Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Я ня надта вялікі аматар жаночага гульнявога спорту, усё ж хуткасьці, сіла, спрытнасьць на парадак меншыя, чым у мужчынскім выкананьні, але ёсьць адна катэгорыя, якая не падыходзіць і не ацэньваецца фізычнымі парамэтрамі.

Гэта эмоцыі, псыхалёгія супрацьстаяньня, інакш кажучы нэрвы, і вось тут ня мае розьніцы, хто гуляе: мужчыны, жанчыны, дзеці, вэтэраны, бо барацьба тых самых нэрваў папросту заварожвае й зацягвае тваю ўвагу ў свой вір.

Чэмпіянат Эўропы па валейболе, што адбываецца ў Грузіі ды Азэрбайджане, прымусіў не адрывацца ад жывых трансьляцый гульняў беларускай каманды. І на групавым этапе, дзе наша каманда не была сярод фаварытаў, супраць больш рэйтынгавай каманды Харватыі, і ў 1/8 фіналу супраць зборнай Чэхіі нашы дзяўчаты выходзілі пераможцамі, можна сказаць стоячы на краі паразы, зь ліку 0 – 2, перамагаючы, як той казаў, на жылах, у трох наступных партыях запар.

Глядзець, як у самы напружаны момант здаюць нэрвы ў дасьведчанага суперніка, як ён ламаецца не фізычна, але духова пад жалезным характарам беларусак, дарагога варта.

Ня шмат было нашых мужчынскіх камандаў, якія б стала паказвалі такую псыхалягічную ўстойлівасьць.

Я ня ведаю, але мне здаецца, што духу, трываньня й нейкай зацятасьці ў дасягненьні сваёй мэты на сёньня ў беларускіх жанчын болей, чым у супрацьлеглага полу. І не адно ў спорце.

Чаму так склалася? Відаць таму, што адказнасьць за сям'ю, за дзяцей у наш час збольшага кладзецца на жанчыну. А ячэйка грамадзтва асноўны складнік фармаваньня асобы.

Нават пры разводах дзяцей у пераважнай колькасьці выпадкаў пакідаюць з жанчынай, а гэта паказчык, гэта іншая мерка адказнасьці, якая фармуе сыстэму пасьпяховай дзейнасьці ў неспрыяльных абставінах, калі трэба не адно выжыць, але й перамагчы. Так што ў беларускіх жанчын назапашаны і досьвед, і мэханізм уласнае рэалізацыі. Спорт гэта толькі візуальна фіксуе.

Беларускія валейбалісткі выйшлі ў ТОП 8 чэмпіянату Эўропы. У валейболе канкурэнцыя нашмат большая, чым, скажам, у хакеі, таму што ў валейбол гуляюць усе.

У адной толькі Эўропе 56 чальцоў валейбольнай фэдэрацыі (у сьвеце 221), у той час як у хакеі паўнапраўных 54 чальцы на ўсю плянэту. Толькі вось грошай на разьвіцьцё беларускі валейбол, у адрозьненьне ад хакея, можна сказаць, не атрымлівае ўвогуле. Даходзіла да таго, што на эўрапейскія спаборніцтвы з-за адсутнасьці фінансаваньня часам не пасылаліся юнацкія каманды.

Але не валейболам адзіным.

Уваходзіць у кагорту наймацнейшых ня толькі каманда валейбалістак, жаночая баскетбольная каманда ня так даўно брала мэдалі чэмпіянату Эўропы, тэнісісткі выйшлі ў фінал(!) Кубка Канфэдэрацый, галоўнага тэніснага турніру, дзе будуць гуляць з камандай ЗША.

Заўважу, што гэта камандныя віды, дзе чалавек адказвае не адно за сябе, але ўваходзіць у сыстэмнае ўзаемадзеяньне зь іншымі гульцамі каманды, працуючы й адказваючы за агульны вынік, і гэтае ўзаемадзеяньне ў беларускіх жаночых камандах трымаецца на міжнародным узроўні.

Думаецца, што роля жанчын у нашай краіне сасьпявае да таго, каб сур'ёзна заявіць пра сябе ня толькі ў спорце, але і ў іншых галінах канкурэнтнай дзейнасьці, такіх, як, прыкладам, палітыка, бо амаль усе палітычныя мужчынскія каманды ніяк ня могуць выбрацца ў ТОП і пры добрым фінансаваньні, і пры нядобрым.

Пэўна ўся справа ў нэрвах.

Пры наяўнасьці такога патэнцыялу й энэргіі, якія маюць сёньня беларускія жанчыны, мусіць сасьпець сур'ёзны жаночы палітычны праект. Не плякатны арт, які сымбалізуюць сабой фэміністкі з «Femen», але грунтоўны канкурэнтаздольны праект.

На мінулых выбарах мы мелі намёк на яго ў асобе Тані Караткевіч. Па-праўдзе, ня надта ўдалы, выдатнай форме бракавала самастойнасьці.

Але не было б тое, было б што другое. Спадзяюся, што ўлічваючы той досьвед, з Таняй ці з кім іншым, будзе працяг, і ня проста працяг, а працяг пасьпяховы, бо ў беларускіх жанчын жалезныя нэрвы не адно ў валейболе.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

XS
SM
MD
LG