Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пад Барысавам стрымлівалі ворага на «пярэднім краі саюзнай дзяржавы»


Вайсковыя вучэньні «Захад-2017»

Узброеныя сілы Беларусі і Расеі ў рамках вучэньняў «Захад-2017» замацоўвалі ўзаемадзеяньне пры стрымліваньні наступу праціўніка і правядзеньні контратакі «на пярэднім краі абароны саюзнай дзяржавы». Манэўры адбываліся на Барысаўскім палігоне.

Як паведамлялася, 18 верасьня пад Барысавам беларускія і расейскія падразьдзяленьні адпрацоўвалі сцэнар адбіцьця наступу праціўніка з баявой стральбой.

Агульнавайсковыя падразьдзяленьні былі падтрыманыя агнём артылерыі і ўдарамі авіяцыі. Для вядзеньня выведкі ўмоўнага праціўніка задзейнічалі самалёты Су-24MP. Падразьдзяленьні супрацьпаветранай абароны забясьпечылі прыкрыцьцё пунктаў кіраваньня, агнявых пазыцый і раёнаў абароны вайсковых частак.

Паводле намесьніка начальніка Галоўнага ўпраўленьня баявой падрыхтоўкі ўзброеных сілаў Расеі Дзьмітрыя Гарбаценкі, на якога спасылаецца БелТА, беларускія і расейскія вайскоўцы наладзілі «эфэктыўнае і пасьпяховае ўзаемадзеяньне».

«Максымальна збліжаныя дзеяньні штабоў і падразьдзяленьняў забясьпечваюць той самы посьпех, які мы сёньня назіралі», — ляканічна адзначыў расейскі генэрал.

Сумесныя расейска-беларускія вучэньні «Захад-2017» праходзяць на тэрыторыі Беларусі з 14 да 20 верасьня.

Паводле афіцыйных зьвестак, у Беларусі яны ахопяць 7 палігонаў і 2 асобныя мясцовасьці, у іх возьмуць удзел 10 200 вайскоўцаў: 7000 — зь беларускіх падразьдзяленьняў, 3000 — з расейскіх. На манэўры акрэдытавана 280 журналістаў, запрошана 80 назіральнікаў, у тым ліку з Украіны і краінаў NATO.

Краіны — суседкі Беларусі непакояцца, што Крамлю вучэньні патрэбныя для агрэсіўнага разьвіцьця вайсковай прысутнасьці ў рэгіёне, на ўсходнім флянгу NATO, і ператварэньня Беларусі ў пляцдарм для наступу на Ўкраіну.

Беларуская апазыцыя асьцерагаецца, што прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін можа выкарыстаць вучэньні для пачатку анэксіі Беларусі.

Міністэрства абароны Беларусi адзначыла «абаронны» характар вучэньняў «Захад-2017» і паабяцала, што ўсе расейскія вайскоўцы, якія бяруць у іх удзел, пакінуць беларускую тэрыторыю да 30 верасьня.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG