Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гасьцініца, спарткомплекс, рэзыдэнцыя. На радзіме Лукашэнкі


Новы дом на месцы старога, у якім жыў Лукашэнка, Александрыя

Аляксандар Лукашэнка сёньня адзначае дзень народзінаў. У біяграфіі, разьмешчанай на афіцыйным сайце кіраўніка дзяржавы, адзначана, што ён нарадзіўся 31 жніўня 1954 году ў гарадзкім пасёлку Копысь Аршанскага раёну Віцебскай вобласьці.

Хата, рэзыдэнцыя, аўтаматчыкі

Між тым маленства будучы прэзыдэнт Беларусі правёў у вёсцы Александрыя-2 на Шклоўшчыне. Родная хата Лукашэнкаў не ацалела. На яе месцы навабуд. Унутры будынка, складзенага зь бярвеньня, мала хто бываў. Летась гэту хату наведваў расейскі прэм’ер Дзьмітрый Мядзьведзеў.

Родная вёска Аляксандра Лукашэнкі
Родная вёска Аляксандра Лукашэнкі

Непадалёк ад роднага котлішча Лукашэнкі ягоная рэзыдэнцыя. Калі ў ёй бывае гаспадар, то хату ахоўваюць аўтаматчыкі. Так было і сёлета падчас купальскага фэсту «Александрыя сустракае гасьцей». Узброены вайсковец не дазволіў сфатаграфаваць дом. Параіў прыехаць па фатаздымак у іншы дзень, «калі на флягштоку ў рэзыдэнцыі ня будзе прэзыдэнцкага штандара».

Рэзыдэнцыя Лукашэнкі
Рэзыдэнцыя Лукашэнкі

Школа Лукашэнкі на царковішчы. Вучыўся ён на расейскай мове

У школу Аляксандар Лукашэнка хадзіў у вёску з той жа назвай Александрыя, але якая кілямэтраў за пяць ад ягонай роднай хаты. Краязнаўцы адшукалі зьвесткі, што александрыйская школа вядомая з 1886 году. Узьвялі яе на царковішчы. Вяскоўцы кажуць, што гэта самае высокае месцы ў Александрыі. З узгорку праз Дняпро відаць Копысь.

Школьны будынак, у якім вучыўся Лукашэнка
Школьны будынак, у якім вучыўся Лукашэнка
Шыльда на будынку пра Лукашэнкавы школьныя гады
Шыльда на будынку пра Лукашэнкавы школьныя гады

У 1991 годзе школа згарэла. Ад некалькіх будынкаў застаўся толькі адзін. Цяпер у ім музэй. На сьцяне інфармацыйная шыльда пра Лукашэнкавы школьныя гады. У клясе выстаўленыя старога ўзору парты. На адной зь іх таблічка, што за ёй сядзеў будучы прэзыдэнт.

Кляса з партай, за якой нібыта сядзеў Лукашэнка
Кляса з партай, за якой нібыта сядзеў Лукашэнка
Новая школа ў Александрыі
Новая школа ў Александрыі

Паводле настаўнікаў Аляксандар Лукашэнка вучыўся па-расейску. Тутэйшая школа была зь беларускай мовай выкладаньня пакуль зь яе не зрабілі дзесяцігодку.

Вёска прэзыдэнта з гатэлем, спартовым комплексам і катэджамі

Землякі Лукашэнкі кажуць, што «вялікая» Александрыя не была вялікім паселішчам за часамі маладосьці будучага кіраўніка дзяржавы. Цяпер жа вёска перажывае другое нараджэньне. Шмат дыхтоўных катэджаў. Заасфальтаваныя вуліцы. Узьведзены гатэль, спарткомплекс з кортамі. Толькі на заробкі наракаюць вяскоўцы.

Гатэль
Гатэль
Спарткомплекс
Спарткомплекс
Катэджы
Катэджы

Купальле зь міліцыяй, турнікетамі, вайскоўцамі і... страусамі

Купальле адзначаюць у Александрыі маштабна. Сёлета, паводле афіцыйных зьвестак, фэст наведалі сто тысяч чалавек. Былі на ім і Аляксандар і Мікалай Лукашэнкі.

Купальле ў Александрыі
Купальле ў Александрыі

Гулялі пры ўзмоцненых захадах бясьпекі. Пэрымэтар агароджанай турнікетамі пляцоўкі кантралявалі вайскоўцы ды міліцыянты. За парадкам на самім фэсьце сачылі апэратыўнікі ў цывільным. На ўваходзе былі звыклыя мэталяшукальнікі.

Вайскоўцы кантралююць пэрымэтар купальскай пляцоўкі
Вайскоўцы кантралююць пэрымэтар купальскай пляцоўкі

На фэсьце традыцыйна шмат ежы, сувэніраў, песень ды танцаў. Акрамя кароў, коней ды сьвіней на Купальлі сёлета паказвалі і страусаў.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG