Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паэту Някляеву ў турме на Акрэсьціна не дазваляюць карыстацца асадкай


Уладзімер Някляеў на акцыі 8 верасьня ў Менску

Вольга Някляева, жонка аднаго зь лідэраў Беларускага нацыянальнага кангрэсу Ўладзімера Някляева, сёньня аднесла перадачу мужу ў Цэнтар ізаляцыі правапарушальнікаў, што на завулку Акрэсціна.

Паэт і палітык перастаў выходзіць на сувязь з раніцы 15 верасьня. Пазней Вольга Някляева даведалася ад дзяжурнага адваката з суду Савецкага раёну Менску, што ён быў затрыманы і асуджаны на 7 сутак адміністрацыйнага арышту.

Раней Уладзімер Някляеў наракаў на стан свайго здароўя, у прыватнасьці на павышаны ціск.

«Я запытала пра гэта, мяне запэўнілі, што ціск нармальны, пігулкі даюць, — сказала Свабодзе спадарыня Вольга. — Адзінае, чаго, паводле маёй інфармацыі, зноў пазбавілі, — гэта асадкі. Перадала сёньня аловак, паглядзім, ці данясуць. Прынамсі ўзялі...»

З гэтай прычыны зьняволены паэт ня здолеў напісаць дадому ніводнага ліста, а Вольга Някляева дагэтуль ня ведае пра падрабязнасьці затрыманьня і прычыны пакараньня мужа.

«Ды не, адкуль жа я магу ўзяць гэтыя падрабязнасьці? — наракае жанчына. — Толькі ад яго. Сёньня таксама паспрабуе да яго прабіцца адвакат, але невядома, дапусьцяць урэшце ці не. Можа, тады і зьявяцца нейкія новыя дэталі».

Уладзімера Някляева пакаралі за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі 8 верасьня ў Менску, якая прайшла пад лёзунгам супраць расейска-беларускіх вучэньняў «Захад-2017». Арганізатарам пратэсту быў Беларускі нацыянальны кангрэс.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG