Лінкі ўнівэрсальнага доступу

5 апазыцыянэраў, якіх арыштоўвалі, замест таго каб лячыць


Ілюстрацыйнае фота

1. Леанід Кулакоў. «Я заяц, еду ў турму»

27 верасьня актывіста дэмакратычнага руху Леаніда Кулакова зьмясьцілі ў ізалятар на Акрэсьціна на 10 сутак — адбываць прызначаны судом адміністрацыйны арышт за ўдзел у пікеце 22 чэрвеня.

Леанід Кулакоў
Леанід Кулакоў

«Папярэдзіў участковы, каб сабраўся ісьці на суткі. Яшчэ пазаўчора павінны былі забраць, але цягам двух дзён нешта ў іх не складвалася, машыны не было, дык адклалі на сёньня, сказалі, каб сам дабіраўся. Бяру з сабой кіёк, я безь яго хадзіць не магу, але ў камэру яго браць не дазволяць, толькі на шпацыры. Буду ў камэры, як дома, перасоўвацца, трымаючыся за сьцяну», — сказаў Леанід Кулакоў за гадзіну да арышту.

Да ізалятару на Акрэсьціна актывіст даехаў на грамадзкім транспарце, але плаціць за праезд адмовіўся. «Трымаў у руках аркуш з надпісам: „Я заяц, еду ў турму“. Людзі, хто бачыў, усьміхаліся», — распавёў Кулакоў.

Што ў Леаніда Кулакова з нагой?

На пачатку красавіка актывіст атрымаў траўму калена ў ізалятары на Акрэсьціна, калі адбываў там арышт за Дзень Волі.

«У маёй камэры быў двух’ярусны мэталічны ложак, і мяне якраз зьмясьцілі на верхні ярус. Ростам я невялікі, а такой палічкі для нагі, як у вагоне, там няма, забрацца на другі паверх мне вельмі цяжка. Лез і выцяўся аб рог каленам. Пачало балець спачатку трохі, потым усё горш. Апошнія два месяцы ледзь хаджу, нават з кійком. Што кажуць лекары? Ды хто што. Адзін — што патрэбна апэрацыя, другі — што само пройдзе, толькі трэба ляжаць і прымаць лекі. Але мне ўсё горш. Што да міліцыянтаў, дык ім няма справы. Далі загад пасадзіць, дык пасадзяць», — кажа Леанід Кулакоў.

Чаму пагадзіўся сам паехаць на Акрэсьціна, Кулакоў патлумачыў гэтак: «Надакучыла сядзець і чакаць, пакуль пасадзяць. Раней сяду — раней выйду і займуся лячэньнем. Калі сяду сёньня, дык у будучую нядзелю вызваляць. Рэчы я сабраў, падрыхтаваўся. Хоць мне ўсё ж лепей было б спачатку ў шпіталь», — прызнаў актывіст. Пры гэтым Леанід Кулакоў не выключае, што тэрмін у 10 сутак яму могуць павялічыць, дадаўшы пакараньне за акцыю 8 верасьня, у якой ён таксама браў удзел.

«Кульгаючы, прайшоў за калёнай ад Кастрычніцкай да плошчы Перамогі», — згадаў пра 8 верасьня Леанід Кулакоў.

«Зь міліцыі даслалі пратакол, у якім напісана, што я „рухаўся ў групе грамадзян без дазволу Менгарвыканкаму“. Могуць, як іншых, засудзіць завочна», — мяркуе актывіст.

А каго яшчэ саджалі за краты, замест таго каб адправіць спачатку ў лякарню?

2. Уладзімер Някляеў. «Білі ботамі ў жывот, каб было больш балюча»

19 сьнежня 2010 году, у дзень прэзыдэнцкіх выбараў, кандыдата на прэзыдэнта Ўладзімера Някляева каля офісу грамадзкай кампаніі «Гавары праўду» моцна зьбілі спэцназаўцы ў чорных масках.

Уладзімер Някляеў
Уладзімер Някляеў

«Білі па твары і хрыбетніку, у тым ліку нагамі», — згадваў палітык. Спачатку Някляева даставілі ў шпіталь хуткай дапамогі, але адтуль проста з ложка забралі ў ізалятар КДБ — «амэрыканку», дзе трымалі каля двух месяцаў. Падчас суду судзьдзя дазволіла Ўладзімеру Някляеву падымацца, бо з прычыны боляў у хрыбетніку ён ня мог доўга сядзець. Паводле Ўладзімера Някляева, наступствы таго зьбіваньня ён адчувае дагэтуль.

3. Андрэй Саньнікаў. «Ляжаў зьбіты на падлозе»

У той жа дзень, 19 сьнежня 2010 году, пры затрыманьні на плошчы Незалежнасьці быў зьбіты кандыдат на прэзыдэнта Андрэй Саньнікаў.

Андрэй Саньнікаў
Андрэй Саньнікаў

​«Нас выцягвалі з машыны і білі. Мужу ледзь не зламалі нагу», — згадвала пра падзеі жонка Саньнікава Ірына Халіп. Атрыманую на плошчы траўму нагі Андрэй Саньнікаў залечваў не ў шпіталі, а ў «амэрыканцы», прычым нейкі час яму нават не давалі асобнага ложка — спаць у камэры даводзілася на падлозе.

4. Міраслаў Лазоўскі. «Кроў цякла з твару на падлогу»

Сёлета напярэдадні Дня Волі па краіне пракацілася хваля арыштаў актывістаў патрыятычнай арганізацыі «Белы легіён», якой даўно не існуе, паводле абвінавачаньня нібыта ў падрыхтоўцы вулічных беспарадкаў. Адным зь першых у Менску затрымалі Міраслава Лазоўскага, які цяпер займаецца кніжным бізнэсам, а ў 90-х гадах мінулага стагодзьдзя стаяў ля вытокаў «Белага легіёну».

Міраслаў Лазоўскі
Міраслаў Лазоўскі

Паводле ўспамінаў нявесты Міраслава Лазоўскага, супрацоўнікі спэцслужбаў прывялі яго ў дом на ператрус зьбітага і пасадзілі на зэдлік тварам да сьцяны. «Уся галава была пабітая, на падлогу з твару цякла кроў».

Мэдычнай дапамогі Міраславу Лазоўскаму не аказалі і адразу пасьля ператрусу павезьлі ў ізалятар КДБ, дзе былы актывіст «Белага легіёну» адбыў каля трох месяцаў.

5. Алесь Лагвінец. «Біўся галавой аб аўтамабіль»

23 сакавіка 2017 году ў менскім мікрараёне Паўднёвы Захад міліцыянты затрымалі вядомага актывіста руху «За свабоду» палітоляга Алеся Лагвінца і ягонага 22-гадовага сына Антося.

Алесь Лагвінец
Алесь Лагвінец

«Лагвінца-старэйшага скруцілі, разьбілі яму твар. Яго сына спачатку закавалі ў кайданкі, але пасьля праверкі торбы і тэлефона адпусьцілі, сказаўшы, што «ёсьць загад браць толькі Алеся Лагвінца», — паведамляла пра інцыдэнт «Свабода».

Пазьней высьветлілася, што Алесю Лагвінцу зламалі нос, пашкодзілі вока, ён атрымаў іншыя траўмы, але замест лячэньня апынуўся на Акрэсьціна, дзе адбыў 10 сутак адміністрацыйнага арышту нібыта за дробнае хуліганства. У судзе міліцыянты сьцьвярджалі, што Лагвінец сам нанёс сабе траўмы, калі «біўся галавой аб аўтамабіль».

XS
SM
MD
LG