Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзіўнае пытаньне. Хай там самі разьбіраюцца. І тым не менш пытаньне не такое дурное, як здаецца на першы погляд.

Зусім нядаўна падобны рэфэрэндум адбыўся ў іракскім Курдыстане. Яго вынікі не прызнаў ня толькі Багдад, але і, напрыклад, ЗША. А Ізраіль — прызнаў і ўсяляк вітаў.

Ці вынікае з гэтага, што амэрыканцы не паважаюць права нацыяў на самавызначэньне, як прынцып? Як прынцып — паважаюць. Самі ж калісьці паўсталі супраць мэтраполіі, зразумела, парушыўшы законы дзяржавы, часткай якога былі.

Але на прынцып самавызначэньня ёсьць прынцып тэрытарыяльнай цэласнасьці і вяршэнства закону. І ў той жа амэрыканскай гісторыі, калі паўднёвыя штаты паспрабавалі скарыстацца правам на самавызначэньне, адказам цэнтральнага ўраду сталі гарматы генэралаў Гранта і Шэрмана.

Так што прынцыпы прынцыпамі, а на практыцы стаўленьне да тых ці іншых «геаграфічных навінаў» у далёкім замежжы будуецца ў адпаведнасьці з уласнымі нацыянальнымі інтарэсамі.

Ці маюць курды і каталёнцы абстрактнае права стварыць сваю дзяржаву? У нейкім сэнсе так. Але на іх права ёсьць права Багдаду і Мадрыду забясьпечваць адзінства сваіх краінаў, строга кажучы, нават і абавязак. Тамтэйшыя законы і канстытуцыі не прадугледжваюць падзелу гэтых краінаў па волі каго б там ні было.

Так што праблема, як правіла, вырашаецца наогул па-за прававым полі, а ў палітычнай плашчыні — у кампрамісе або сутыкненьні. Тут няма ўнівэрсальнага рашэньня.

Гішпанія ад Беларусі няблізка. Аднак Эўразьвяз — на мяжы. А Гішпанія — частка ЭЗ. І таму ўзрушэньні на іншым канцы Эўропы не зусім ужо ніяк не тычацца Беларусі. Ускосна — тычацца.

Ужо Брэксіт стаў сапраўдным геапалітычным землятрусам, моцна зьмяніўшы аблічча адзінай Эўропы. Хоць бы ў тым, што ўплыў ЭЗ як палітычнага субʼекту стаў меншым, што цікавасьць ЭЗ да ўсяго, што адбываецца за яе ўсходняй мяжой, істотна зьнізілася. І не па прычыне нейкага сьвядомага выбару — проста не да таго, не да іх (у сэнсе не да нас).

Ну а тут яшчэ і Каталёнія на падыходзе. Якая не адзіны патэнцыйна сэпаратысцкі рэгіён Эўропы. Адзінства Бэльгіі і Італіі, напрыклад, таксама зусім не гарантаванае, шмат чаго ў Эўропе можа пасыпацца па прынцыпе даміно пасьля незалежнасьці Каталёніі.

Дарэчы, каталёнскі этнас жыве ня толькі ў Гішпаніі, але і ў Францыі. А чаму б і не, чаму незалежная дзяржава каталёнцаў павінныя быць толькі ў межах правінцыі цяперашняй Гішпаніі? Гэтага не дазваляе закон? Які закон? Калі можна пераадолець гішпанскі закон дзеля самавызначэньня, чаму трэба браць пад увагу якія-небудзь іншыя законы?

Курдзкі рэфэрэндум, дарэчы, выклікаў асуджэньне многіх краінаў, у тым ліку і ЗША, як раз не толькі таму, што яны асьцерагаюцца падзелу Іраку, але і таму, што незалежнасьць ірацкага Курдыстану можа спарадзіць адпаведныя настроі і дзеяньні і ў турэцкім Курдыстане. Нямала курдаў жыве і ў Іране, і ў Сірыі, дзе ідзе грамадзянская вайна і кіруе аўтамат. А чаму б і ім не самавызначыцца ўсьлед за іх братамі ў ірацкім Курдыстане? У што тады ператворыцца Блізкі Ўсход?

Абстрактны прынцып самавызначэньня бездакорны. Аднак ці вышэй ён гэтых зусім практычных наступстваў? Для кагосьці, напрыклад, для саміх курдаў, магчыма, і так. Для іншых — наўрад ці.

Такімі суровымі наступствы незалежнасьці Каталёніі, хутчэй за ўсё, не будуць. Хоць загадзя не скажаш. Вось пасьля абвяшчэньня рэфэрэндуму аб незалежнасьці Каталёніі 1 кастрычніка некаторыя меркавалі, што Мадрыд будзе мэлянхалічна назіраць за гэтым сьвятам самавызначэньня. Ну гэта ж Эўропа ХХІ стагодзьдзя - гаварылася тады. Аднак аказалася інакш: арышты палітыкаў, блякаваньне сайтаў, увод у Каталёнію верных Мадрыду паліцэйскіх (пакуль не армейскіх) сілаў, зьнішчэньне бюлетэняў, блякаваньне выбарчых участкаў — такім стаў адказ цэнтральнага ўраду. «Антытэрарыстычная апэрацыя»-лайт. Пакуль лайт.

Што такое Эўропа ХХІ стагодзьдзя — стане ясна ў ХХІІ. У мінулых стагоддзях, уключаючы і ХХ, вырашэньне падобных канфліктаў у Эўропе рэдка было ідылічным.

Дарэчы, цікава адзначыць, што лідэры ЭЗ, канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель і прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон, выказалі падчас крызісу падтрымку Мадрыду ў той ці іншай форме.

Ну не тое каб ухвалілі ўсе дзеяньні гішпанскіх уладаў, так прама «Каталёнія — гэта Гішпанія» не казалі. Але пра інтарэсы «усёй Гішпаніі» Макрон, напрыклад, казаў. У любым выпадку гэта зусім не «Свабоду Каталёніі».

А як жа сьвяты прынцып самавызначэньня, гэта ж Эўразьвяз — прыклад і настаўнік высокай маралі ў палітыцы? Ну неяк так. Краіны, якія ўваходзяць у ЭЗ, можа нават спачуваюць каталёнцам, прыгадваюць уласную гісторыю, але сваім уласным інтарэсам і інтарэсам саюзу яны спачуваюць больш, чым каталёнцам.

Падобным жа чынам, так уяўляецца, варта глядзець на сытуацыю і Беларусі, і беларусам. Можа быць, усё там вырашыцца шчасьліва, мірна разьвядуцца, як у свой час Чэхія і Славаччына, і будуць і далей квітнець пад шатамі ЭЗ.

Але ёсьць небеспадстаўныя асьцярогі, што зусім ужо мірна можа і не атрымаецца. А нават калі і атрымаецца, то няма гарантыяў, што нават пры самым спрыяльным сцэнары здабыцьця Каталёніяй незалежнасьці «парад сувэрэнітэтаў» не пойдзе далей па Эўропе. І тым больш няма ніякіх гарантыяў, што ЭЗ у выніку гэтых навацыяў не стане слабей і палітычна, і маральна.

Уяўляецца, што аслабленьне Эўропы — зусім не ў інтарэсах Рэспублікі Беларусь. І не толькі тых беларусаў, якія за «Беларусь — у Эўропу», але і тых, якіх большасьць, для каго Эўропа — гэта і партнэр, і ў нейкім сэнсе прыклад, а ў нейкім — і супрацьвага ўплыву розных іншых, хоць і вельмі паважаных, але неэўрапейскіх цэнтраў сілы.

Магчыма, у гэтых самых цэнтраў іншае бачаньне сытуацыі, іншыя ацэнкі наступстваў каталёнскай незалежнасьці. Інфармацыя пра тое, што Масква спакваля падтрымлівае каталёнскі сэпаратызм, не выглядае цалкам дакладнай. Аднак гэта цалкам можна дапусьціць. У Расеі — свае мэты, сваё разуменьне ўласных нацыянальных інтарэсаў. Асаблівай бяда ў аслабленьні ЭЗ яна, магчыма, і не бачыць. Але ўяўляецца, што калі гэта так, то інтарэсы Масквы і Мінску ў гэтым пытаньні не супадаюць.

Так што каталёнцам можна паспачуваць. Складана звонку адчуць, наколькі цяжкі для іх прыгнёт Мадрыду, цяжка ацаніць, якое шчасьце прынесла б ім (або прынясе ім) незалежнасьць. Напэўна, субʼектыўна цяжкі, напэўна, многія і праўда спадзяюцца, што незалежнасьць прынясе ім шчасьце. Інакш і не было б канфлікту.

Аднак ці карысна гэта Беларусі, ці прынясе шчасьце і ёй незалежнасьць Каталёніі і яе наступства — хутчэй за ўсё не.

Беларусь, уласна кажучы, у дадзеным выпадку ніхто асабліва і не пытае. Нямеччыну і Францыю вось спыталі, дык яны і адказалі. І ўяўляецца, што мудрым адказам Беларусь, хай і для самой сабе, быў бы такі ж адказ.

Перадрук з парталу TUT.BY

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG