Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Захад-2017»: сёньня, 18 верасьня, будуць «ваяваць» на 6 палігонах


Вайсковыя вучэньні «Захад-2017»

Міністэрства абароны Беларусі абнародавала праграму другога этапу расейска-беларускіх вучэньняў «Захад-2017».

У прыватнасьці, 18 верасьня будуць адпрацоўвацца наступныя задачы.

  • На палігоне «Барысаўскі» беларускія і расейскія падразьдзяленьні адпрацуюць вядзеньне абарончага бою. За аснову будзе ўзяты сцэнар адбіцьця наступу праціўніка з баявой стральбой. Агульнавайсковыя падразьдзяленьні будуць падтрыманыя агнём артылерыі і ўдарамі авіяцыі. Для вядзеньня выведкі ўмоўнага праціўніка маецца задзейнічаць самалёты Су-24MP. Падразьдзяленьні супрацьпаветранай абароны забясьпечаць прыкрыцьцё пунктаў кіраваньня, агнявых пазыцый і раёнаў абароны вайсковых частак.
  • На палігоне «Асіповіцкі» вайсковыя падразьдзяленьні таксама будуць вырашаць задачы на адбіцьцё наступу праціўніка. Авіяцыя ажыцьцявіць падтрымку войскаў з ужываньнем авіяцыйных сродкаў паражэньня. Мэханізаваныя і танкавыя злучэньні падтрымаюць ударамі і агнём артылерыі. На абодвух палігонах экіпажамі верталётаў будзе адпрацоўвацца высадка тактычнага паветранага дэсанту і авіяцыйнага прыкрыцьця высадкі.
  • На палігоне «Лепельскі» воінскія часткі і падраздзяленьні адпрацуюць пытаньні пошуку, пастаноўкі і зьнішчэньня незаконных вайсковых фармаваньняў пры падтрымцы авіяцыі. Адначасова верталётамі беларускіх ВПС і войскаў СПА вырашаюцца задачы выведкі ўмоўнага праціўніка і яго зьнішчэньня.
  • На палігонах «Лосьвіда» і «Дрэтунь» падразьдзяленьні сілаў спэцыяльных апэрацый будуць адпрацоўвацца пытаньні выведкі месцаў базаваньня і арганізацыі засадаў на магчымых шляхах умоўнага праціўніка і незаконных узброеных групаў. Будуць арганізаваныя захады на іх блякаваньне і зьнішчэньне з авіяцыйнай падтрымкай.
  • На палігоне «Даманава» падразьдзяленьні СПА ўдасканаляць навыкі ў падрыхтоўцы і ажыцьцяўленьні маршу ў новы пазыцыйны раён, а таксама адбіцьцё нападу ўмоўнага праціўніка падчас маршу.
  • Падразьдзяленьні тэрытарыяльных войскаў у Глыбоцкім раёне Віцебскай вобласці працягнуць вырашаць задачы ў падтрымцы ваеннага становішча, ахове аб’ектаў інфраструктуры і сыстэмаў жыцьцезабесьпячэньня насельніцтва, адбіцьці нападу дывэрсійных групаў умоўнага праціўніка і стабілізацыі сытуацыі.

Сумесныя расейска-беларускія вучэньні «Захад-2017» праходзяць на тэрыторыі Беларусі з 14 да 20 верасьня.

Паводле афіцыйных зьвестак, у Беларусі яны ахопяць 7 палігонаў і 2 асобныя мясцовасьці, у іх возьмуць удзел 10 200 вайскоўцаў: 7000 — зь беларускіх падразьдзяленьняў, 3000 — з расейскіх. На манэўры акрэдытавана 280 журналістаў, запрошана 80 назіральнікаў, у тым ліку з Украіны і краінаў NATO.

Краіны — суседкі Беларусі непакояцца, што Крамлю вучэньні патрэбныя для агрэсіўнага разьвіцьця вайсковай прысутнасьці ў рэгіёне, на ўсходнім флянгу NATO, і ператварэньня Беларусі ў пляцдарм для наступу на Ўкраіну.

Беларуская апазыцыя асьцерагаецца, што прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін можа выкарыстаць вучэньні для пачатку анэксіі Беларусі.

Міністэрства абароны Беларусi адзначыла «абаронны» характар вучэньняў «Захад-2017» і паабяцала, што ўсе расейскія вайскоўцы, якія бяруць у іх удзел, пакінуць беларускую тэрыторыю да 30 верасьня.

XS
SM
MD
LG