Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці даруе Захад Беларусі вучэньні «Захад-2017»?


Аляксандар Лукашэнка падчас наведваньня вучэньняў "Захад-2017"

Ці не зарана падводзіць вынікі вучэньняў «Захад-2017»? Як паўплывае ўдзел Беларусі ў іх на стасункі афіцыйнага Менску з Захадам і Ўкраінай? Ці задаволеныя ў Маскве беларускім саюзьнікам? Гэтыя пытаньні абмяркоўваюць у Праскім акцэнце журналісты старэйшы аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Дзяніс Мельянцоў, сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Павал Севярынец і аглядальнік нашага радыё Віталь Цыганкоў. Вядзе перадачу Юры Дракахруст

Ці час падводзіць вынікі вучэньняў?

Дракахруст: Ці час ужо падводзіць канчатковыя палітычныя вынікі вучэньняў «Захад-2017»? Афіцыйна яны скончыліся ў сераду. Але расейскія войскі, як абяцана, будуць выводзіцца да 30 верасьня. А можа і ня выведуцца. Прэзыдэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ нават у дзень, калі вучэньні афіцыйна завяршыліся, казала з трыбуны ААН пра іх небясьпеку. А міністар абароны Польшчы Антоні Мацярэвіч 19 верасьня заявіў, што 20 верасьня вучэньні ня скончацца і што Расея мае намер падчас працягу вучэньняў адпрацаваць ужываньне ядзернай зброі. Дык можа рана рабіць высновы?

Павал Севярынец
Павал Севярынец

Севярынец: Сапраўды, давайце пачакаем з канчатковымі высновамі да 30 верасьня. Зараз мы пакуль можам падводзіць хіба што папярэднія высновы. І гэтыя высновы такія: Расея на гэтых вучэньнях паводзіла сябе як бандыт, 14 верасьня яны абвяшчаюць, што гатовыя перакінуць у Беларусь танкавую дывізію, а міністэрства абароны Беларусі аб гэтым ня ведае. Самы яскравы прыклад.

І я думаю, што тут інфармацыйная псыхічная атака была заплянаваная, разьлічаная, і зараз у расейскім генштабе падводзяць вынікі, як адрэагавала беларускае грамадзтва, як адрэагаваў Захад і беларускае міністэрства абароны. На мой погляд, тут немагчыма ганарыцца нікому з абазначаных бакоў. Захад, беларуская грамадзтва і беларускае міністэрства абароны былі не гатовыя да раптоўнай акупацыі.

Дракахруст: А акупацыя адбылася?

Севярынец: Калі казаць шырока, то акупацыя ідзе. Расейцы тут кантралююць — ад газавай трубы да войска — практычна ўсё, што яны хочуць. Таму па вялікім рахунку наша незалежнасьць досыць спрэчная. Але трэба нават рэшткі гэтай незалежнасьці, яе бачнасьць, нават гэту рамку абараняць з апошніх сілаў.

Дракахруст: Дзяніс, а як вы лічыце, ці ня рана абмяркоўваць высновы? А то мала што яшчэ здарыцца, розныя прагнозы ёсьць. Вось спадар Мацярэвіч, напрыклад, кажа, што яшчэ ядзерны ўдар будуць адпрацоўваць.

Мельянцоў: Гэта, канешне, бздура — казаць пра ядзерны ўдар. Гэта не той тып баявых дзеяньняў, які адпрацоўваецца разам сумеснай групоўкай войскаў Беларусі і Расеі, таму што ніякай ядзернай зброі ў Беларусі няма.

Расея можна праводзіць свае манэўры, бо не сакрэт, што паралельна з беларуска-расейскімі вучэньнямі праводзіцца яшчэ цэлы шэраг вучэньняў Расеі, таму, магчыма, яны яшчэ нешта будуць рабіць, але Беларусі гэта ўжо абсалютна ніякім чынам не датычыцца.

Ці застануцца расейскія войскі — таксама пытаньне даволі дзіўнае, таму што расейскія войскі падчас вучэньняў знаходзіліся ў палявых умовах, ніякіх дадатковых для іх базаў, казармаў не было, ніякіх пагадненьняў заключана не было пра разьмяшчэньне дадатковых расейскіх кантынгентаў. Калі яны сапраўды тут застануцца, то гэта будзе азначаць глыбокі палітычны канфлікт з кіраўніцтвам Беларусі, і гэта таксама азначае крызыс у міжнародных стасунках, бо Крым — Крымам, Данбас — Данбасам, але яшчэ адна агрэсіўная дзея Расейскай Фэдэрацыі, зразумела, выклікала б адпаведныя крокі з боку Захаду, што зараз Расеі абсалютна не патрэбна.

І я думаю, што тут вельмі важна разьмяжоўваць, як мы ацэньваем вынікі вучэньняў у вайсковай сфэры, і ў палітычнай, і інфармацыйнай сфэры — гэта абсалютна розныя справы. І я думаю, што сапраўды зарана пакуль рабіць высновы аб інфармацыйнай сфэры, таму што розныя інфармацыйныя «накаты» і з боку Расеі, і з боку Захаду, ішлі і перад вучэньнямі, і падчас вучэньняў, і пасьля вучэньняў, і я думаю, будзе шэраг яшчэ нейкіх такіх укідаў. Таму я думаю, што падводзіць гэтыя вынікі трэба паэтапна.

Дракахруст: Віталь, я чуў перадачу на расейскай службе Радыё Свабода, у якой вы ўдзельнічалі, і там быў расейскі экспэрт Аляксандр Гольц, які казаў, што з чыста ваеннага пункту гледжаньня Расеі было б цікава пакінуць калі ня войскі, то хаця б тэхніку: паставіць танкавы кулак у паўночна-заходняй Беларусі, падрыхтавацца да магчымага кідку праз Сувалскі калідор. Вы, як шахматыст, ведаеце прынцып: пагроза мацней за выкананьне. Дык можа мэта пакінуць не войскі, а тэхніку?

Віталь Цыганкоў
Віталь Цыганкоў

Цыганкоў: Я пагаджуся з Дзянісам Мельянцовым, што для гэтага няма ніякіх арганізацыйна-вайсковых падставаў, ні пляцдармаў, ні месцаў дыслякацыі. Нашыя карэспандэнты паведамляюць, што танкі ўжо выяжджаюць, выводзяцца з Беларусі і пачалося гэта літаральна на наступны дзень пасьля вучэньняў. Я думаю, што пэўныя высновы ўжо можна рабіць, не чакаючы фармальна некалькі дзён.

Вы гаварылі пра рэакцыю заходніх палітыкаў. На маю думку, яна цалкам апраўданая зь некалькіх прычынаў, перш за ўсё літоўскіх і польскіх. Такая рыторыка пра расейскую пагрозу добра ўспрымаецца іх выбаршчыкамі — што літоўскімі, што польскімі. Гэта добра прадаецца на Захадзе.

Вы прыгадалі пра выступ прэзыдэнта Літвы з трыбуны ААН. Для таго, што яна казала, ёсьць падставы. Гэта ня тое, што з паветру ўзятае. Пасьля Крыму і Данбасу тэзіс пра расейскую пагрозу, ня важна, наколькі ён абгрунтаваны, успрымаецца дастаткова адэкватна ўсімі, паколькі яна існуе з пункту гледжаньня суседзяў Беларусі. Так што чаму б на гэтым тэзісе не набраць нейкія пункты, як унутры краіны, так і за межамі.

Павал ужо ўзгадаў гэтую гісторыю з расейскай танкавай дывізіяй, якая нібыта была ўзьнятая па трывозе і якую зьбіраліся перакінуць у Беларусь. Гэта, па-мойму, сьведчыць пра тое, што так званыя саюзныя адносіны не зусім саюзныя аказаліся ў дадзеным аспэкце. Міністэрства абароны Расеі так і не выдаліла гэтае паведамленьне са свайго сайту, чым паставіла сваіх калегаў з беларускага міністэрства абароны ў вельмі нязручнае становішча.

Мы, маўляў, напісалі, а вы цяпер разьбіраецеся са сваёй рэакцыяй, з рэакцыяй свайго народу і з рэакцыяй сваіх заходніх партнэраў, як хочаце, а нам на гэта пляваць. То бок чарговы раз Расея паказала сваё стаўленьне, не зусім, мякка кажучы, раўнапраўнае і ўжо зусім не саюзьніцкае з гэтым паведамленьнем пра танкавую дывізію.

Беларусь, Захад і Ўкраіна пасьля «Захад-2017»

Дракахруст: Паколькі вы сказалі, што нейкія высновы мы ўжо можам рабіць, то што ў палітычным пляне, так бы мовіць, застанецца ад вучэньняў «Захад-2017»? Прынамсі, у стасунках Беларусі з Захадам, з суседзямі, з Украінай.

З аднаго боку, Беларусь паказала, што яна — у адным вайсковым шыхце з Расеяй. Зь іншага боку, колькі было перасьцярогаў, што вучэньні ператворацца ў акупацыю Беларусі, што будзе напад на краіны Балтыі, на Ўкраіну. А Лукашэнка шмат разоў паўтараў — ды ня будзе нічога такога, як прыйдуць расейцы, так і сыдуць. Страхі, перасьцярогі прынамсі пакуль не спраўдзіліся.

Дык, атрымліваецца, аўтары апакаліптычных прагнозаў як мінімум ня мелі рацыі. Гэта мае значэньне? Ці азначае гэта, што стасункі ізноў вернуцца ў нармальнае рэчышча, будзе нейкае збліжэньне, нармалізацыя, як і не было гэтых вучэньняў? Ці ўсё ж такі гэты адзіны ваенны шыхт, які быў прадэманстраваны ўсяму сьвету, неяк зьменіць стаўленьне да афіцыйнага Менску?

Дзяніс Мельянцоў
Дзяніс Мельянцоў

Мельянцоў: Насамрэч досыць комплексная праблема, і я б таксама разабраў яе на кавалкі. Калі мы кажам пра прафэсіяналаў, дыпляматаў, вайсковых і дзяржаўных дзеячаў, то яны цудоўна разумелі, што ў Расеі няма ні матываў, ні магчымасьці паўплываць нейкім чынам на беларусаў, што ніякай акупацыі, ніякага захопу, ніякага выкарыстаньня Беларусі для ўдару па Украіне, тым болей па краінах NATO не адбудзецца.

І Беларусь тут дзейнічала на апераджэньне, бо па каналах дыпляматычных, па каналах ведамстваў бясьпекі перадавалася інфармацыя, распавядалася, што будзе адбывацца. Вайсковыя прафэсіяналы і дыпляматы ўсё цудоўна разумелі. І гаворка ж не вядзецца пра тое, што раней яны не ведалі, што Беларусь знаходзіцца ў вайсковым саюзе з Расеяй.

Але гэты саюз — абарончы, а не наступальны. То бок Беларусь не абавязаная падтрымліваць усе тыя зьнешнепалітычныя крокі Расеі, якія тая робіць. І Крым, і Данбас гэта вельмі дакладна прадэманстравалі. То бок, зразумела, Беларусь павінная будзе падтрымаць Расею як саюзьніка, калі на яе будуць учыненыя напады.

Але калі Расея сама будзе нейкім чынам назаляць сваім суседзям і вайсковымі мэтадамі на іх узьдзейнічаць, то Беларусь ад гэтага будзе адмяжоўвацца. І тут як раз крокі, дзеяньні важнейшыя за словы.

Менск вельмі выразна прадэманстраваў у 2014-2016 гадах, на што ён здатны ў зьнешняй палітыцы. І тут я з Паўлам цалкам нязгодны, таму што Беларусь прадэманстравала акурат сваю незалежнасьць праз асобную зьнешнепалітычную лінію, гэта па-першае.

А па-другое, тым, як Беларусь змагалася супраць расейскай вайсковай базы, яна таксама прадэманстравала сваім заходнім партнэрам і ўкраінцам, што сапраўды гэта краіна сувэрэнная, і ў прынцыпе на яе можна пакладацца прынамсі ў межах зьнешнепалітычнага калідору, у якім Беларусь апынулася.

Хлопчык і воўк у казцы і ў жыцьці

Дракахруст: Павал, Дзяніс выказаў пэўныя пярэчаньні наконт вашых выказваньняў. Ваш адказ яму і на маё пытаньне: якімі будуць пасьля 30 верасьня стасункі з Захадам і Украінай?

Севярынец: Першае. Тое, што Беларусь не зрабіла вайсковую расейскую базу — гэта не было пытаньнем прынцыпаў, я ў гэтым абсалютна перакананы, Лукашэнка тут не абараняў незалежнасьць краіны. Гэта было пытаньне гандлю. Напэўна, расейцы не прапанавалі колькі там мільярдаў даляраў узамен за гэта. У іх у саміх тугавата.

Па-другое, не пагаджуся зь Дзянісам наконт таго, што праінфармаваныя былі вайсковыя спэцыялісты, прафэсіяналы пра крокі Расеі. Была ж абвестка з мінабароны РФ, што танкі едуць. Зь мінабароны Беларусі адказалі, што мы нічога пра гэта ня ведаем, што ў нас усе дома. Грамадзтва вымушанае было ехаць ноччу стаяць у Воршы і сачыць, пойдуць танкі ці не. Гэта паказвае адназначна, што ніякага добрага спэктаклю тут не атрымалася. Відавочна, што ў расейцаў сіла пераважае права.

Наконт выгаднасьці, што, маўляў, нявыгадна зараз Расеі ўрывацца ў Беларусь з акупацыяй, нявыгадна ўрывацца на тэрыторыі суседзяў. Не было ніякай рацыі ні ў кампаніі ў Паўднёвай Асэтыі пры Саакашвілі, не было ніякай рацыі ў справе з Крымам ці з Данбасам. Было ясна, што гэты будуць страшэнныя скандалы і пасьля гэтага санкцыі. Лёгікі ў гэтым не было з пункту гледжаньня нармальнага чалавека здаровага розуму. Але ў расейцаў іншая лёгіка.

Яны, як драпежнікі, чакаюць наступнай магчымасьці. Таму менавіта і быў такі розгалас, такі ажыятаж. Дарэчы, ажыятаж я лічу абсалютна нармальным і надзвычай карысным. То бок тое, што заходнія краіны грымелі пра Захад-2017, тое, што тут былі дзесяткі замежных журналістаў — гэта пайшло на карысьць Беларусі, і тэма яе незалежнасьці апынулася ў цэнтры ўвагі сусьветных СМІ. І дзякуй Богу. Калі воўк падыходзіць, значыць давайце пільнаваць, каб ён не забраў якую авечку.

Дракахруст: Павал, але калі вы памятаеце гэту казку, то выснова яе зусім не такая, як вы сказалі. Выснова такая, што гэты хлопчык крычаў, крычаў, а калі воўк сапраўды прыйшоў, яму проста перасталі верыць.

Севярынец: Гэта ў казцы. У жыцьці мы павінныя быць гатовыя да гэтага воўка. Мы жывем побач з гэтым воўкам, разумееце? І раней ніхто не крычаў нават, што воўк прыйдзе. Раней проста маўчалі, і гэтыя вучэньні праводзіліся і расейцы рабілі, што хацелі. І зрабілі, што хацелі, у Крыме і на Данбасе. А там ніхто не галасіў напачатку, усе проста былі агаломшаныя, а расейцы проста рабілі справу.

Зараз гэта было бы зрабіць значна цяжэй. Можа быць, менавіта з прычыны гэтага ажыятажу расейцы і абмежаваліся псыхалягічнай атакай і гэтым гоп-стопам. Таму высновы, якія будуць у стасунках з Захадам — я думаю, што Захад сапраўды падцягне войскі і будзе напагатове, калі спробы рэальнай вайсковай акупацыі адбудуцца.

Дракахруст: У сэнсе, калі спробы адбудуцца, ці ў любым выпадку пасьля вучэньняў падцягнуць сілы?

Севярынец: Сілы ўжо падцягнутыя. Мы з вамі ведаем, што падчас вучэньняў з нагоды зьменаў кантынгентаў падвоілі колькасьць натаўскіх войскаў, якія былі па пэрымэтры беларускай мяжы з заходнімі краінамі.

Дракахруст: І вы лічыце, што яны застануцца?

Севярынец: Не, гэта распрацаваная схема, якая будзе выкарыстаная ў выпадку абвастрэньня. Тут, я думаю, Захад адрэагаваў менш ці больш адэкватна. А што тычыцца Беларусі, гэтае мармытаньне міністэрства абароны 14 верасьня яскрава паказала, што нічога не ведаюць сёньняшнія ўлады Беларусі, што будуць рабіць расейцы, калі яны вырашаць нешта рабіць. Нічога не ведаюць, і гэта было мэтай расейскай інфармацыйнай атакі. І тут яны мэты сваёй, трэба прызнаць, дасягнулі.

Дракахруст: Віталь, і ваш адказ. Якой будзе палітыка Захаду, палітыка Украіны адносна Беларусі? Прызнаньне, што, маўляў, мы крышачку пагарачыліся, калі гаварылі, што гэтыя вучэньні скончацца акупацыяй, а яны не скончыліся акупацыяй. Ці ўсё ж такі адносіны будуць горшымі, чым да вучэньняў, пра што, дарэчы, напісаў наш калега Валер Карбалевіч, што сам факт гэтых вучэньнях, гэтая сытуацыя 14 верасьня з міністэрствам абароны Расеі апускае акцыі афіцыйнага Менску ў вачах Захаду і Украіны?

Цыганкоў: Так, я безумоўна пагаджуся наконт паніжэньня акцыяў. Нібыта нічога не адбылося новага, Беларусь з 1996 году знаходзіцца ва ўсіх гэтых ваенных і палітычных саюзах з Расеяй, вучэньні адбываюцца, нагадаем, раз у чатыры гады — 2009, 2013, 2017 год. Але часам калі людзям нагадваюць, што двойчы два чатыры, ім робіцца крыўдна.

У дадзеным выпадку людзям нагадалі, як на Захадзе, так і ў Беларусі, тую ступень беларускай залежнасьці ваеннай і палітычнай ад Расеі, якую, у прынцыпе, і прадэманстравалі гэтыя вучэньні. Рэч у тым, што пасьля 2014 году, як мы ведаем, беларускае кіраўніцтва мэтанакіравана праводзіць палітыку нармалізацыі адносінаў з Захадам, выпусьцілі палітзьняволенных, дамагліся адмены санкцыяў Эўразьвязу, мы добра памятаем менскія пагадненьні з вядром кавы, калі ў Менск прыехалі сусьветныя лідэры, і запусьцілі менскі працэс па Данбасу.

Загаварылі нават пра запуск у Менску навага «хельсінскага працэсу». Літаральна сёньня міністар замежных справаў Уладзімер Макей, выступаючы ў ААН з трыбуны генэральнай асамблеі, заявіў, што трэба пакласьці канец халоднай вайне, і Менск можа стаць пляцоўкай для таго, каб ажыцьцявіць гэты працэс.

То бок Менск прапануе сябе ў якасьці перамоўнай пляцоўкі ці, як кажуць праўладныя аналітыкі, спонсара стабільнасьці ў рэгіёне. І тут такія вучэньні, якія трошкі нагадалі рэальнасьць, якая ёсьць. То бок нагадалі, што Расея ў прынцыпе можа, асабліва не ўлічваючы Беларусь, праводзіць свае ваенна-палітычныя інтарэсы.

Можна прыгадаць, як беларускія аналітыкі і палітыкі крыўдзіліся, калі на адной з сустрэчаў генэралы NATO паведамілі ім, што з пункту гледжаньня ваеннай стратэгіі яны ўспрымаюць Беларусь як частку расейскай арміі. Гэта крыўдна, але гэтак на самой справе і ёсьць — сумесная групоўка, Беларусь абараняе Расею на заходняй мяжы, Лукашэнка заяўляў шмат разоў, што ў Расеі на захадзе нічога няма, акрамя беларускага войска. То бок такая рэальнасьць.

А наконт таго, што Беларусь будзе працягваць сваю палітыку нармалізацыі адносінаў з Захадам, я думаю гэты эфэкт вучэньняў ня будзе доўгім, ён пройдзе праз некалькі тыдняў ці месяцаў. Зараз гэтая гарачыня сыдзе, але ўсё ж такі нейкі асадак застанецца.

Гэта як калі б Пуэрта-Рыка захацела стаць пляцоўкай для нейкіх міжнародных пагадненьняў альбо саміту паміж Захадам і Усходам. Але ўсе разумеюць, што гэтая краіна вельмі блізка зьвязаная з ЗША і ледзь не зьяўляецца іх правінцыяй.

Юры Дракахруст
Юры Дракахруст

Дракахруст: Віталь, можа ў мяне занадта акадэмічнае мысьленьне, але шмат людзей — палітыкаў, аналітыкаў — казалі: вось зуб даю, што гэтыя вучэньні ператворацца ў акупацыю, ва ўварваньне.

Цыганкоў: Ведаеце, гэтая алярмісцкая лёгіка, алярмісцкая рыторыка заўсёды выгадная. Калі нешта кепскае адбываецца, то людзі, якія гэта прагназавалі, кажуць — а мы ж гаварылі. А калі гэтага не адбылося, то яны могуць сказаць, што гэта дзякуючы нам не адбылося, дзякуючы нашым прагнозам, нашаму ажыятажу, які мы ўзьнялі, дзякуючы тым аналітычным запіскам, якія мы пісалі. То бок гэта бяспройгрышная пазыцыя.

Дракахруст: То бок крычаць — воўк-воўк — гэта правільна?

Цыганкоў: Тыя людзі, якія крычаць, у бяспройгрышнай пазыцыі ў пэўным сэнсе.

Ці задаволеная Расея Беларусьсю па выніках вучэньняў?

Дракахруст: Ну і напрыканцы давайце пагаворым пра яшчэ аднаго гульца. Што застанецца ад вучэньняў у стасунках Беларусі з Расеяй? Ці ацэняць у Маскве хаду вучэньняў, як дэманстрацыю з боку Беларусі саюзьніцкай ляяльнасьці, якую Беларусь прадэманстравала, не зважаючы на крытыку з боку Захаду і Ўкраіны?

Ці ацэняць інакш? Варта прыгадаць і непрыезд Пуціна на вучэньні ў Беларусь, і гэтую вельмі цьмяную гісторыю з паведамленьнем міністэрства абароны РФ ад 14 верасьня аб уводзе ў Беларусь дадатковых войскаў. У Расеі па выніках вучэньняў задаволеныя саюзьнікам?

Цыганкоў: Калі ацэньваць па мінімуму, то, канешне, задаволеныя: афіцыйны Менск не зрабіў нічога, што фармальна можна ўспрыняць як манкіраваньне саюзьніцкімі абавязацельствамі. Афіцыйны Менск правёў вучэньні на высокім узроўні. Аляксандр Лукашэнка гаварыў усе неабходныя рэчы і перад вучэньнямі, і пасьля.

З другога боку Маскву раздражняе, напэўна, ці павінная раздражняць, тая рыторыка і дзеяньні, якія там успрымаюцца, як нейкі дрэйф афіцыйнага Менску ў бок Захаду. І хаця Аляксандр Лукашэнка на кожнае слова пра Захад скажа тры словы на карысьць «братэрскай Расеі», але ўсё-такі і аналіз, і абʼектыўная рэальнасьць паказваюць, што нейкія крокі ў бок Захаду робяцца, і, напэўна, Маскву наўрад ці гэта моцна радуе.

Іншая справа, што тут балянс: Расея думае, як не зрабіць нічога занадта рэзкага, што магло б выклікаць вялікі скандал і пашкодзіць уласным інтарэсам Расеі. Я не прыхільнік таго меркаваньня, што ў Крамлі сядзяць абсалютна неадэкватныя і ірацыянальныя людзі. Мне здаецца, што палітыка Расеі ў дачыненьні да Беларусі дастаткова рацыянальная. Тым больш зараз, напярэдадні выбараў.

Ёсьць такая расейская традыцыя, што выбары ў Расеі павінныя праходзіць ва ўмовах адносна добрых адносінаў з Беларусьсю. Мы бачылі, як дамовіліся вясной па газу, і з тае пары ніякіх вялікіх сутычак, праблемаў у беларуска-расейскіх адносінаў не назіраецца. І можна спрагназаваць, што так і будзе як мінімум да дня выбараў у Расеі.

Севярынец: Думаю, расейцы не задаволеныя Беларусьсю. Я чытаў расейскую прэсу, дзе напісана, што і Пуцін пакрыўдзіўся, і Лукашэнка пакрыўдзіўся. Я думаю, ёсьць, бандыцкай мовай кажучы, шэраг «прадʼяваў» з аднаго боку і з другога боку, якія будуць абмяркоўвацца бліжэйшыя тыдні.

Мы бачым сытуацыю з Паўлам Грыбам, украінскага грамадзяніна, якога расейскія спэцслужбы выкралі з Беларусі проста перад вучэньнямі, і ў выніку абрынуліся стасункі Беларусі і Украіны. Тут мы бачым і гісторыю з заявай МА РФ ад 14 верасьня, бачым і непрыезды на вучэньні і Пуціна, і міністра абароны Шойгу.

Гэта ўсё сьведчыць пра тое, што нас чакае чарговы спазм саюзьніцкіх стасункаў, і я думаю, што бліжэйшыя месяцы пройдуць у «халоднай вайне», дзе будуць гандлявацца, колькі Расея павінна заплаціць па крэдыце, альбо беларусы сапраўды павінныя пакінуць сабе частку расейскай тэхнікі ці, зноў жа, базу пад Бабруйскам. Хто каго тут перацісьне, будзе ясна бліжэй да Новага году, мне здаецца.

Але ўвогуле стасункі Расеі з Беларусьсю ў выніку вучэньняў хутчэй ускладняцца, бо тут і Захад, будзем так казаць, вёў шматплянавую кампанію, і іх плянкі падвышаліся ўвесь час. Расейцы, нягледзячы на свае апэтыты, проста ня могуць зараз залічыць сабе ў актыў усё, што адбывалася на працягу гэтага тыдня. Расейцы не задаволеныя Лукашэнкам і Лукашэнка не задаволены расейцамі.

Мельянцоў: Я б устрымаўся ад таго, каб ацэньваць гэтую падзею як нешта вельмі значнае, якое ставіць пад пытаньне ці тэстуе нейкім чынам беларуска-расійскія адносіны. Гэта ня Данбас, не Крым, не падтрымка грузінскіх сэпаратысцкіх рэгіёнаў, гэта плянавыя вучэньні, вельмі нудныя вучэньні, пра якія было вядома вельмі даўно.

Тое, што будзе там адпрацоўвацца, прыкладна таксама было вядома, і Беларусь ад іх адмовіцца не магла. Яны прайшлі так, як яны плянаваліся, канешне, не бяз некаторых накладак: і ў Расеі былі страты тэхнікі, і гэтая дзіўная навіна 14 верасьня была.

Але тут таксама пытаньне, таму што ў Расеі праводзіўся шэраг іншых вучэньняў, і тут магла спрацаваць такая лёгіка, што правая рука ня ведае, што робіць левая. Заявілі і заняліся сваімі справамі. Але гэта мела ў Беларусі інфармацыйны выбух. Я бы сапраўды не ацэньваў гэта як нешта вельмі значнае.

Вучэньні прайшлі, у міністэрстве абароны паставілі галачкі, яны будуць ацэньваць гэта яшчэ на працягу некалькіх месяцаў, менавіта вайсковы складнік: якім чынам адбывалася сумяшчэньне штабоў, якім чынам адбывалася разгортваньне, перакідка войскаў, якім чынам супрацоўнічалі паміж сабой віды і роды беларускіх і расейскіх войскаў.

Я думаю, што яны ня будуць разглядаць гэтыя вучэньні як нейкі крок ляяльнасьці ці неляяльнасьці і ўвогуле як палітычную падзею. Гэта падзея чыста вайсковая, яна мела інфармацыйны шлейф, але ацэньваць інфармацыйны шлейф ужо будуць іншыя ведамствы.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG