці праўнукі — нават дзеці вядомых бацькоў не дацягваюць да іх плянкі.

Кватэра Андрусышыных у Нью-Ёрку была сапраўдным цэнтрам і штабам беларускай эміграцыі, там на невялікай куханьцы вырашаліся многія важныя справы. Тое самае можна сказаць і пра дачу Андрусішыных у гарах — так званы «Родны кут». Магчыма, нехта некалі напіша пра гэта больш падрабязна.

Антон Шукелойць, Сяргей Абламейка, Юлія Андрусышын на кухні Андрусышыных у Нью-Ёрку.
Антон Шукелойць, Сяргей Абламейка, Юлія Андрусышын на кухні Андрусышыных у Нью-Ёрку.

Мне ж тут ідзецца пра іншае. Мне ідзецца пра рэальную дапамогу, якую розным людзям доўгія гады аказвалі Юлія Андрусышын і яе маці Яніна Каханоўская. Сёньня ў ЗША жывуць не дзясяткі, але сотні людзей, колішніх эмігрантаў, якім дзесяцігодзьдзямі ў розны спосаб дапамаглі абедзьве гэтыя ахвярныя беларускія жанчыны. Спадарыня Юля магла саступіць прыежджым свой ложак і спаць на нязручнай канапе, а то і ўвогуле на падлозе. Цяжка знайсьці чалавека, які б столькі часу займаўся чужымі справамі і чужымі лёсамі. У Нью-Ёрку няма больш гасьціннага беларускага дому, чым дом Андрусышыных.

Я таксама трапіў у лік прыежджых беларусаў, якіх некалі прытуліла ў сябе спадарыня Юлія. Але для нас з жонкай гэтая сустрэча ня стала проста эпізодам, але перарасла ў доўгае прыязнае сяброўства са спадарыняй Юліяй. Мы прыяжджалі ў Нью-Ёрк шмат разоў і заўсёды спыняўся ў Андрусышыных.

Начны шпацыр на беразе акіяну непадалёк ад Нью-Ёрку. Сяргей Абламейка, Вольга Абламейка, Юлія Андрусышын. 2006 год.
Начны шпацыр на беразе акіяну непадалёк ад Нью-Ёрку. Сяргей Абламейка, Вольга Абламейка, Юлія Андрусышын. 2006 год.

Акуратная і пэдантычная спадарыня Юлія мела вялікі сямейны архіў, у тым ліку фотаархіў. Яна падаравала мне фотаздымкі разбуранага цэнтру Менску, зробленыя падчас акупацыі, якія пакуль нідзе не публікаваліся. Размовы зь ёй былі найцікавейшым экскурсам у гісторыю старога Менску і яго карэнных жыхароў — сем’яў Луцкевічаў, Шабуняў, Каралёвых. Родны дом Юліі Андрусышын (па бацьку Каралёвай) знаходзіўся побач з родным домам маёй сям’і на вуліцы Інтэрнацыянальнай насупраць кіно «Перамога» (тады «Зорка»). Мы зь ёй, вобразна кажучы, з аднаго двара.

У кватэры Андрусышыных у Нью-Ёрку я рабіў апытаньне эмігрантаў-менчукоў, калі вывучаў ступень разбурэньня таго або іншага раёну старога Менску падчас Другой Сусьветнай вайны.

Зь Вітаўтам Кіпелем у кватэры Андрусышыных у Нью-Ёрку.
Зь Вітаўтам Кіпелем у кватэры Андрусышыных у Нью-Ёрку.

За тое, што спадарыня Юля зрабіла для мяне і маёй сям’і, я ня раз дзякаваў ёй прыватна. Сёньня раблю гэта публічна.

Для мяне Вы, спадарыня Юля, былі галоўным чалавекам беларускай эміграцыі. Дзякуй за гэта!

Вы былі верніцай, таму сёньня я ўспамінаю Вас словамі з малітвы ў перакладзе айца Аляксандра Надсана:

«У сялібах Тваіх, Госпадзе,
дзе ўсе праведнікі спачываюць,
супакой душы слугаў Тваіх,
бо Ты адзіны Чалавекалюбец».

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

  • 16x9 Image

    Сяргей Абламейка

    Сяргей Абламейка нарадзіўся ў Менску. Скончыў гістарычны факультэт БДУ. Працаваў сьлесарам на МАЗе, выкладаў гісторыю ў школе, быў навуковым супрацоўнікам Музэю народнай архітэктуры і побыту, пасьля Скарынаўскага цэнтру. На «Свабодзе» – зь верасьня 1990 году, з траўня 1995 году – у Празе. Пісьменьнік, гісторык, журналіст.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG