Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы хацелі будаваць сям’ю», — дзяўчына, дзеля якой выкрадзены ўкраінец прыехаў у Беларусь


Паўло Грыб

Тацяна —11-клясьніца з Адлерскай школы. Кажа, што ад 8 клясы адчула цікаўнасьць да сваіх украінскіх каранёў, самастойна вывучыла мову. Пасьля падзеяў на Майдане, у Крыме, пачала шмат чытаць пра ўкраінскую гісторыю, нацыянальную самасьвядомасьць. З Паўлом Грыбам пазнаёмілася праз сацыяльныя сеткі, іх інтарэсы супалі.

У канцы жніўня 19-гадовы ўкраінец Паўло Грыб прыехаў у Гомлю на спатканьне зь дзяўчынай з Сочы Тацянай, зь якой пазнаёміўся празь перапіску. Пасьля сустрэчы Паўло зьнік, а праз два тыдні знайшоўся у Краснадарскім СІЗА, дзе на яго завялі крымінальную справу паводле абвінавачаньня ў тэрарызьме. Карэспандэнт «Новой газеты» Павел Каныгін паразмаўляў з Тацянай, якая распавяла пра сябе і дачыненьні з Паўлом

Маці павяла з-за праўкраінскіх настрояў да псыхоляга. Той крычаў: «Ты ненармальная!»

Тацяна —11-клясьніца з Адлерскай школы, зь няпоўнай сям’і. Кажа, што ад 8 клясы адчула цікаўнасьць да сваіх украінскіх каранёў, самастойна вывучыла мову. Пасьля падзеяў на Майдане, у Крыме, пачала шмат чытаць пра ўкраінскую гісторыю, нацыянальную самасьвядомасьць. Са студэнтам Кіева-Магілянскай акадэміі Паўлом пазнаёмілася ў студзені 2017 праз сацыяльныя сеткі, іх інтарэсы супалі: абменьваліся відэа, спасылкамі на гістарычныя кнігі, публіцыстыку.

Маці, паводле Тацяны, канфліктавала з дачкой з-за яе захапленьняў і нават запісала на сэансы да псыхоляга. Падчас аднаго з сэансаў адлерскі доктар, як кажа Тацяна, сарваўся і назваў яе „разумова адсталай“ і „ненармальнай“. «Пасьля кожнага сэансу мне было вельмі кепска», — расказвае Тацяна.

«Барацьба за незалежную Ўкраіну была для нас самай важнай справай»

Тацяна распавяла Паўлу пра невыносную атмасфэру дома, ён прапанаваў ёй пераехаць да яго ва Ўкраіну. На лета пара зьбіралася ва ўкраінскі лягер па падрыхтоўцы байцоў самаабароны, а потым у Данбас. «Ідэя была — пачаць змагацца за нашы погляды, а потым ужо будаваць жыцьцё неяк, сям’ю, — кажа Тацяна. — Але барацьба за незалежную Ўкраіну была для нас самай важнай справай».

Бацька Паўла: «Мне трэба было ўсур’ёз гэта ўспрымаць?»

Бацька Паўла Ігар Грыб згадвае, што сын расказваў яму пра дзяўчыну.

— Казаў, што яна хоча пераехаць ва Ўкраіну. Ну добра, сяброўства ў іх, юнацкі рамантызм, сьветлыя пачуцьці. Ну малайчына, што з дзяўчынай там дзесьці размаўляе, ня з хлопчыкам жа размаўляе, а з дзяўчынкай — ну і дзякуй богу! Расіянка, патрыётка Ўкраіны? І дзякуй богу! Гэта добра. Але пераехаць і жыць разам? Што, усур’ёз мне [трэба было] ўспрымаць гэта? Яны ж яшчэ дзеці, ну!

Зьдзелка: сустрэча з Паўлом у абмен на замежны пашпарт

У чэрвені Тацяна здала іспыты і пачала рыхтавацца да пераезду. Пайшла афармляць замежны пашпарт, а празь некалькі дзён да іх у дом прыйшлі супрацоўнікі спэцслужбаў. Дэталі яна расказаць ня можа з-за падпіскі, але кажа, што ёй прапанавалі ўгоду: яна павінна прыехаць да Паўла на асабістую сустрэчу, задаць некалькі пытаньняў пра пляны на будучыню, а ў адказ ёй абяцалі выдаць замежны пашпарт, зь якім яна змагла б выехаць з Расеі.

«Ён вырашыў, што павінна быць сустрэча, інакш мы ніколі не сустрэнемся»

Тацяна пагадзілася, але пра ўсё распавяла Паўлу.

— Мы абмяркоўвалі, як паступіць. Я гатовая была рабіць так, як ён скажа. У выніку ён вырашыў, што павінна быць сустрэча, інакш мы ніколі не сустрэнемся. І мы думалі, што калі яны абяцалі [выдаць замежны пашпарт], то так і зробяць.

Пашпарт дзяўчыне потым так і ня выдалі.

«Сустрэча была вельмі кароткай»

Сустрэцца вырашылі ў Беларусі, паколькі ва Ўкраіну без замежнага пашпарту Тацяна ўехаць не магла, а Паўло не наважваўся ехаць у Расею. Паводле Тацяны, пералёт з Сочы ў Менск аплаціла яе маці, вымушана ўцягнутая ў гэтую сытуацыю. Але зваротны квіток быў на той жа дзень. Паездку зь менскага аэрапорту ў Гомлю на таксоўцы аплаціла таксама яна — гэта 600 км у абодва бакі.

Пытаньні Паўлу падчас сустрэчы задавала маці Тацяны: яе цікавілі ягоныя далейшыя пляны. «Сустрэча была вельмі кароткай», — кажа дзяўчына.

Пасьля сустрэчы Паўло пайшоў на аўтавакзал, па дарозе яго схапілі невядомыя людзі ў цывільным і вывезьлі на мікрааўтобусе ў лес, дзе перадалі іншым цывільным асобам. На новай машыне Паўла прывезьлі ў аддзяленьне паліцыі Смаленскай вобласьці, адтуль у Краснадар.

«Тое, што вы даведаецеся пра Грыба, вам, лібэралам, наўрад ці спадабаецца»

Адвакат Паўла Андрэй Сабінін, якога наняла сям’я, не дае камэнтароў і выдаліў з Фэйсбуку ўсе пасты, дзе ўзгадваецца Грыб. Адначасова крыніца «Новай» ў сілавым блёку Краснадарскага краю паведаміла, што некаторыя матэрыялы са справы Грыба неўзабаве могуць быць абвешчаныя. «Гэта тычыцца злачынных намераў, у якіх яго падазраюць. Тое, што вы даведаецеся пра [Паўла Грыба], вам, лібэралам, наўрад ці спадабаецца», — сказала крыніца.

«Я нязгодная з абвінавачваньнямі, што здала Паўла»

Сям’я Паўла — бацька і сястра Вольга, якая жыве ў Польшчы — лічаць дзяўчыну агентам ФСБ. «Я ня згодная з абвінавачваньнямі [у тым, што здала Паўла]. Мы кахаем адзін аднаго і хацелі быць разам. Паша не рабіў нічога злачыннага: кідаў спасылкі, жартаваў, мы проста размаўлялі... Маральна адчуваю сябе жудасна, ня спраўляюся», — кажа Тацяна.

Цалкам матэрыял можна прачытаць тут.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG