Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Таталітарны чалавек, якога зваць «савецкі беларус»


Сяргей Астраўцоў

У мяне свая візія беларускага парадку, аб якім пішуць Віталь Цыганкоў і Сяргей Дубавец.

Што такое беларускі парадак? Успамінаецца лета перад чарговымі прэзыдэнцкімі выбарамі. 2010 год. Напруга існавала яўная. Хоць выбары, вядома, пастаноўка на сцэне ў тэлетэатры. З украінскімі не начавалі блізка. А што было ўлетку праз год? Нібы мітынгі, але бяз слоў. Народ проста маўчаў. І што? Уся міліцыя была кінутая падаўляць, людзі ў цывільным! Так хацелася часам зьезьдзіць абы куды, каб крыху адчуць сябе свабодным па-сапраўднаму. Вось вам — «беларускі парадак».

У пэўныя часы на людзей аказвалі даволі вялікі ўплыў літаратурныя ўзоры. Так было ў Англіі, Францыі, так было ў царскай Расеі. І ў пазьнейшыя часы.

Гэта сапраўды так. Павал Карчагін, скажам. У савецкіх умовах. На фармаваньне думкі ўкраінцаў аб саміх сабе, думаецца, не маглі не паўплываць творы Гогаля. «Тарас Бульба» перш. У маім уяўленьні Запароская сеча — гэта мадэль украінскай вольніцы, сьветабудовы. Калі ўпоперак дарогі ляжаць як заманецца казакі і трэба іх аб’яжджаць. І каб не зачапіць. Пазьней вось вам пятлюраўцы, вось вам махноўцы, разнародныя «бацькі».

Ну, а што мы, беларусы? Клясыкі прагнулі перадаць свой боль, сваю роспач за народ. У выніку: я мужык-беларус…

Калісьці ў школе «Пагранічча» была сэсія ў Чарнаўцах, і адзін украінскі філёзаф нам казаў: украінцы іншыя, ад беларусаў адрозьніваюцца. Што вы хочаце, калі ёсьць дамешкі турэччыны? У беларусаў іншыя дамешкі, балцкія. Вось вам і адрозьненьне. У тым ліку што датычыць схільнасьці да парадку.

«У нас, крывічанаў, халодная кроў, пакуль не захопіць да краю любоў», нагадаю Міхайлу Грамыку. І хіба няпраўду напісаў? Праўду. І ўсё рабілася, каб да краю любоў не захапіла. Што зьдзіўляцца? Улады сваёй, беларускай, не было. Некалькі год беларусізацыі? Усё роўна кіравалі тыя, каму «бацькаўшчынай цэлы сьвет», як пісаў Купала. «Пралятарскія інтэрнацыяналісты». Так што ўсю дарогу потым беларус змагаўся сам з сабою не каб выціснуць зь сябе раба, не каб быць беларусам, а каб стаць гарадзкім, бо надта ж саромеўся сваёй дзеравенскасьці, таго «мужыка-беларуса».

А савецкая ўлада, якая адсюль нікуды не зьнікала, сто гадоў ужо выкоўвае зь беларуса чалавека таталітарнага.

Найлепей дасьледаваў гэтую пароду, як вядома, Эрых Фром. Толькі ўзор у яго быў іншы перад вачыма — немцы часоў «трэцяга рэйху». Але высновы Фрома можна лічыць унівэрсальнымі.

Ён пісаў: прапаганда зрабіла так, што мільёны сталі атаясамліваць новую ўладу з самой Нямеччынай. У руках правадыра цяпер была дзяржаўная ўлада і барацьба зь ім азначала выключыць сябе з супольнасьці немцаў. Апазыцыя ўладзе, новаму парадку, аўтаматычна пачала лічыцца супрацьпастаўленьнем сябе самой Нямеччыне. Звычайнаму чалавеку, «простаму», як любіць называць яго начальства, адчуць сябе не прыналежным да большасьці было надзвычай цяжкім выпрабаваньнем. Належаць да ўсіх, быць як усе — у гэтым шчасьце таталітарнага чалавека.

Слабасьць маральнай паставы большасьці насельніцтва дапамагла партыі правадыра авалодаць ляяльнасьцю насельніцтва, як толькі яна авалодала ўладай, тлумачыў філёзаф.

Аўтарытарнаму чалавеку даспадобы ўмовы, якія абмяжоўваюць свабоду чалавека. Ён з гатоўнасьцю сам ім падпарадкоўваецца. Пакуль улада моцная, пакуль яна загадвае, ён верыць ёй і гатовы быць адданым.

Ён, гэты чалавек, мае звычайна два абліччы. Захапляецца ўладай, хоча ёй падначальвацца. І адначасова сам у душы ня супраць быць уладай, каб іншых падпарадкоўваць сабе. Ён ня пойдзе супраць сілы, ён тады авечка. Але як толькі зьмеціць чалавека нямоцнага, яму карціць адразу прыціснуць, прынізіць. І чым больш бездапаможнай акажацца ахвяра, тым мацней прагне гэтага душа.

Ну й хіба ня меў рацыі Фром?

Вось вам і славэтная беларуская «любоў да парадку». Ці шмат яна вартая, калі ўзяць лупу?

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG