Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У чаканьні блакітных чалавечкаў


Зміцер Бартосік
Зміцер Бартосік

У цягніку Гродна-Масква, у тамбуры ў чаканьні курцоў вісяць чыстыя попелкі. Побач на сьцяне шыльдачка. Сіняя, «дазволеная» цыгарэта — для тэрыторыі Беларусі. Закрэсьленая чырвоная — для Расеі.

«При следовании по территории Российской Федерации курение запрещено!»

Пакуль ехалі па Беларусі, я з радасьцю выходзіў у тамбур і з асалодаю накурваўся. У адзін з такіх перакураў у тамбур выйшла ўсьмешлівая прыгажуня-правадніца. «Як разумець гэтую таблічку?» — спытаў я. «Так і разумець, — з усьмешкаю адказала тая. — У Расеі курыць нельга».

Я пачаў разважаць уголас. «Недзе апоўначы мы перасячэм расейскую мяжу. У вокны вагона зазірне поўня. А Вы, шаноўная правадніца, зь мілай прыгожай папялушкі ператворыцеся ў злосную пачвару. Якая будзе ня попелкі мяняць з усьмешкай, а кідацца на мяне з палаючымі вачыма. Будзеце сварыцца, пырскаць сьлінай. Вырываць з роту цыгарэту. Скажыце, калі ласка, я правільна зразумеў тэхналёгію выкананьня гэтай таблічкі?»

Правадніца зь вясёлай цікавасьцю слухала мае фантазіі. «Ну што Вы? Я застануся такой жа добрай і ветлівай. Проста ў Смаленску ў наш цягнік сядуць ахоўнікі Расейскай жалезнай дарогі. І ўсе гэтыя жахі, якія Вы тут наплялі, будуць выконваць менавіта яны». «Стоп. Вы што хочаце сказаць? Што па нашым сувэрэнным беларускім цягніку будуць хадзіць зялёныя чалавечкі?» «Так. Будуць. Толькі не зялёныя. А блакітныя. І размаўляць пра шкоду курэньня Вы будзеце ўжо зь імі. Без майго ўдзелу».

Раніцай, ужо едучы па маскоўскай зямлі, я выходзіў у прастору паміж вагонамі, курыў і чакаў блакітных чалавечкаў. Я чакаў іх зь нецярпеньнем. Так хацелася пагаварыць на беларускай мове! Я прагнуў даведацца — як жа ж яны будуць мяне штрафаваць і ў якой валюце? У чаканьні я ўспамінаў усякія выпадкі сустрэч прадстаўнікоў двух цывілізацый.

Памятаю, як да знаёмага дырэктара прыехалі нейкія маскоўскія мэнэджары ў 2008-м годзе. У самы разгар расейска-грузінскай вайны. З цягніка беларус павёў гасьцей у кавярню. «Да нам бы только водички попить». Беларус кожнаму купіў па бутэльцы «Баржомі». І ў адказ на зьдзіўленыя круглыя вочы маскоўцаў, не бяз гонару вымавіў — «Пейте на здоровье. Вы в свободной стране!»

Узгадаў, як мая расейская сваячка, будучы ў мяне ў гасьцях, скардзілася, што ўжо не зайсьці ні на «Грани», ні на «ЕЖ». Нават фільм не скачаць з «Рутрэкера». Якая ж была яе радасьць, калі я адкрыў ёй і «грані», і «ежа», і «рутрэкера». «Ты в свободной стране!»

Кажуць, у Расеі кінапракатныя сеткі ўжо адмаўляюцца ад паказу «Матыльды». Не зьдзіўлюся, калі і ў гэтым выпадку Беларусь акажацца «свабоднай краінай». Цяжка ўявіць, як праваслаўныя тэрарысты будуць падпальваць кінатэатар «Масква».

Блакітныя чалавечкі так і не зьявіліся. Сыходзячы на пэрон Беларускага вакзалу, я спытаў у правадніцы: «Дык што? Хоць у нечым Беларусь — свабодная краіна?» Тая адказала мне цытатаю з Лукашэнкі. «Беларусь — страна для жызьні!» «Для жызьні і курэнія», — падсумаваў я.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG