Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вайсковыя вучэньні «Захад-2017» пра якія так шмат, часта на мяжы гістэрыі паведамлялі сусьветныя мэдыя, нарэшце завяршыліся. Трэба спадзявацца, што наўрад ці ўжо адбудзецца нешта надзвычайнае; расейскія войскі пачалі пакідаць тэрыторыю Беларусі. Можна паводзіць папярэднія вынікі. А яны для нашай краіны даволі важныя.

Упершыню Беларусь апынулася ў цэнтры маштабнай інфармацыйнай хвалі. Здаецца, ніколі дасюль замежныя мэдыя ня згадвалі яе так шмат, як цяпер. Ранейшыя інфармацыйныя нагоды, згадкі пра Беларусь (як, напрыклад, падзеі 19 сьнежня 2010 году), калі адбыўся пагром акцыі пратэсту апазыцыі, былі фактычна аднаразовыя. Назаўтра большасьць эўрапейскіх мэдыя ўжо забываліся пра гэта, увагу прыцягвалі іншыя падзеі. А вось цяпер некалькі месяцаў запар пра вучэньні на тэрыторыі Беларусі пісалі, гаварылі, паказвалі СМІ розных дзяржаў. Думаю, шмат людзей з гэтай нагоды даведалася пра існаваньне такой краіны.

Беларусь ня проста аказалася ў фокусе ўвагі мэдыя, а менавіта ў эпіцэнтры маштабнай інфармацыйнай вайны. І якраз гэтая інфармацыйная вайна была больш важнай, чым уласна самі вучэньні.

Прычым варта заўважыць, што Беларусь ня проста аказалася ў фокусе ўвагі мэдыя, а менавіта ў эпіцэнтры маштабнай інфармацыйнай вайны. І якраз гэтая інфармацыйная вайна была больш важнай, чым уласна самі вучэньні, якія прайшлі традыцыйна, нават руцінна.

Відавочна, беларускія ўлады аказаліся не гатовымі да сытуацыі, у якой апынулася краіна. МЗС, Мінабароны спрабавалі працаваць у звычайным рэжыме, што абсалютна не адпавядала маштабу падзеі. Асабліва няўклюдна выглядала інфармацыйная камунікацыя ваеннага ведамства. 8 верасьня міністар замежных спраў Уладзімер Макей зь нейкай безнадзейнасьцю і наканаванасьцю адзначыў, што заходнія партнэры Беларусі ня чуюць нашых тлумачэньняў і не зацікаўленыя аб’ектыўна ацэньваць вучэньні «Захад-2017», а хочуць штучна нагнятаць сытуацыю вакол іх.

Але не ў якасьці апраўданьня, а дзеля справядлівасьці варта зазначыць, што ад заяваў, дзеяньняў беларускіх уладаў, іх спосабаў працы з мэдыя і міжнароднымі назіральнікамі мала што залежала. У гэтай інфармацыйнай вайне Беларусь была пасіўным гульцом.

Зь якімі здабыткамі ці стратамі выйшла Беларусь з гэтай гісторыі? Існуе думка, што вынікі вучэньняў для Беларусі можна ацэньваць са знакам плюс. Бо, маўляў, у выніку інфармацыйнага шуму вакол «Захаду-2017» вырасла міжнародная вага краіны, міма сваёй волі яна аказалася важным геапалітычным гульцом, і цяпер палітыка балянсаваньня можа даць большы эфэкт, бо замежным гульцам можна выставіць вышэйшую цану за геапалітычную ляяльнасьць.

Аднак праблема ў тым, што гэтая ўвага да Беларусі, яе вядомасьць ацэньваецца іншаземцамі якраз са знакам мінус. Гэта хутчэй Герастратава слава.

Інфармацыйныя хвалі вакол вучэньняў далі магчымасьць зафіксаваць адну важную акалічнасьць: быць саюзьнікам Расеі да Крыму і пасьля яго — гэта розныя рэчы.

Інфармацыйныя хвалі вакол вучэньняў далі магчымасьць зафіксаваць адну важную акалічнасьць: быць саюзьнікам Расеі да Крыму і пасьля яго — гэта розныя рэчы. Сёньня РФ адназначна ўспрымаецца ў Эўропе і суседзямі па рэгіёне Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы як агрэсар. Быць саюзьнікам агрэсара і, больш за тое, удзельнічаць у ягоных вайсковых плянах і сцэнарах — справа няўдзячная.

Другі момант. У гэтай інфармацыйнай вайне Беларусь успрымалася не як самастойная дзяржава з сваімі асобнымі інтарэсамі, а як сатэліт, марыянэтка Расеі. Як на мой погляд, гэта не зусім так, бо апошнія тры гады Менск прадэманстраваў даволі значную самастойнасьць у замежнай палітыцы. Але ў такіх далікатных пытаньнях, як ступень незалежнасьці, важна ня тое, што ёсьць насамрэч, а тое, як краіну ўспрымае навакольны сьвет.

Тры гады пасьля Крыму беларускія ўлады настойліва стваралі новы міжнародны вобраз Беларусі як міратворца, донара бясьпекі. Менск амаль што аб’явіў сябе ці Жэнэвай-2, ці Хэльсынкі-2. І вынікі гэтай новай палітыкі былі нядрэнныя: Беларусь нармалізавала дачыненьні з Захадам, ЭЗ адмяніў санкцыі. Але гэтыя вайсковыя вучэньні моцна ўдарылі па рэпутацыі краіны, папсавалі статус Беларусі як донара бясьпекі. І цяпер Уладзімеру Макею трэба пачынаць ўсё спачатку.

Але фінальная частка вучэньняў аказалася яшчэ больш драматычнай для беларускіх уладаў. Усе гэтыя рэпутацыйныя ахвяры афіцыйны Менск зрабіў (ці быў вымушаны зрабіць) дзеля падтрыманьня добрых стасункаў з Расеяй. Маўляў, страцілі на Захадзе, Поўначы і Поўдні, але здабылі на Ўсходзе.

І вось высьвятляецца, што і тут усё закончылася слаба прыхаваным скандалам. На падвядзеньне вынікаў вучэньняў у Беларусь не прыехаў ня толькі прэзыдэнт Расеі, як гэта было на мінулых манэўрах, але нават кіраўніцтва расейскага ведамства, хоць прыезд міністра абароны Расеі Сяргей Шайгу быў анансаваны. А гэта ўжо відавочны палітычны дэмарш Масквы. Выглядае, што ўсе гэтыя ахвяры былі дарэмныя. І Лукашэнку давялося з усіх сілаў рабіць добрую міну пры дрэннай гульні, аднаму расхлёбваць гэтую нясмачную кашу.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG