Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віталь Цыганкоў знайшоў розьніцу паміж беларусамі і ўкраінцамі ў схільнасьці першых да парадку, а другіх да бардаку. Але ці насамрэч гэта парадак і бардак?

Хто бываў у Кіеве, ня мог не адчуць, наколькі там іншая атмасфэра, паветра свабоды, калі абсалютна нічога не напружвае. Зусім недарагія, у параўнаньні зь менскімі, кавярні і неверагодна смачныя стравы ледзьве ня ўсіх кухняў сьвету. Кава на кожным кроку… Міжволі ахоплівае адчуваньне гармоніі. А гармонія, між іншым, вырастае з хаосу, з таго, што Віталь назваў бардаком.

Я некалькі разоў бываў у адной маленькай чарнобыльскай вёсцы. Да катастрофы гэта былі звычайныя драўляныя хаты пры невялікай вуліцы, якая ў дажджы ператваралася ў адну вялікую лужыну. Пасьля адсяленьня жыхароў, празь некалькі гадоў, я назіраў, як гэтыя хаты «лягалі» ў замлю – апоўзлымі стрэхамі, перакошанымі сьценамі, сьмецьцем, якое разносіў вецер. Паўсюль папрарастала кустоўе. Словам, клясычны хаос ці бардак. Нарэшце заехаў я ў гэтую вёску зусім нядаўна. Яе не было. Ні хат, ні вуліцы-лужыны, ніякіх прыкметаў цывілізацыі. На месцы вёскі стаяў прыгажэнны лес, над якім сядала сонца. Я адчуў сябе мастаком, які прыехаў на эцюды, бо назіраў поўную гармонію.

Гармонія заўсёды вырастае з хаосу. А парадак брутальна вынішчае хаос, гэта значыць, саму глебу, зь якой можа паўстаць гармонія. Пасьля парадак спрабуе імітаваць гармонію, але мы ведаем, што гэта толькі імітацыя.

Магчыма, у Кіеве не настолькі «чыстыя вуліцы», як у Менску, але варта выехаць на любую менскую ўскраіну, каб пабачыць засьмечаныя пад завязку лясы і пусткі. Зусім не хачу сказаць, што беларусы бардачнікі, але і абсалютызаваць іхны «парадак» ня варта. У гэтым сэнсе ён вельмі падобны на парадак расейскі і нагадвае мне пра адзін сюжэт.

Неяк я заўважыў калегу і падарожніку Зьмітру Бартосіку, што самыя чыстыя прыбіральні на запраўках – лукойлаўскія. І вось, будучы ў вандроўцы ў Пецярбургу, Бартосік вырашыў гэта спраўдзіць. «Сапраўды, кажа, прыгажосьць». Сказаў ён пра гэта работніцы запраўкі. Рэакцыя была нечаканай. Яна зрабіла пакутніцкі твар і сплаканым голасам прагудзела: «Нас заставля-я-яют».

Менавіта гэтая чысьціня, гэты парадак, гэтая геамэтрыя праяўляецца ў нас ня толькі на вуліцах, яна яшчэ і ў галовах і ўся як ёсьць менавіта расейскага паходжаньня.

З парадкам лёгка перабаршчыць – згадаць хоць бы экзальтаваны нямецкі парадак («Ня ўсё толькі дрэннае…», памятаеце?), з гармоніяй гэта немагчыма.

У чым сёньня прынцыповая розьніца паміж беларусамі і ўкраінцамі, дык гэта ў развароце Ўкраіны да самой сябе – ад сябе савецкай, ад расейскіх тэлеканалаў, ад камуністычных помнікаў і назваў вуліц і гарадоў – ад таго даўно пратухлага балота, паветрам якога мы дыхаем кожны дзень.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG