Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«А Беларусь — незалежная дзяржава?» — рух «НОД» аб прарасейскай акцыі ў Менску


4 лютага шэсьць прарасейскіх актывістаў зладзілі пікет на плошчы Незалежнасьці ў Менску. Трымаючы ў руках маленькі расейскі трыкалёр, удзельнікі запісалі відэазварот, у якім выказвалі салідарнасьць з Расеяй і абражалі краіны Захаду.

У менскай міліцыі Свабодзе заявілі, што акцыя прарасейскіх пікетоўцаў не зафіксаваная ў іхняй зводцы. Таксама невядома, ці складзеныя на яе ўдзельнікаў пратаколы аб парушэньні закону аб масавых акцыях, што звычайна міліцыя робіць у выпадку несанкцыянаваных вулічных акцыяў з боку апазыцыі.

Хто стаіць за акцыяй — у расьсьледаваньні Свабоды.

Відэа пікету зьявілася 5 лютага на YouTube-канале «Национально-освободительного движения» — арганізацыі з цэнтральным штабам у Маскве. Гэтая арганізацыя датычная да менскай акцыі, якую арганізаваў менскі каардынатар НОД Уладзімер Рыжанкоў.

НОД створаны супраць Навальнага, падтрымлівае Пуціна

Кіруе НОДам дэпутат Дзярждумы РФ Яўген Фёдараў — чалец партыі «Единая Россия». У лістападзе 2012 году ён стварыў і ўзначаліў НОД, які першым чынам пачаў супрацьстаяньне з апазыцыйным расейскім палітыкам Аляксеем Навальным — ключавой фігурай пратэстаў на Балотнай плошчы. Фёдараў змагаўся зь лібэральнымі СМІ, называў журналістаў «хлусамі» і «пятай калёнай».

Яўген Фёдараў
Яўген Фёдараў

З 2014 году актыўна падтрымлівае Пуціна, анэксію Крыму, прарасейскіх сэпаратыстаў у збройным канфлікце на Данбасе. У інтэрнэце Фёдараў здабыў скандальную славу пасьля таго, як назваў сьпевака Віктара Цоя «агентам ЦРУ».

Галоўны вораг НОД — ЗША

Асноўная мэта НОДу, паводле ўдзельнікаў руху, — «аднаўленьне сувэрэнітэту Расеі, страчанага ў 1991 годзе». На пытаньне, хто забірае ў Расеі гэты сувэрэнітэт, актывісты маюць гатовы адказ: ЗША. Увогуле, аснова прапаганды НОДаўцаў — антыамэрыканская рыторыка.

Яны кажуць, што працуюць выключна на добраахвотнай аснове, не атрымліваючы грашовага ўзнагароджаньня. Сапраўды, арганізацыя ня мае юрыдычнага адрасу, не зарэгістраваная Мінʼюстам Расеі, ня плоціць падаткаў, але знаходзіць сродкі на друк улётак, плякатаў і сьцягоў, разьвіцьцё свайго сайта.

Закідваюць яйкамі, абліваюць зялёнкай

Сёньня рух мае прадстаўніцтвы ці ня ў кожным рэгіёне Расеі, а ў Маскве і Пецярбургу, акрамя «штабоў», дзейнічаюць «агітбрыгады». Менавіта сябры НОДу мінулай вясной у цэнтры Масквы зьняважылі, закідалі яйкамі і аблілі зялёнкай пісьменьніцу Людмілу Ўліцкую, якая адкрыта асудзіла расейскую агрэсію ва Ўкраіне.

Нодаўцы пасьля нападу на Людмілу Ўліцкую
Нодаўцы пасьля нападу на Людмілу Ўліцкую

Акрамя таго, яны нападалі на фатографа выданьня «Коммерсант», кідаліся з граблямі на апазыцыйнага палітыка Міхаіла Касьянава, цкавалі артыста Канстанціна Райкіна, зьбівалі ўдзельнікаў антываеннага мітынгу.

НОД у Беларусі ня мае штабу, мае старонкі ў сацсетках

НОДаўцы разгарнулі дзейнасьць ня толькі ў Расеі — іх штаб ёсьць і ў падкантрольным сэпаратыстам Луганску. Пра штаб у Менску зьвестак на сайце руху няма, але фігуруе асоба Ўладзімера Рыжанкова як «каардынатара па Беларусі». Ён жа прысутнічае на відэа зь пікету 4 лютага.

«НОД-Беларусь» мае дзьве суполкі ў сацсетцы «Ўкантакце»: у першай больш за 1300 удзельнікаў, у другой — менш за 100. Таксама старонка «НОД-Беларусь» ёсьць у «Аднаклясьніках» — там больш за 3300 падпісчыкаў.

Пяць з шасьці ўдзельнікаў акцыі, зафіксаваных на відэа, былі апазнаныя адразу пасьля публікацыі відэа. Сярод іх — лідэр руху НОД у Беларусі Ўладзімер Рыжанкоў і Андрэй Дзіментаў.

Уладзімер Рыжанкоў адмовіўся даваць інтэрвію «здрадніцкай заходняй прэсе», да якой ён адносіць усе СМІ, якія не выступаюць з прарасейскіх і антымайданаўскіх пазыцыяў. Сяргей Л., Аляксей Г. і Аляксандар Л. таксама не захацелі адказаць на пытаньні Свабоды.

Некалькі слоў пагадзіўся сказаць толькі Андрэй Дзіментаў. Ён заявіў, што не зьяўляецца сябрам НОД, а з астатнімі ўдзельнікамі пікету пазнаёміўся ў інтэрнэце. Больш за тое, пра існаваньне НОД Дзіментаў раней нават ня чуў. Удакладніў: усяго на плошчу выйшлі 7 чалавек (на відэа бачна 6, яшчэ адзін здымае на камэру), «але, здаецца, сярод нас толькі адзін нодавец быў».

— Накіпела... Расея дрэнная, саюз Расеі і Беларусі дрэнны, Лукашэнка праз сваю саюзную палітыку дрэнны, хочам у Эўразьвяз і г.д. — лёзунгі нашых змагароў. Задаўбала... Выйшлі паказаць, што ёсьць людзі зь іншай думкай, — патлумачыў Свабодзе свой удзел у акцыі Дзіментаў.

Ён дадаў, што гатовы зноў выходзіць на падобныя акцыі. На пытаньне, ці зацікавіліся ім пасьля гэтага пікету ў міліцыі, Андрэй Дзіментаў адказаць адмовіўся.

Карыкатура Сяргея Ёлкіна
Карыкатура Сяргея Ёлкіна

«Наша гісторыя» — з адрасам, але бяз офісу

Рух «НОД-Беларусь» афіцыйна нідзе не зарэгістраваны. Між тым напрыканцы 2015 году Ўладзімер Рыжанкоў стварыў у Менску прыватную інфармацыйна-асьветніцкую ўстанову «Наша гісторыя», якая атрымала рэгістрацыю на Халмагорскай вуліцы. Карэспандэнт Свабоды ніякіх прыкметаў дзейнасьці НОД там не знайшоў — ні прыхільнікаў, ні нават шыльды ці сымболікі. У прыватным сэктары стаіць двухпавярховы будынак, амаль усе пакоі або зачыненыя, або пустыя.

Як паведаміў карэспандэнту супрацоўнік адной зь фірмаў, што месьцяцца ў гэтым будынку, уласьнік дому здаваў пакоі пад офісныя памяшканьні або проста пад фармальныя юрыдычныя адрасы. Пра арганізацыю «Наша гісторыя» суразмоўца Свабоды чуў — кажа, бачыў, як ім прыходзілі лісты з падатковай. Але насамрэч офіса ў гэтай установы тут не было, і ніводнага іхняга прадстаўніка ён ня бачыў.

— Я дакладна магу сказаць, што яны тут ніколі не працавалі. Проста тут у межах аднаго пакоя магло быць зарэгістравана па 4–5 юрыдычных адрасоў. То бок вы разумееце, што гэта за фірмы і што за арганізацыі, — кажа ён.

Што ўяўляе сабой праца ўстановы «Наша гісторыя», да канца не зразумела. Пад брэндам «Наша гісторыя» на канале «НОД-Беларусь» у YouTube публікуюцца відэаролікі нібыта асьветніцкага зьместу. Напрыклад, апошні з такіх ролікау мае назву «1000-летний русский мир в Белоруссии», а сам ролік суправаджаецца подпісам: «Пасьля паразы ў Халоднай вайне ў 91-м мы сталі рабамі Захаду». У кадры можна пабачыць Рыжанкова, ён жа чытае тэкст. Але гэтыя відэаролікі, як выглядае, — адзіны сьлед дзейнасьці «Нашай гісторыі».

Да нядаўняга часу Рыжанкоў актыўна супрацоўнічаў зь Сяргеем Шыптэнкам — былым выкладчыкам Акадэміі кіраваньня пры прэзыдэнце, які пісаў артыкулы для агенцтва Regnum і быў арыштаваны за распальваньне міжнацыянальнай варожасьці. Паводле публікацыяў Regnumʼа, Рыжанкоў і Шыптэнка з восені 2016 году зьяўляюцца каардынатарамі «Камітэту 17 верасьня» (назва паходзіць ад падзеяў 17 верасьня 1939 году — пачатку паходу Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь і Заходнюю Ўкраіну) і нават выступалі з публічнымі лекцыямі для грамадзкасьці.

НОД разглядае Беларусь як калёнію Расеі

З нагоды акцыі ў Менску Свабода зьвязалася з маскоўскім кіраўніцтвам НОД.

— Я ня чуў, каб у Беларусі была ячэйка НОД, але вельмі добра, што людзі арганізуюцца ўласнымі сіламі, — сказаў старшыня маскоўскай агітбрыгады НОД Максім Сабельнікаў.

Тое, што ў заявах НОД выступае за аднаўленьне СССР і супраць незалежнасьці Беларусі, Сабельнікаў патлумачыў наступным чынам:

— А Беларусь — незалежная дзяржава? Ну, я ж ня ведаю вашу Канстытуцыю! Калі людзі паднялі сьцяг НОД, значыць, ня ўсё так проста. У штабе ў Маскве працуе чалавек, беларус па паходжаньні, які кажа, што Беларусь — расейская калёнія, проста гэты каляніяльны статус мае прыхаваную форму. Найлепшыя рабы звычайна ня ведаюць, што яны рабы.

Найлепшыя рабы звычайна ня ведаюць, што яны рабы

Паводле кіраўніка цэнтральнага штабу Максіма Славіна, на тэрыторыі Беларусі няма штабу НОД, а пра пікет у Менску ён даведаўся постфактум, бо папярэдняга пляну не было. Аднак Славін пацьвердзіў існаваньне мясцовага «актыву руху».

Паводле Славіна, у актыў НОД у Беларусі ўваходзяць некалькі соцень чалавек, усяго прыхільнікаў па Беларусі прыкладна 7 тысяч. Але на акцыю ў Менску выйшлі толькі 7 чалавек. Славін патлумачыў гэта тым, што гэта была несурʼёзная нагода. «Пры значнай нагодзе выйдзе ўвесь актыў».

Славін кажа, што плянуе яшчэ акцыі ў Менску. У прыватнасьці, хочуць запісаць відэазварот у пракуратуру Расеі з заклікам прыцягнуць да адказнасьці Міхаіла Гарбачова за развал Савецкага Саюзу. Запісваць зьбіраюцца на вуліцы ў Менску, падчас пікету 23 лютага.

— А вы ведаеце, што ў нас за несанкцыянаваныя вулічныя мерапрыемствы могуць пакараць штрафам?

— Калі людзі парушаюць нейкі закон, то і адказнасьць за гэта нясуць самі.

На пытаньне, ці будзе НОД нешта прадпрымаць у выпадку масавых пратэстаў у Беларусі, Славін адказаў:

— Канечне. У вас ужо актывізаваліся нацыянальныя меншасьці.

— Хто?

— Ну, гэтыя, зь бел-чырвона-белым сьцягам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG