Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Комліку адмовілі ў замене меры стрыманьня і пакінулі пад вартай


Ігар Комлік, архіўнае фота

Суд Партызанскага раёну Менску разгледзеў скаргу Ігара Комліка з просьбай вызваліць яго з-пад варты. Як стала вядома праваабарончаму цэнтру «Вясна», у скарзе ён прасіў замяніць меру стрыманьня, бо лічыць, што яна ўжытая да яго беспадстаўна.

Судзьдзя Натальля Дзядкова вырашыла, што мера стрыманьня ў дачыненьні Комліка выбраная законна і абгрунтавана, паколькі ён абвінавачваецца ў цяжкім злачынстве. Яна пакінула рашэньне намесьніка генэральнага пракурора бязь зьменаў, а скаргу без задавальненьня. У суд абвінавачанага не дастаўлялі.

Абаронца Ігара Комліка накіравала скаргу ў Менскі гарадзкі суд, разгляд прызначаны на 19 верасьня.

Комлік знаходзіцца пад вартай ад 2 жніўня, калі супрацоўнікі Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю правялі ператрус і канфіскацыю кампутараў і фінансавых дакумэнтаў у офісе прафсаюзу РЭП і цэнтральнага офісу БНП.

Тады былі затрыманыя старшыня РЭП Генадзь Фядыніч і бухгальтар Ігар Комлік. Фядыніч быў дапытаны і адпушчаны, а Комліка пакінулі пад вартай.

Ужо 3 жніўня праваабарончыя арганізацыі Беларусі заявілі, што лічаць Ігара Комліка палітвязьнем. Паводле праваабаронцаў, распачатая супраць прафсаюзных лідэраў крымінальная справа палітычна матываваная, зьвязаная з актыўнай прафсаюзнай дзейнасьцю і рэалізацыяй права на свабоду асацыяцыяў.

У падтымку прафсаюзных лідэраў выступілі Глябальны саюз IndustriALL і Міжнародная канфэдэрацыя прафсаюзаў, якія заклікалі ўлады Беларусі спыніць перасьлед Фядыніча і Комліка.

XS
SM
MD
LG