Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывіста Кулакова за салідарнасьць зь незалежнымі прафсаюзамі аштрафавалі на 30 базавых


Леанід Кулакоў

30 базавых велічынь штрафу, гэта 645 рублёў, атрымаў актывіст Леанід Кулакоў за адзіночны пікет у падтрымку лідэраў незалежных прафсаюзаў, які ён правёў 14 жніўня.

Напярэдадні былі арыштаваныя лідэры незалежнага прафсаюзу РЭП, у тым ліку Генадзь Фядыніч і Ігар Комлік, а ў офісе РЭП прайшлі ператрусы. Леанід Кулакоў быў адзіны ў Беларусі, хто падтрымаў арыштаваных ня толькі словамі, але і акцыяй салідарнасьці. Актывіст правёў адзіночны пікет каля станцыі менскага мэтро «Парк Чалюскінцаў» і разьмясьціў у інтэрнэце фатаздымак з гэтага пікету, на якім ён трымае плякат з надпісам: «Прэч брудныя рукі ад незалежнага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці РЭП».

4 верасьня актывіста судзілі ў Першамайскім судзе Менску.

«Пасьля працэсу я спытаў у судзьдзі, ці дапамагаў ёй калі-небудзь той афіцыйны прафсаюз, у якім яна знаходзіцца, і заклікаў уступаць у незалежны прафсаюз, бо толькі там можна атрымаць сапраўдную дапамогу. Адказала, што падумае», — кажа Леанід Кулакоў.

2 жніўня 2017 году супрацоўнікі Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржаўнага кантролю Беларусі правялі ператрус і выманьне кампутараў і фінансавых дакумэнтаў у офісе незалежнага прафсаюзу РЭП і цэнтральным офісе Беларускага незалежнага прафсаюзу. Былі затрыманыя старшыня РЭП Генадзь Фядыніч і бухгальтар Ігар Комлік. Фядыніча дапыталі і адпусьцілі, а Комліка зьмясьцілі спачатку ў ізалятар часовага ўтрыманьня, а праз тры дні — у СІЗА № 1.

10 жніўня Ігару Комліку было выстаўлена абвінавачаньне паводле артыкула 243, частка 2 («Ухіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры»). Меру стрыманьня Комліку пакінулі ранейшую — ён застаецца ў СІЗА. 11 жніўня абвінавачаньне выстаўлена і Фядынічу. Ён застаецца на волі пад падпіскай аб нявыезьдзе. Фядынічу і Комліку пагражае ад 3 да 7 гадоў пазбаўленьня волі.

XS
SM
MD
LG