Лінкі ўнівэрсальнага доступу

1-я танкавая армія Расеі ўдзельнічае ў «Захадзе-2017» на Барысаўскім і Асіповіцкім палігонах


Такую інфармацыю паведаміў прадстаўнік Міністэрства абароны РБ Уладзімер Макараў падчас штодзённага брыфінгу.

Паводле Макарава, асабісты склад мотастралковых, танкавых і артылерыйскіх падразьдзелаў CПА 1-й танкавай арміі Расеі знаходзіцца на палігонах «Барысаўскі» і «Асіповіцкі».

У першы дзень вучэньняў 14 верасьня міністэрства абароны Расеі паведаміла, што падразьдзяленьні Заходняй вайсковай акругі, якiя прыцягваюцца да сумеснага стратэгічнага вучэньня «Захад-2017», пачалі перакідку асабовага складу, узбраеньня, вайсковай і спэцыяльнай тэхнікі на палігоны ў Беларусь.

Праз некалькі гадзінаў Міністэрства абароны Беларусі гэтую інфармацыю зьняпраўдзіла. Прадстаўнік ведамства Ўладзімер Макараў заявіў Радыё Свабода: «Я толькі пацьвярджаю, што вайскоўцы, заплянаваныя для ўдзелу ў вучэньнях на тэрыторыі Беларусі, а менавіта зь дзесяці тысяч удзельнікаў тры тысячы — гэта вайскоўцы Ўзброеных сілаў РФ. Усе іхныя падразьдзяленьні і ўвесь іхны асабовы склад знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі і прыступіў да адпрацоўкі вучэбных задачаў у рамках вучэньняў. Іншых расейскіх падразьдзяленьняў на вучэньнях на тэрыторыі Беларусі ня будзе. Што да адпрацоўкі пытаньняў у рамках вучэньняў, то гэта без рэальнай перагрупоўкі на тэрыторыю РБ. Гэта адназначна».

Наконт інфармацыі, якую разьмясьціла міністэрства абароны Расеі, ён сказаў; «Дзеля бога. Ніякай рэальнай перагрупоўкі расейскіх войскаў на тэрыторыю Беларусі ня будзе». У прэсавай службе міністэрства абароны Расеі карэспандэнту Свабоды ня сталі камэнтаваць сытуацыю.

Першая гвардзейская танкавая армія была сфармаваная ў Заходняй ваеннай акрузе Расеі ў 2016 годзе. Паведамлялася, што на яе ўзбраеньні знаходзяцца баявыя танкі Т-72Б3, Т-80, БПМ-2, і звыш 130 найменьняў іншай баявой тэхнікі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG