«Цяпер Тацьцяна Фэльгенгаўэр знаходзіцца на штучнай вэнтыляцыі лёгкіх у рэанімацыйнай палаце. Акрамя таго, яна пагружаная ў штучны сон — яна ў каматозным сьне», - сказаў Венядзіктаў.
23 кастрычніка мужчына ўварваўся ў рэдакцыю «Эха Москвы» і параніў намесьніцу рэдактара радыё Тацьцяну Фэльгенгауэр. Лекары хуткай дапамогі заявілі, што журналістка атрымала раненьне сярэдняй цяжкасьці.
Як паведамляе тэлеканал «Дождж», сьледчы камітэт РФ завёў крымінальную справу пра замах на забойства ў дачыненьні да 48-гадовага мужчыны. Паводле зьвестак «Эха Москвы», нападніка завуць Барыс Грыц. Паводле інфармацыі крыніцаў РИА Новости, ён зьяўляецца выхадцам з Грузіі і стала пражывае ў Ізраілі.
У паліцыі заявілі, што паводле папярэдніх зьвестак матыў нападу — асабістая непрыязь. Крыніца «Інтэрфаксу» распавяла, што нападніку будзе прызначаная псыхіятрычная экспэртыза.
Журналісты выявілі онлайн-дзёньнік, які нібыта належыць падазраванаму ў нападзе на Фэльгенгауэр. У ім аўтар пісаў, што яго «ужо ванітуе» ад журналісткі. Паводле яго, Фэльгенгауэр яго «тэлепатычна» перасьледавала.