Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Палацы Незалежнасьці далі прыём у гонар 20-годзьдзя хакейнай каманды Лукашэнкі


На прыём з нагоды юбілею «найлепшай аматарскай каманды сьвету», як называюць любімую забаву Лукашэнкі афіцыйныя СМІ, былі запрошаныя некалькі дзясяткаў чалавек разам зь семʼямі — тыя, хто «зрабіў найбольшы ўнёсак у яе станаўленьне і разьвіцьцё».

Адмыслова падрыхтаваная фотаэкспазыцыя нагадала гісторыю «ўнікальнага калектыву» і яго знакавыя матчы. Таксама гасьцям наладзілі экскурсію і звадзілі ў пакоі, дзе адбываліся важныя палітычныя форумы, — інфармуе прэзыдэнцкая прэсавая служба.

У залі ўрачыстых цырымоніяў адбылося сумеснае фатаграфаваньне з капітанам, нязьменным № 1 каманды Аляксандрам Лукашэнкам і ягонымі сынамі — Віктарам, Дзьмітрыем і Мікалаем.

Дарэчы, сьцьвярджаецца, што майка Лукашэнкі захоўваецца ў «сьвятая сьвятых» — Залі хакейнай славы ў Канадзе, побач з рэліквіямі іншых сусьветных легендаў.

«Каманда ўнікальная тым, што плячо да пляча на лёд выходзяць вэтэраны і моладзь, былыя прафэсіяналы і аматары, лідэр краіны і шараговыя грамадзяне, — віншуе юбіляраў агенцтва БелТА. — Заслугі унікальнай каманды адзначаны ў сьвятая сьвятых сусьветнага хакею — Залі хакейнай славы на радзіме гульні ў Таронта. Сярод маек легендаў, побач з Кубкам Стэнлі, захоўваецца і хакейная майка прэзыдэнта Беларусі».

Штогод ад імя прэзыдэнцкай хакейнай каманды ў Менску ладзіцца нятанны «Калядны турнір», на які зьяжджаюцца вэтэраны зь іншых краінаў. Беларусь толькі аднойчы саступіла першае месца расейцам, усе астатнія былі выгуляныя. Адрозна ад сапраўдных вэтэранаў, за Беларусь выступаюць ня толькі аматары, а і былыя гульцы нацыянальнай зборнай і нават дзейныя хакеісты чэмпіянату краіны.

Часьцяком каманда выяжджае пагуляць за межы дзяржавы, у ёй ужо дэбютаваў Мікалай Лукашэнка — у першым жа выязным матчы супраць Абʼяднаных Арабскіх Эміратаў тынэйджэр без праблемаў забіў два галы тамтэйшаму брамніку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG