Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь перастане прадаваць Расеі абавязковы 1 мільён тон нафтапрадуктаў. Што гэта дасьць?


Беларусь больш ня будзе мець абавязку прадаваць цягам каляндарнага году 1 мільён тон нафтапрадуктаў (бэнзін, газу, мазут і г.д.) з расейскай нафты ў Расею.

Гэта стане магчымым пасьля таго, як сёньня Палата прадстаўнікоў Беларусі ратыфікуе пратакол аб унясеньні зьменаў у дамову паміж урадамі Беларусі і Расеі пра ўрэгуляваньне гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва.

Як паведаміў журналістам перад пачаткам восеньскай сэсіі Палаты прадстаўнікоў намесьнік старшыні камісіі ў пытаньнях прамысловасьці, паліўна-энэргетычнага комплексу, транспарту і сувязі Пётра Салаўёў, раней продаж 1 мільёна тон нафтапрадуктаў быў для нашай краіны абавязковым.

«Цяпер, калі гэтая норма здымаецца, мы зможам прадаваць гэтыя нафтапрадукты на заходнія рынкі. Паводле прыблізных разьлікаў, гэта дасьць Беларусі дадатковы прыбытак звыш 80 млн даляраў. Акрамя таго, гэтае пагадненьне гарантуе, што цягам 1 году Беларусь будзе атрымліваць з Расейскай Фэдэрацыі 24 мільёны тон сырой нафты, зь якіх 23 мільёны па трубаправодзе і 1 мільён — чыгункай. Гэта гарантуе поўную загрузку абодвух беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў», — падкрэсьліў Пётра Салаўёў.

2 кастрычніка пасьля летніх канікул распачалася чарговая сэсія Палаты прадстаўнікоў. Адкрываючы яе, старшыня Палаты Ўладзімер Андрэйчанка сказаў, што галоўным падчас гэтай сэсіі будзе прыняцьце бюджэту і шэрагу дакумэнтаў, якія суправаджаюць прыняцьце галоўнага фінансавага дакумэнту. На адкрыцьці сэсіі прысутнічае прэм’ер-міністар Беларусі Андрэй Кабякоў.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG