Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Севярынец пачаў «начную варту», каб не прапусьціць расейскія танкі


Павал Севярынец на акцыі ў Менску супраць вучэньняў «Захад-2017» у Дзень беларускай вайсковай славы 8 верасьня 2017 году
Павал Севярынец на акцыі ў Менску супраць вучэньняў «Захад-2017» у Дзень беларускай вайсковай славы 8 верасьня 2017 году

Сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Павал Севярынец разам з паплечнікамі запрасіў беларусаў на «Ноч на варце» ў Воршы, каб сачыць, ці не перакідваюць у Беларусь дадатковыя расейскія танкі.

Інфармацыя пра тое, што расейскія танкі, не прадугледжаныя рэглямэнтам вучэньняў «Захад-2017», паднятыя па трывозе і рушылі ў Беларусь, зьявілася ўдзень 14 верасьня. Пазьней Міністэрства абароны Беларусі заявіла, што «расейскі складнік вучэньняў ужо знаходзіцца ў Беларусі і дадаткова нікога не чакаюць»

Позна ўвечары 14 верасьня Павал Севярынец напісаў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку:

«На Воршы Заходняй стаіць эшалён з крытымі грузавікамі, які прыбыў сёньня зранку. У будынку Цэнтральнага вакзалу тры вайскоўцы-беларусы. Міліцэйскія патрулі. Абстаноўка спакойная. Танкаў няма...

Сёньня праз аршанскую чыгунку расейскія танкі не праходзілі, пакідаем тут назіраньне, едзем на "Перекресток" на М1». (Маецца на ўвазе кавярня «Встреча» на скрыжаваньні трасаў М1 і Пецярбург-Адэса).

Раней Севярынец патлумачыў Радыё Свабода, што дапускае сытуацыю, калі Міністэрства абароны Беларусі ня ведае пра дзеяньні Масквы.

«Пакуль няма афіцыйнай інфармацыі ад расейскага вайсковага ведамства, што гэта няпраўда. Калі такая інфармацыя зьявіцца, то разьвернемся і будзем думаць, што гэта было выпрабаваньне нэрваў кіраўніцтва Беларусі. Хаця гэта выглядае зусім кепска. Што гэта за заявы міністэрства абароны Расеі, пра якія ня ведае беларускае міністэрства падчас сумесных вучэньняў? Што, мы павінны рабіць выгляд, што нічога не адбываецца?»

Што актывісты будуць рабіць, калі сапраўды сустрэнуць танкі, Севярынец пакуль ня ведае:

«Будзем глядзець на сытуацыю. Але калі Міністэрства абароны Беларусі ня ведае, што гэта за танкі, то гэта вайсковая агрэсія з усімі наступствамі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG