Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад Гішпаніі: Пудждэмон паставіў Каталёнію на шлях «найбуйнейшай у гісторыі няпэўнасьці»


Віцэ-прэм’ер-міністар Гішпаніі Сарая Сайнц дэ Сантамарыя

Лідэр Каталёніі «абвяшчэньнем незалежнасьці» ад Гішпаніі паставіў рэгіён на шлях «найбуйнейшай у гісторыі няпэўнасьці», заявіла на скліканым уначы 11 кастрычніка пасяджэньні ўраду віцэ-прэм’ер Сарая Сайнц дэ Сантамарыя.

«Пудждэмон ня ведае, дзе ён, куды ідзе і з кім хоча ісьці», — сказала прадстаўніца ўраду, чарговы раз падкрэсьліўшы, што Мадрыд адхіляе дзеяньні рэгіянальных уладаў, якія, на думку аналітыкаў, зьяўляюцца крытычным момантам у дзесяцігадовым супрацьстаяньні паміж каталёнскімі незалежнікамі і цэнтральнай уладай Гішпаніі.

Акрамя таго, прэзыдэнт Эўрапейскай Рады Дональд Туск заклікаў каталёнскае кіраўніцтва выбраць дыялёг, а не раскол.

Лідэр аўтаномнага рэгіёну Гішпаніі Каталёніі Карлэс Пудждэмон і іншыя палітыкі падпісалі позна ўвечары 10 кастрычніка дэклярацыю аб абвяшчэньні незалежнасьці Каталёніі ад астатняй Гішпаніі. Пры гэтым ажыцьцяўленьне дэклярацыі вырашылі адкласьці да перамоваў з Мадрыдам. Як сказаў прадстаўнік ураду Каталёніі, Пудждэмон «прыпыніў дзеяньне дэклярацыі і заклікаў да дыялёгу».

У Мадрыдзе раней адпрэчвалі саму думку пра дыялёг з Барсэлёнай, адмаўляючы наогул саму ідэю незалежнасьці Каталёніі.

1 кастрычніка ў Каталёніі, насуперак супраціву Мадрыду, адбыўся рэфэрэндум аб незалежнасьці ад Гішпаніі. «За» прагаласавалі больш за 90 адсоткаў удзельнiкаў рэфэрэндуму пры яўцы менш за 43%, заявілі ўлады рэгіёну.

XS
SM
MD
LG