Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Антрапазофская дыета


Што такое антрапазофская дыета і прынцыпы біядынамікі?

Гэтым артыкулам працягваем цыкл матэрыялаў, прысьвечаных розным сыстэмам харчаваньня. Я ўжо пісала пра вэгетарыянства, палеа-дыету, сыраядзеньне. Сёньня пагаворым пра антрапазофскую сыстэму харчаваньня.

Слова «антрапазофія» складаецца з двух грэцкіх слоў, «антрапас» і «сафія» — «чалавек» і «мудрасьць». Антрапазофію можна ахарактарызаваць як ўсьведамленьне сваёй чалавечнасьці ў свабодзе і асабістай адказнасьці праз самапазнаньне і пазнаньне сьвету. Канцэпцыя антрапазофіі была распрацаваная навукоўцам і філёзафам Рудольфам Штайнэрам (1861-1925). Штайнэр шукаў аснову для новых ведаў, якія павінны былі ўкараніцца ў заходняй культуры праз сваю блізкасьць да мысьленьня сучаснага чалавека. Свабода думкі, назіраньне за ўласным фізычным і духоўным станам і здольнасьць да самастойнага меркаваньня былі для Штайнэра найгалоўнейшымі прынцыпамі «новага» чалавека. Яго праца «Філязофія свабоды», у якую ён уключыў свае разважаньні, лекцыі і дасьледаваньні на гэтую тэму, стала базай антрапазофіі.

Антрапазофія ахоплівае ўсе аспэкты жыцьця. У гэтым артыкуле сканцэнтруемся на сельскай гаспадарцы і харчаваньні.

З пункту гледжаньня антрапазофіі, сельская гаспадарка не абмяжоўваецца толькі зьнешнімі, бачнымі аспэктамі. Асноўная ўвага надаецца самому жыцьцю на прыродзе і падтрыманьню/аднаўленьню біялягічнага балянсу. Антрапазофская сельская гаспадарка грунтуецца на прынцыпах біядынамічнай сельскай гаспадаркі. Урадлівасьць глебы і ўмацаваньне натуральнага росту займаюць у ёй цэнтральнае месца. Біядынамічная сельская гаспадарка разглядае фэрму як арганізм з балянсам і характарам. Балянс і ўрадлівасьць захоўваюцца з дапамогай сэлекцыі расьлін і ўзаемадзеяньня флёры і фаўны. Напрыклад, антрапазофская сельская гаспадарка ня ведае монакультур, калі нейкі гатунак гародніны можна расьці пяць-сем гадоў на адным і тым жа ўчастку. Таму на атнрапозоўскіх фэрмах, як правіла, вялікая разнастайнасьць культур. Такім чынам, жыцьцяздольнасьць і ўстойлівасьць расблін павялічваецца, а рызыка хвароб і шкоднікаў памяншаецца.

Антрапазофія кажа, што зь мёртвай матэрыі ня можа атрымацца жывой: зь яе пункту гледжаньня, кожны прадукт утрымлівае, акрамя пажыўных рэчываў, таксама і жыцьцёвую энэргію. Яна прыходзіць з космасу і сілкуе жыцьцёвыя сілы ў чалавеку. Біядынамічная сельская гаспадарка кіруецца натуральнымі працэсамі і сэзонамі росту і пасьпяваньня сельскагаспадарчых культур. Акрамя таго, вялікая ўвага надаецца стану плянэт. Касьмічныя сілы маюць важную ролю ва ўрадлівасьці глебы і расьлін.

Антрапазофія глядзіць на здароўе і харчаваньне інакш, чым традыцыйная мэдыцына і дыеталёгія. Расьліны, жывёлы і людзі ня ёсьць арганізмы, якія застаюцца здаровымі, калі ім проста пастаўляць паліва ў выглядзе пажыўных рэчываў. Спосаб, якім расьліна атрымлівае пажыўныя рэчывы з глебы, у значнай ступені вызначае яе здароўе, і, такім чынам, здароўе чалавека, які спажывае гэту расьліну. Чым большай апрацоўцы падвяргаюцца прадукты харчаваньня, тым больш жыцьцёвай энэргіі яны страчваюць. Таму прыгатаваны і закансэрваваны шпінат утрымлівае менш жыцьцёвых сіл, чым сьвежы. Тое ж самае датычыцца і прадукцыі, вырашчанай у ненатуральным асяродзьдзі. Так, зімовыя цяплічныя клубніцы ўтрымліваюць менш жыватворных сіл, чым клубніцы, вырашчаныя летам на гародзе.

Біядынамічная прадукцыя адпавядае рэглямэнту Эўрапейскага Зьвязу па арганічным земляробстве. Прадукт, паводле эўрапейскага заканадаўства, можа быць пазначаны як «арганічны» толькi у тым выпадку, калі ня менш за 95% яго інгрэдыентаў зьяўляюцца арганічнымі. Біядынамічныя прадукты харчаваньня вырашчаныя без хімічных угнаеньняў і сынтэтычных пэстыцыдаў і, такім чынам, могуць мець пазнаку ЭКА.

Біядынамічная прадукцыя ідзе, аднак, яшчэ далей, чым арганічная па шэрагу кірункаў. Так, у біядынамічнай сельскай гаспадарцы больш высокія стандарты — напрыклад, 80% корму для жывёл павінна паступаць з уласнай сельскай гаспадаркі. Важным адрозьненьнем зьяўляецца максымальная недатыкальнасьць жывёл. Гэта азначае, што каровы захоўваюць свае рогі, а куры — дзюбы. Акрамя таго, у галіне апрацоўкі біядынаміка таксама ідзе за межы ЭКА. Напрыклад, у біядынаміцы не дапускаецца гамагенізацыя малака і ўвогуле кіруе прынцып як мага меншай апрацоўкі прадуктаў харчаваньня. У біядынамічнай прамысловасьці ёсьць свая сыстэма сэртыфікацыі. Сапраўдны біядынамічны прадукт мае пазнаку DEMETER. (Дэмэтра — гэта багіня ўрадлівасьці).

Паводле антрапазофіі, чалавек можа лічыцца здаровым, калі палярныя працэсы знаходзяцца ў раўнавазе. Гэты балянс можа быць адноўлены або падтрыманы пры дапамозе харчаваньня. Асноватворны прынцып харчаваньня па сыстэме антрапазофіі — ужываньне ўсіх частак расьліны ў адным прыёме ежы. Караняплоды (напрыклад, бульба, салера, буракі) падтрымліваюць функцыі верхняга полюса; сьцёблы і лісьце (напрыклад, цыкорый, кроп, пятрушка) падтрымліваюць функцыянаваньне цэнтральнага полюса, а кветкавыя культуры (агуркі, каляровая капуста) спрыяюць здароўю ніжняга полюса. У харчаваньні ня гэтак важныя прапорцыі, колькі захаваньне самога прынцыпу ўжываньня ўсіх трох тыпаў расьлін у адным прыёме ежы. Збожжавыя культуры і семкі ўяўляюць сабой расьліну ў цэлым і таму зьяўляюцца базавым прадуктам у антрапазофіі. Вось некаторыя прынцыпы антрапазофскай дыеты:

• Выкарыстаньне збожжавых культур у якасьці асновы дыеты.

• Выкарыстаньне суцэльных, неапрацаваных, біядынамічных прадуктаў (для захаваньня жыцьцёвых сіл і падтрыманьня гармоніі з прыродай).

• Выкарыстаньне мінімальных мэтадаў кансэрваваньня харчовых прадуктаў, бо кансэрваваньне мяняе структуру прадукту, у выніку чаго губляюцца каштоўныя рэчывы.

• Выкарыстаньне сэзонных і лякальных прадуктаў.

• Што тычыцца спосабу падрыхтоўкі, то выкарыстаньне мікрахвалевай печы не рэкамэндуецца, таму што выпраменьваньне разбурае жыцьцёвыя сілы.

У Галяндыі, дзе я жыву, антрапазофія досыць папулярная. Ёсьць лекары, тэрапэўты і дыетолягі, якія кіруюцца ў сваёй працы прынцыпамі антрапазофіі. Сама я да антрапазофскай сыстэмы харчаваньня стаўлюся нэўтральна. Але адназначна стаўлюся з павагай да імкненьня прыхільнікаў антрапазофіі захаваць прыродныя рэсурсы. Калі ёсьць выбар, я аддаю перавагу біядынамічным прадуктам — яны адназначна смачнейшыя.

***

Самыя галоўныя і цікавыя навіны можна атрымліваць адразу ж, падпісаўшыся на Тэлеграм-канал Радыё Свабода.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG