Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маёр Пуцін трапіў паляку на пяро


Сяргей Астраўцоў
Сяргей Астраўцоў

Сёньня ў Дрэздэне існуе «пуцінская» экскурсія за 90 эўра: дзе жыў, дзе служыў, дзе піў піва. Гэта незвычайна: чалавек «цьвіце і пахне», а па ягоных сьлядах турыстаў водзяць. Праўда, пішуць, што ахвотных няшмат. Што, быццам бы, не заробіш.

Але, так ці інакш, паасобным цікаўным хочацца туды, дзе звонку зусім непрыкметны чалавек пачаў рабіць сваю неверагодную кар’еру. І выяўляецца, што жыў у раёне Радэбэргер, на вуліцы з такой жа назвай і любіў, што не сакрэт, піва «Радэбэргер». І піўная ў горадзе, куды любіў пасьля службы на куфаль зазірнуць, таксама месца агульнавядомае. Ёсьць здымкі ў інтэрнэце: Пуцін ў 2006 годзе там зноў п’е піва. Словам, для чалавека мясьціны неабыякавыя, нават праз гады.

У паўночна-ўсходняй Польшчы жыве пісьменьнік Анджэй Касьперэк, аўтар адной кнігі прозы. «Back in the DDR i inne opowiadania». На вокладцы водгук Паўла Хюле, вядомага гданьскага празаіка. Водгук пахвальны. Проза нібы някідкая, але аўтар пакінуў цікавыя адбіткі часу ПНР. Як жылі ў правінцыі пры Герэку, ці як было ў часы «Салідарнасьці» пры Ярузэльскім.

Вокладка кнігі «Back in the DDR i inne opowiadania», у якой аднойчы паяўляецца маёр Пуцін
Вокладка кнігі «Back in the DDR i inne opowiadania», у якой аднойчы паяўляецца маёр Пуцін

А як Пуцін трапіў пад вокладку? Зараз раскажу. Польскім студэнтам шанцуе: яны ў будатрадзе за мяжой, у Магдэбургу. Ім плацяць маркамі і зусім нядрэнна, можна па гаштэтах. Аднойчы выберуцца на экскурсію ў Дрэздэн. У будатрадзе яны вырашаць зрабіць расейскую вечарыну. Але спачатку наведаюцца ў «гаштэт» для савецкіх вайскоўцаў. Першае ўражаньне: «Цяжка было не паверыць, што сацыялізм (а камунізм пагатоў) — гэта лад сацыяльнай справядлівасьці — дастаткова было паназіраць за буфэтчыцай. Спачатку яна налівала гарэлку ў мэнзурку, дакладна, згодна з рыскамі, затым пералівала ў кілішак, а затым яшчэ ставіла на вагу — урэшце сто грамаў — гэта сто грамаў. Ніхто салдата не падмане». Гэта, канечне, нацяжка: налівалі афіцэрам, прапаршчыкам ды астатнім, не салдатам.

Да століка палякаў падсеў цывільны службовец з вайсковага гарадка, беларус Коля зь Ліды. Размаўлялі на польска-беларуска-расейскай трасянцы. Пасьля гарэлкі з партвэйнам размова стала даволі нецэнзурнай і з палітычным прысмакам. «Сярод салдат кружляў кадэбіст, Коля нам на яго паказаў, але цяжка было б самому не даўмецца — шчуплы, невысокі, прылізаны бляндынчык. Пару разоў нахіліўся над нашым столікам, напамінаў Кольку, што трэба зьмяніць тэму». Ясна, моладзі гэта не спадабалася, і адзін з палякаў пачаў выгукаць куплеты, якія тады траплялі пад назву «антысавецкія».

«Кадэбіст падскочыў да нас. Колька крыкнуў «Беражыся!» Потым былі ўцёкі, пагоня.

Кіраваў, ясна, кадэбіст. Паявіліся патрулі. Палякі сталі крычаць па-нямецку «Рускія фашысты», вокны ў дамах пачалі адчыняцца… І калі праз гады аўтар убачыў на здымках худы твар расейскага прэзыдэнта, яму прыпомніўся той бляндынчык… Вось толькі ён піша «бляндынчык з Магдэбургу». А Пуцін служыў у Дрэздэне.

Дык было сапраўды ці проста прыдумаў? Якая, зрэшты, розьніца? У Дрэздэне, піша ён, была танкавая дывізія. І ў Магдэбургу была. І, ня будзем сумнявацца, такі ж самы Пуцін таксама. З той розьніцай, што прэзыдэнтам ня стаў. Ня ўсім жа маёрам былым ды ў прэзыдэнты.

Што да польскага пісьменьніка, у яго пераканаўча атрымліваецца тое, што датычыць гарэлкі ды вайскоўцаў. Напрыклад, у апавяданьні пра вайсковую катэдру, на якой займаліся студэнты (як і ў нас). У іх быў дрэнны маёр Карытэк і добры палкоўнік Тамрож, які «зь віленскім засьпевам» апавядаў пра баявы шлях ад Леніна да Бэрліна. Ён прынамсі ваяваў і меў купу анэкдотаў пра Ракасоўскага. Быў пачцівы і ніколі не праклінаў. Іншыя афіцэры любілі салдацкія жарты. Адзін аўтар прыводзіць, але я не рашаюся яго тут працытаваць. Што праўда, жарт сапраўды сьмешны.

«У Народнай Польшчы гарэлка была эрзацам жыцьця»… «Быў пачатак карнавалу часоў «Салідарнасьці». Местачковы рэстаран «Нэптун». Гарачае лета. Цёплая гарэлка была агіднай. Раптам пад’ехаў зелянковы аўтобус з савецкімі матросамі. Яны вярталіся з музэю ў былым канцлягеры Штутгоф (дзе сядзеў у свой час, між іншым, будучы гарадзенскі пісьменьнік Аляксей Карпюк). Убачанае зрабіла на іх уражаньне. Кельнэрка пачала наліваць па сто грамаў і піва ў куфлі. Усім хацелася кульнуць. Але чакалі каманды камандзіра. Мясцовыя з павагай назіралі: дысцыпліна!

Камандзір узьняў шклянку і доўга моўчкі прыглядаўся. Матросы засяроджана чакалі. Нарэшце ён надумаў. Узяў левай куфаль, прагна выпіў палову і выліў у яго дзьве трэці гарэлкі. Матросы як па камандзе зрабілі тое самае. І сталі чакаць тост зноў. Нарэшце камандзір выдыхнуў: «За памяць». Усе выжлукцілі свой «ёрш», абцёрлі вусны даланёй. З надзеяй сталі чакаць, каб камандзір паўтарыў замову.

Павагаўшыся, той выняў канвэрт з грашыма. Пералічыў. Штось шапнуў на вуха польскаму афіцэру, што быў зь імі. Каб замовіў. Затым яны паўтарылі. Устаць! Сьмірна! У аўтобус!

Яны зьніклі, пакінуўшы пах «Беламор-каналу». За дваццаць хвілін уражаныя былым канцлягерам матросы выпілі па чатыры стограмоўкі і па два куфлі, падсумоўвае аўтар. На закуску ў цяжкія часы камунізму грошай ужо не было, дадае аўтар. Адзін з наведнікаў з павагай падкрэсьліў: «Настаяшчыя рускія людзі. Ня гнуцца, ня ломяцца».

На дзень нараджэньня Пуціна паявіліся ролікі: ён з паплечнікамі чокаюцца, выпіваюць. Цэлы рытуал. Адчуваецца, бадай, школа Савецкай арміі. Анджэй Касьперэк вельмі праўдзіва яго адлюстраваў. Я быццам сам убачыў. Пагатоў штось падобнае калісьці ў мяне было. Мы на першай «бульбе», стаім перад вясковай крамай. Зухава падрульвае вайсковы грузавік. Вывальвае цэлая хеўра моцна пад шафэ. Матросы на чале з прапаршчыкам (як вядома, у Быхаве была база марской авіяцыі Балтыйскага флёту). І штось крытычна паміж сабой зь іхняй нагоды. Прапаршчык, ці няхай мічман, падлятае: «Я сейчас крикну «фас!» и они разорвут вас в клочья!»

Ваякі вярталіся з нарыхтоўкі бульбы, заехалі дабавіць, была нядзеля.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG