Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня, 17 верасьня, я ўзгадваю свайго прадзеда Францішка Гурневіча. Да вайны ён быў афіцэрам Польскага войска. Калі вярнуўся ў родную вёску пад Рубяжэвічамі, то працаваў камэндантам Зьвязу cтральцоў.

У ягоным доме, дзе выховаўлася трое дзяцей, працавала школа і Дом культуры. Калі 17 верасьня 1939 годe яго прыйшлі «вызваляць» бальшавікі, сусед напісаў на прадзеда данос, маўляў, польскі паслугач. Прадзеда арыштавалі. Ён трапіў у сумнавядомы лягер Асташкаў, быў у «расстрэльным сьпісе» і жывым адтуль выйшаў цудам. У ГУЛАГу прадзед Францішак прабыў ажно да сьмерці Сталіна, прапусьціўшы сталеньне дзяцей і нараджэньне ўнукаў. Ягоная гісторыя — адна зь дзясяткаў тысяч на нашай зямлі.

Францішак Гурневіч
Францішак Гурневіч

Для мяне няма больш недарэчнага акрэсьленьня падзеяў 17 верасьня 1939 году, чым «вызваленьне Заходняй Беларусі». «Вызваліцелямі» сталі тыя, хто ў 1920 годзе на Рыскай мірнай канфэрэнцыі вырашыў за беларусаў, што Заходняя Беларусь мае быць у Польшчы. Але і гэта ня ўвесь абсурд. Савецкая дэлегацыя прапаноўвала палякам значна больш: маўляў, бярыце амаль усе беларускія землі, далёка на ўсход ад Менску. Але палякі ведалі, што ня здолеюць асыміляваць землі паміж Менскам і Смаленскам і бачылі ў гэтым хітрасьць з боку бальшавікоў. (Адступаючы ад тэмы, трэба сказаць, што палякі не далі рады і той частцы Беларусі, на якую пагадзіліся).

Падпісаньне мірнай дамовы ў Рызе. Безь беларусаў. 1921 год
Падпісаньне мірнай дамовы ў Рызе. Безь беларусаў. 1921 год

Ня менш цынічнай я лічу і назву «Дзень узьяднаньня Беларусі». Марыянэткавая БССР і сапраўды на паўтара года, да нямецкай агрэсіі, павялічыла сваю тэрыторыю. Але хапіла пары месяцаў, каб нават тыя, хто сустракаў бальшавікоў з хлебам-сольлю, малілі Бога, каб той спаслаў вайну, якая пакладзе канец новым савецкім парадкам. Ці можа быць сьвятам дата, якая запачаткавала масавы тэрор? Ці павернецца язык назваць Днём вызваленьня ці ўзьяднаньня дзень, які стаў пачаткам расстрэлу рэштак беларускай інтэлігенцыі, ссылак у Сыбір дбайных гаспадароў, нацкоўваньня адных беларусаў на іншых і на суседзяў, якія вякамі жылі побач?

Падпісаньне пакту Молатава-Рыбэнтропа, 1939 год
Падпісаньне пакту Молатава-Рыбэнтропа, 1939 год

Ці можна сьвяткаваць дату, якая дала падставу выкарыстоўваць беларусаў як гарматнае мяса для чужых інтарэсаў? І ўрэшце рэшт, ці ня дзіўна лічыць сьвятам дзень, які стаў вынікам сталінска-гітлераўскіх пагадненьняў і выклікаў самую крывавую вайну ў гісторыі чалавецтва? Узьяднаньне Беларусі стала наступствам ІІ усясьветнай вайны, гэтаксама як і абвяшчэньне БНР стала наступствам першай. Але нікому дагэтуль і ў галаву не прыходзіла адзначаць пачатак абедзьвюх войнаў як вялікае сьвята.

Але ёсьць і яшчэ адзін бок мэдаля. Калі сёньня беларус гаворыць пра падзеі 17 верасьня, то часьцей за ўсё польскімі лёзунгамі альбо стэрэатыпамі. Міжваенную Польшчу, бясспрэчна, нельга і блізка параўноўваць са сталінскім генацыдам, але для цэлага пакаленьня беларусаў яна ня стала нават мачыхай. Добрыя мары часткі польскай эліты пра польска-беларускую канфэдэрацыю пасьля І усясьветнай вайны засталіся толькі марамі. А беларусы ў ІІ Рэчы Паспалітай, на жаль, сталі людзьмі 3-га альбо і 4-га гатунку — пасьля арыстакратаў і асаднікаў. Без надзеі на грамадзкі рост, без сваіх школаў, унівэрсытэтаў, з рэпрэсаванымі лідэрамі і без спадзеву на разьвіцьцё мовы і культурнай адметнасьці. Бяроза Картуская і Лукішкі не былі Салаўкамі, але нельга паддавацца ілюзіям: яшчэ некалькі дзесяцігодзьдзяў польскай палітыкі ў Заходняй Беларусі — і працэсы асыміляцыі маглі б стаць незваротнымі.

Моцныя народы і дзяржавы тыя, якія аб’ядноўваюцца ня толькі вакол каштоўнасьцяў, але і супольных інтарэсаў.

Мне няма за што дзякаваць камуністам. Яны будавалі на нашай зямлі таталітарны скансэн, але ніяк не свабодную краіну, дзе беларусы былі б гаспадарамі.

Мы павінны з павагай ставіцца да чалавечых трагедыяў нашых суседзяў палякаў, якія жылі побач, але мы ня можам падтрымліваць іхныя міты пра Крэсы і тым больш разьдзяляць іхны смутак пра страчаныя землі.

У падзеях 17 верасьня беларусы не былі галоўнымі гульцамі. Ім была адведзеная роля назіральнікаў ці яшчэ горш — ахвяраў. Але... Можна колькі заўгодна наракаць на суседзяў з захаду ці ўсходу і наш гаротны лёс, аднак адказ на пытаньне пра нашыя паразы трэба шукаць у сабе, у нашай неарганізаванасьці. Моцныя народы і дзяржавы тыя, якія аб’ядноўваюцца ня толькі вакол каштоўнасьцяў, але і супольных інтарэсаў. 74 гады таму большасьць беларусаў не разумела гэтых інтарэсаў.

Бясспрэчна, наступствам гэтай даты сталі сучасныя межы Беларусі. Але 17 верасьня для мяне — гэта Дзень памяці. Пра колькасьць ахвяраў і сьлёзаў, якія беларусы заплацілі за сваю дзяржаву. Гэта тая памяць, якая будуе сувязь паміж суайчыньнікамі, гэта фундамэнт нашай сьвядомасьці. У гэты дзень я ня стану піць шампанскае, а запалю зьніч па прадзеду, які падчас «працэсу» ў 1939 годзе назваў сваю нацыянальнасьць — беларус і трапіў у ГУЛАГ.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG