Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін будзе сачыць за вучэньнямі «Захад-2017» асобна ад Лукашэнкі


Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін 18 верасьня прыбудзе ў Ленінградзкую вобласьць, каб паназіраць за сумеснымі расейска-беларускімі вучэньнямі «Захад-2017».

Пуцін праінспэктуе дзеяньні ўзброеных сілаў Расеі на асноўным этапе сумеснага стратэгічнага вучэньня «Захад-2017», які пройдзе на палігоне «Лужскі», — паведаміла прэс-служба Крамля.

Прэзыдэнцкі прэс-сакратар Дзьмітрый Пяскоў заявіў, што паездка Пуціна на адзін з этапаў не зьвязаная з рэакцыяй заходніх краінаў на манэўры.

«Гэта звычайная практыка. Прэзыдэнт заўсёды як галоўны вайскавод наведвае адзін з этапаў найбольш буйных вучэньняў», — сказаў Пяскоў.

Плянуецца, што Аляксандар Лукашэнка таксама возьме ўдзел у актыўнай фазе вучэньняў «Захад-2017», але на тэрыторыі Беларусі. Яго прэсавая сакратарка Натальля Эйсмант абвергла зьвесткі, што не выключаўся выезд Лукашэнкі ў адно зь месцаў на тэрыторыі Расеі, але потым пляны нібыта зьмяніліся:

«Напярэдадні вучэньняў бакі вялі кансультацыі праз розныя каналы, у тым ліку разглядаліся варыянты ўдзелу на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў. Аднак першапачаткова плянавалася, што Лукашэнка прыме ўдзел у вучэньнях менавіта на тэрыторыі Беларусі, — сказала Эйсмант. — Уласна, і афіцыйнага запрашэньня кіраўніку беларускай дзяржавы прыехаць у Расею не паступала».

Эйсмант паведаміла, што Пуціну было накіравана запрашэньне ў Беларусь, але афіцыйнага адказу не было.

Між тым у верасьні 2013 году Пуцін і Лукашэнка сумесна назіралі за манэўрамі «Захад» спачатку на палігоне Госкі ў Беларусі, а затым на палігоне Хмелеўка ў Калінінградзкай вобласьці.

Сумесныя расейска-беларускія вучэньні «Захад-2017» праходзяць на тэрыторыі Беларусі з 14 да 20 верасьня.

Паводле афіцыйных зьвестак, у Беларусі яны ахопяць 7 палігонаў і 2 асобныя мясцовасьці, у іх возьмуць удзел 10 200 вайскоўцаў: 7000 — зь беларускіх падразьдзяленьняў, 3000 — з расейскіх. На манэўры акрэдытавана 280 журналістаў, запрошана 80 назіральнікаў, у тым ліку з Украіны і краінаў NATO.

Краіны — суседкі Беларусі непакояцца, што Крамлю вучэньні патрэбныя для агрэсіўнага разьвіцьця вайсковай прысутнасьці ў рэгіёне, на ўсходнім флянгу NATO, і ператварэньня Беларусі ў пляцдарм для наступу на Ўкраіну.

Беларуская апазыцыя асьцерагаецца, што прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін можа выкарыстаць вучэньні для пачатку анэксіі Беларусі.

Міністэрства абароны Беларусi адзначыла «абаронны» характар вучэньняў «Захад-2017» і паабяцала, што ўсе расейскія вайскоўцы, якія бяруць у іх удзел, пакінуць беларускую тэрыторыю да 30 верасьня.

XS
SM
MD
LG