Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Копіі Сафійскага сабору ў Віцебску ня будзе, грамадзкасьць перамагла


Парк пераможцаў у Віцебску
Парк пераможцаў у Віцебску

Роўна год таму ў Віцебску ладзілі пратэсты супраць будаўніцтва тут, у Парку пераможцаў, копіі Сафійскага сабору. І перамаглі: да ідэі збудаваць макет полацкага храма ўзору ХІ стагодзьдзя больш не вяртаюцца ні абласныя ўлады, ні царкоўныя.

Упершыню за шмат гадоў супольнасьць аднадумцаў можа цешыцца перамогай. Прычым не часовай, пакуль будаўніцтва прыпынена, а сапраўднай і канчатковай.

«Парк будзе выкарыстоўвацца паводле свайго прызначэньня», — так адказалі мясцовым жыхарам на іхныя занепакоеныя лісты пра лёс аднаго зь нешматлікіх зялёных куткоў у гістарычным цэнтры Віцебску.

Папулярнае месца для прагулак
Папулярнае месца для прагулак

Летась у кастрычніку за патрабаваньне захаваньня парку ў сваім прызначэньні пратэстоўцаў вінавацілі ў нацыяналізьме і ледзьве не ў сатанізьме. Заявы пра нацыяналізм зыходзілі ад прыхільнікаў ідэі будаўніцтва сабору, якія пачулі ад неабыякавых віцяблян беларускую мову. Не апошнюю ролю адыграла й традыцыйнае месца збору ўдзельнікаў пратэстаў — каля помніка Уладзімеру Караткевічу.

Пратаярэй Міхаіл Мартыновіч дыскутуе з пратэстоўцамі
Пратаярэй Міхаіл Мартыновіч дыскутуе з пратэстоўцамі

Аднойчы на такі стыхійны сход «каля Караткевіча» прыйшоў ужо прызначаны на службу ў будучым саборы праваслаўны сьвятар. Айцец Міхаіл Мартыновіч перахрысьціўся на скульптурную выяву пісьменьніка, чым прывёў прысутных у замяшаньне. І пачаў абяцаць даброты, які зваляцца на віцяблян пасьля зьнішчэньня большай часткі парку: брукаваныя дарожкі да будучага храма, лаўкі, аўтапаркоўка, фантан. І ўсё гэта — замест двухсот дрэваў, асуджаных на сьпілаваньне праектантамі копіі старажытнай полацкай Сафіі.

Выгляд копіі Сафійскага сабору паводле праекту
Выгляд копіі Сафійскага сабору паводле праекту
Макет, які сёлета экспанаваўся ў Полацку(архіўнае фота)
Макет, які сёлета экспанаваўся ў Полацку(архіўнае фота)

Грамадзкае абмеркаваньне праекту стала пачаткам супрацьстаяньня паміж гараджанамі і замоўнікам — Віцебскай эпархіяй Праваслаўнай царквы. Аргумэнтаў супраць будаўніцтва было шмат. Ад «Навошта ў Віцебску прыдуманы сабор, якога тут ніколі не было?» да абурэньня намерам будаваць яго на ахоўнай тэрыторыі гістарычнага цэнтру. Ад «Навошта будаваць новы храм, калі ў крокавай даступнасьці ёсьць яшчэ тры царквы?» да скаргаў на недахоп у горадзе школаў, дзіцячых садкоў і паліклінік. Ад «Навошта зьнішчаць парк, калі можна перанесьці будаўніцтва ў раён новабудоўляў?» да настойлівых спробаў даведацца, за якія грошы будзе весьціся новае будаўніцтва, бо ў Віцебску ўжо ёсьць адзін царкоўны «даўгабуд» — царква Сьвятога архангела Міхаіла каля гіпэрмаркета Green.

Паводле пашпарта аб’екта, будаўнічыя работы распачаліся ў верасьні 2016 году
Паводле пашпарта аб’екта, будаўнічыя работы распачаліся ў верасьні 2016 году

Аўтограф патрыярха Кірыла
Аўтограф патрыярха Кірыла

Што да фінансаваньня, то спачатку віцяблян запэўнівалі, нібыта грошы на Сафійскі сабор у Віцебску дасьць расейскі «Газпром». І што нібыта сам Аляксей Мілер яшчэ ў 2013 годзе выбраў гэтае месца для будаўніцтва, паабяцаўшы выдаткаваць неабходныя сродкі. Ня дзіва, што ў часе пратэстаў супраць зьнішчэньня парку загучалі й лёзунгі супраць экспансіі «русского мира». Тут жа інтэрпрэтаваныя прыхільнікамі будаўніцтва як цемрашальства, «ганеньні праваслаўных» і здрада «адзінай сьвятой Русі».

Тым часам пытаньне пра будаўніцтва сабору бяз згоды гараджанаў ужо перарасло маштабы Віцебску. За разьвіцьцём падзеяў назіралі як беларусы, так і жыхары Расеі. Водгукі на гэтую праблему пэрыядычна зьяўляліся на інтэрнэт-рэсурсах самай рознай, у тым ліку атэістычнай накіраванасьці.

Сабор плянавалі збудаваць ў канцы алеі
Сабор плянавалі збудаваць ў канцы алеі

Пакуль адзін бок канфлікту складаў пэтыцыі і зьбіраў подпісы пад лістамі пратэсту, з другога пагражалі анафэмай, вінавацілі ва ўсіх сьмяротных грахах і заклікалі збудаваць сабор «усім мірам». Бо ўжо высьветлілася, што грошай аніякі «Газпром» ня дасьць, аднак жалезная агароджа ў парку і «пашпарт аб’екта» на ім сьведчылі пра сур’ёзнасьць намераў узьвесьці храм любой цаной.

Будаўнічая агароджа ў парку (архіўнае фота, кастрычнік 2016 году)
Будаўнічая агароджа ў парку (архіўнае фота, кастрычнік 2016 году)

Каля гэтага плоту (традыцыйнае месца каля помніка Караткевічу чамусьці не падыходзіла«) віцебскія чыноўнікі й прызначалі сустрэчы з абураным жыхарамі. Мясцовыя жыхаркі пэнсійнага веку перабівалі выступоўцаў у гальштуках, абяцаючы прыйсьці сюды з унукамі, стаць сьцяной перад брамай і не пусьціць у парк «лесарубаў».

Бярозавая алея ў парку
Бярозавая алея ў парку

Небясьпека рашучых настрояў, шматкроць трансьляваных праз інтэрнэт, і безьліч калектыўных лістоў ва ўсе магчымыя інстанцыі адыгралі сваю ролю. Ніводнае дрэва ў парку не пацярпела. Праўда, з усіх аргумэнтаў супраць будаўніцтва копіі Сафійскага сабора віцебскія ўлады выбралі адзін — самы далёкі ад экалягічных, гістарычных і рэлігійных аспэктаў. Але самы, бадай што, істотны: грошы. Дакладней, іх адсутнасьць.

Гарвыканкам запатрабаваў пацьвердзіць фінансавыя магчымасьці будаўніцтва. І прапанаваў перарабіць праект: перанесьці сабор на 36 мэтраў, каб мінімізаваць зону высечкі дрэў, зьмяніць трасу камунікацыяў, адмовіцца ад аўтастаянкі каля будынка, а таксама зьменшыць плошчу ніжняга храма да памераў верхняга — уласна копіі полацкай Сафіі.

Вуліца Ўрыцкага побач з паркам
Вуліца Ўрыцкага побач з паркам

Ніякага водгуку на прапанову не чуваць дагэтуль. Бо яна не адпавядае плянам замоўнікаў: на падземным паверсе быў запраектаваны вялікі «культурна-дзелавы цэнтар» — заля шматфункцыянальнага прызначэньня з вэстыбюлем і прыбіральнямі для наведнікаў, заля ўрачыстых прыёмаў і абрадаў, гардэробы для сьвятароў, трапэзная з кухняй і шматлікія дапаможныя памяшканьні. Месца ў парку для будаўніцтва новага сабора было прывабным стратэгічна: якраз паблізу, на вуліцы Чэхава, і знаходзіцца віцебская эпархія БПЦ.

Наяўнасьці сродкаў на «аднаўленьне страчанай сьвятыні», як спрабавалі прэзэнтаваць будаўніцтва віцяблянам, замоўнікі не пацьвердзілі. І ініцыятары будаўніцтва копіі Сафійскага сабору ў Віцебску былі вымушаны капітуляваць пад націскам грамадзкасьці.

Парк пажадана хіба толькі крыху добраўпарадкаваць
Парк пажадана хіба толькі крыху добраўпарадкаваць

Зьнікла будаўнічая агароджа, кожнае дрэва падрасло на адно гадавое кольца. Жыхары суседніх дамоў прапанавалі кіраўніцтву гораду зладзіць суботнікі для прыбіраньня парку і спадзяюцца на яго добраўпарадкаваньне.

Зрэшты, нават цяпер, у непрыбраным залацістым лісьці, ён выглядае кранальна і ўрачыста.

Ліпавая алея
Ліпавая алея

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG