Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўтакалёна прарасейскіх актывістаў са сьцягамі праехала праз цэнтар Менску. ВІДЭА


Аўтакалёна НОД у Менску
Аўтакалёна НОД у Менску

Аўтакалёна актывістаў прарасейскай арганізацыі «Национально-освободительное движение» (НОД) праехала ўвечары 18 верасьня праз цэнтар Менску, паведамляе карэспандэнт Свабоды.

Аўтапрабег «Вялікая Расея» праехаў па цэнтры Менску
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:05 0:00

Калёна зь сямі аўтамабіляў, аздобленых партыйнай сымболікай і сьцягамі, «георгіеўскімі» стужкамі і выявамі прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна без перашкод праехала праз увесь горад.

Ідэалёгія НОД грунтуецца на радыкальнай антылібэральнай, антыамэрыканскай рыторыцы ды ідэях аднаўленьня СССР. Рух актыўна падтрымлівае Пуціна, анэксію Крыму, прарасейскіх сэпаратыстаў у збройным канфлікце на Данбасе.

Сёлета ў сакавіку, у «дзень узьяднаньня Крыму з Расеяй», арганізацыя абвясьціла «Усерасейскі гуманітарны аўтапрабег „Вялікая Расея“», мэта якога — збор гуманітарнай дапамогі жыхарам акупаваных Расеяй Данецкай і Луганскай абласьцей Украіны з наведваньнем «сьвятых месцаў нацыянальна-вызвольнай барацьбы нашага рускага/савецкага/расейскага народу па адстойваньні сувэрэнітэту Айчыны».

На сайце арганізацыі адзначаецца неабходнасьць узгадненьня руху аўтапрабегу «Вялікая Расея» зь мясцовымі ўладамі, а таксама наяўнасьць мясцовага суправаджэньня. Пры гэтым у сьпісе пунктаў акцыі Менск не прысутнічаў, а самі ўдзельнікі прызналіся, што прыехалі ў Беларусь інкогніта. На раніцу яны плянуюць правядзеньне набажэнства ў «адным з населеных пунктаў пад Менскам».

Ці ведалі менскія ўлады пра аўтапрабег прарасейскай арганізацыі

Кіруе НОДам дэпутат Дзярждумы РФ Яўген Фёдараў — чалец партыі «Единая Россия». У лістападзе 2012 году ён стварыў і ўзначаліў НОД, які першай справай пачаў супрацьстаяньне з апазыцыйным расейскім палітыкам Аляксеем Навальным — ключавой фігурай пратэстаў на Балотнай плошчы. У інтэрнэце лідэр НОД Фёдараў здабыў скандальную славу пасьля таго, як назваў сьпевака Віктара Цоя «агентам ЦРУ».

Сёньня рух мае прадстаўніцтвы ці ня ў кожным рэгіёне Расеі. У Беларусі арганізацыя афіцыйна не зарэгістраваная, але мае некалькі суполак ў сацсетках. 4 лютага 2017 году сем актывістаў НОД правялі несанкцыянаваны пікет на плошчы Незалежнасьці ў Менску, за які, паводле ўдзельнікаў, іх не пакаралі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG