Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сябра з тыдзень таму запрасіў у сваю вясковую лазьню. Пакуль ехалі да ягонай сядзібы, я глядзеў па бакох на палеткі. Абапал дарогі раскінуліся шырокія й бяскрайнія бульбяныя палі — дзяржаўныя, прыватныя, асабістыя.

У аграгарадках і райцэнтрах, у вёсках і на дачах, на працягу ўсяго нашага шляху, паўсюль зь пераломленых напалам чалавечых постацяў у неба пазіралі людзкія дупы, бо галовы ўпіралаліся ў глебу, а вочы пільна ўглядаліся ў зямлю, шукаючы запаветны караняплод.

Стоячы ракам над барознамі, беларусы зьбіралі бульбу самых розных гатункаў — «Адрэту», «Скарлет», «Ласунак, «Скарб», «Брыз», «Маніфэст»…

Дарога лічыла кілямэтры, сьвяціла сонца, у небе ляцелі птушкі і аблокі, а беларусы, нібы краты, жвава й мэтадычна выбіралі сваю бульбу.

Іх твары былі потныя й брудныя, напружаныя й засяроджаныя, але разам з тым нейкія залагоджана-ўкураныя, як у бажаволкаў.

Яны ўгіналіся пад цяжарам мяхоў. Цяжка пераступаючы паміж барознамі, як мурашы, цягнулі гэныя мяхі да сваіх «жыгулёў» і «фольксвагенаў», «мэрсэдэсаў» і «ягуараў». Яны везьлі і складалі тую бульбу ў склепы, паграбы й на балконы. Яны не заўважалі, апроч сваёй бульбы, нікога й нічога, ні сонца, ні неба, ні птушак над галавой.

Па-над усім панавала бульба.

Гледзячы на гэтую карціну, я раптам зразумеў вынікі рэфэрэндуму 1995 году, які зацьвердзіў бульбу новым дзяржаўным гербам, бо па-над сонцам і зямной куляй ніякія не абрысы тэрыторыі сучаснай Беларусі, а контуры звычайнай бульбіны.

— Так, Карл! — падумалася мне, караняплод для беларусаў вышэйшы за сонца. А вы гаворыце пра «Бульбашхолъ» каля Курапатаў.

Вось толькі цяпер я дарэшты зразумеў тую дзябёлую дзеўку разам зь нібыта высечаным з палена ейным парабкам, якая каля сталічнага ўнівэрсаму «Цэнтральны» ў траўні 1995-га, у адказ на апытаньне, ці падтрымлівае яна зьмену Пагоні на цяперашні бульбяны герб Беларусі, на пару сэкундаў задумалася і зь няўцямнай усьмешкай, скалячы моцныя зубы, адказала мне ў відэакамэру словамі галоўнага бульбавода:

— А зачэм нам эта кабыла?..

Я глядзеў на гэты «народзец» на палёх і разумеў тое, што галоўны бульбавод зразумеў у 1995-м: той, хто ўзяў у рукі бульбакапалку, ніколі ня возьме ў рукі меч. Той, хто з маленства звык запрагаць каня ў калёсы, ніколі ня сядзе на яго верхам.

Праз усю гісторыю мы бачым, што кожны раз, калі нішчылі Пагоню, наступаў час, як той казаў, каласіцца бульбе.

1860-я, час паўстаньня Каліноўскага і ягонае паразы. І адначасова — посьпехі бульбаводзтва, «бульбяны бум», далі свае станоўчыя вынікі ў галіне сэлекцыі. Ужо ў 1860-я ўзьнікаюць мясцовыя, беларускія, гатункі бульбы.

Год 1918-ы і далей. Паўстаньне й параза БНР. Чытаем: з 1914 да 1921 году ў Беларусі бульбу сталі шырока ўжываць у ежу празь недахоп збожжа. Цікава, што і ў мірныя 1920-я спажываньне бульбы не зьніжалася, а нават вырасла.

Нарэшце год 1995-ы. Рэфэрэндум. Момант скасаваньня дзяржаўных сымбаляў Беларусі. Чытаем пра Бераставіцкі, напрыклад, раён: «У 1995 годзе ў раёне завяршылася фармаваньне прэзыдэнцкай вэртыкалі і ўсёй структуры мясцовай улады. 3 завяршэньнем гэтага працэсу больш упэўнена адчулі сябе органы мясцовага кіраваньня, павысілася адказнасьць кадраў за даручаны ўчастак. У другой палове 1990-х гадоў пачынае выпраўляцца становішча ў народнай гаспадарцы. Так, у 1996 годзе, нягледзячы на складаныя кліматычныя ўмовы, адсутнасьць фінансавых сродкаў, дэфіцыт запасных частак, мінэральных угнаеньняў, ураджайнасьць бульбы павысілася на 87 цэнтнэраў і склала 223 цэнтнэры».

Сэлекцыя адбылася.

У час, калі грамадзяне капалі бульбу, па дарогах Беларусі, па галоўным праспэкце яе сталіцы езьдзілі калёны нейкіх расейскіх актывістаў з калярадзкімі стужкамі, партрэтамі Пуціна й расейскімі сьцягамі, на якіх у абрысы суседняй дзяржавы была залучаная й наша сінявокая краіна. Спакойна езьдзілі, разьняволена, без напругі.

Маглі б езьдзіць іншыя зь іншымі сьцягамі, з партрэтамі Гітлера ці Сталіна, як здаралася раней, альбо магло б гойсаць якое дзікае паляваньне ці сам чорт, і нічога не памянялася б.

Нічога нікому тут ня трэба акупаваць ні пад выглядам розных ваенных вучэньняў, ні пад якім іншым, бо тут даўно ўжо ўсё акупавана бульбай, якая сядзіць у галаве, у вантробах і, што самае прыкрае, у сэрцы тутэйшага чалавека, і каб нешта зрабіць з гэтым чалавекам, каб натхніць яго на высокае, на тое, каб ён выпрастаўся і ўбачыў, нарэшце, сонца над галавой, трэба адабраць у яго бульбу.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG