Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Трамп: прыйшоў час завяршыць расейскае расьсьледаваньне


Дональд Трамп
Дональд Трамп

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп хоча хутчэйшага завяршэньня расьсьледаваньняў умяшаньня Крамля ў амэрыканскі выбарчы працэс, якія праводзяцца камісіямі Кангрэсу і незалежным пракурорам. Пра гэта прэзыдэнт заявіў у панядзелак падчас прэс-канфэрэнцыі.

Паводле прэзыдэнта Трампа, прыйшоў час скончыць расьсьледаваньні, таму што ўсё гэта «надакучыла амэрыканцам». Спэцыяльным пракурорам Робэртам Мюлерам не было выяўлена «аніякіх прыкметаў змовы» паміж людзьмі зь яго перадвыбарчага штабу і расейскімі прадстаўнікамі, падкрэсьлівае прэзыдэнт Трамп.

Адной з задач спэцыяльнага пракурора Робэрта Мюлера зьяўляецца выяўленьне патэнцыйных кантактаў паміж людзьмі з атачэньня Дональда Трампа ў бытнасьць яго кандыдатам у прэзыдэнты і людзьмі, блізкімі да Крамля. Амэрыканскія выведслужбы прыйшлі да высновы, што Крэмль праводзіў кібэрапэрацыі з мэтай умяшаньня ў амэрыканскую перадвыбарчую кампанію. Апанэнты Дональда Трампа падазраюць, што людзі зь яго штабу маглі супрацоўнічаць з Крамлём.

Прэзыдэнт Трамп заявіў, што дэмакраты выкарыстоўваюць расьсьледаваньне расейскіх сувязяў як «апраўданьне» за пройгрыш на прэзыдэнцкіх выбарах 2016 году. «Уся гэтая гісторыя з Расеяй была апраўданьнем паражэньня на выбарах, — падкрэсьліў прэзыдэнт Трамп. — І гэта адзінае тлумачэньне». Дональд Трамп таксама заявіў, што ён не разглядаў магчымасьць адхіленьня Робэрта Мюлера ад пасады спэцыяльнага пракурора.

***

Самыя галоўныя і цікавыя навіны можна атрымліваць адразу ж, падпісаўшыся на Тэлеграм-канал Радыё Свабода.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG