Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўнік Міжнароднай арганізацыі працы запатрабаваў вызваліць Ігара Комліка


Ігар Комлік

Прадстаўнік МАП Кары Тапіёла падчас сустрэчы з паслом Беларусі ў Швайцарыі Паўлам Мацукевічам перадаў пэтыцыю з патрабаваньнем спыніць перасьлед і ўмяшаньне ва ўнутраныя справы незалежнага прафсаюзу РЭП.

Кары Тапіёла запатрабаваў неадкладна вызваліць бухгальтара прафсаюзу Ігара Комліка, зьняць зь яго і са старшыні прафсаюзу РЭП Генадзя Фядыніча статус абвінавачаных.

Бліжэйшым часам у Брусэлі генэральны сакратар Міжнароднай канфэдэрацыі прафсаюзаў Шэран Бараў плянуе сустрэцца з афіцыйным прадстаўніком Беларусі ў Бэльгіі Аляксандрам Міхневічам. Генсакратар уручыць беларускаму дыплямату пэтыцыю з патрабаваньнем неўмяшаньня ў дзейнасьць прафсаюзу РЭП.

Такую рэакцыю на перасьлед незалежных прафсаюзаў з боку міжнародных арганізацый карэспандэнту Свабоды пракамэнтаваў Генадзь Фядыніч:

Генадзь Фядыніч
Генадзь Фядыніч

«Гэта азначае, што ў свой час Міжнародная арганізацыя працы давала шэраг рэкамэндацый беларускаму ўраду. Амаль усе яны ня выкананыя. Выкананая толькі невялічкая частка. Такім чынам, уздымаецца пытаньне пра парушэньне 87-й канвэнцыі МАП, парушэньне правоў прафсаюзаў. Яны таксама гэта адсочваюць. І гэта толькі першыя крокі. Далей будзе далей».

Паводле Генадзя Фядыніча, пакуль справа, пачатая супраць яго і Комліка, знаходзіцца на той стадыі, на якой пачалася.

«На нейкія допыты ні мяне, ні Комліка пакуль не выклікалі. Пабачым, што будзе на наступным тыдні», — сказаў Фядыніч.

2 жніўня супрацоўнікі Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржаўнага кантролю Беларусі правялі ператрусы ў офісах прафсаюзу РЭП і Беларускага незалежнага прафсаюзу. Былі затрыманыя старшыня РЭП Генадзь Фядыніч і бухгальтар Ігар Комлік. Фядыніча дапыталі і адпусьцілі, а Комлік дагэтуль знаходзіцца ў СІЗА № 1.

10 жніўня Ігару Комліку было выстаўлена абвінавачаньне паводле артыкула 243, часткі 2 («Ухіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры»). Меру стрыманьня Комліку пакінулі ранейшую — ён застаецца пад вартай. 11 жніўня абвінавачваньне выстаўлена і Фядынічу. Зь яго ўзялі падпіску аб нявыезьдзе. Фядынічу і Комліку пагражае пакараньне ад 3 да 7 гадоў пазбаўленьня волі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG