Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мундзір як таўро


Зьміцер Бартосік
Зьміцер Бартосік

Згадваю беларускі савецкі тэлефільм «Час выбраў нас». У чацьвёртай сэрыі там была сцэна, дзе ў камэру да палоннага прафэсара-гісторыка, якога граў Леанід Маркаў, прыходзіць нямецкі палкоўнік і пісьменьнік Гельмут Бэсьлер. Знаёмы з прафэсарам да вайны.

Літоўскі актор Генрыкас Кураўскас, робячы максымальна брыдкі выраз твару, нагадвае рускаму прафэсару: «Я Бесслер. Писатэль. Времья военное. И я, немецкий писатэль, как видите, полковник». На што савецкі інтэлігент мужна кідае ў твар праклятаму фашысту: «Вы не Бесслер! Вы не писатель!» Зьбянтэжаны палкоўнік разгублена пытаецца: «Почьему, Алексей Алексеевич, Вас так возмутьил мой мундир?»

Гэтую сцэну са старога кіна пра вайну і немцаў я прыпомніў пасьля чытаньня камэнтароў да артыкулаў Сяргея Дубаўца з працэсу над ашмянскімі мытнікамі. Як жа многіх «беларускамоўных» і «нацыянальна сьвядомых» «возмутьил» Юркойцеў мундзір. Мундзір «служкі рэжыму». А для многіх несьвядомых мундзір беларускага мытніка быццам ад пачатку заплямлены. Бо мытнік ня можа ня браць хабар. Па вызначэньні. Работа ў яго такая. Ці не на гэта і разьлічвалі фабрыканты гучнай справы?

За апазыцыянэраў будуць заступацца праваабаронцы. Змагароў за мову і гісторыю будуць шкадаваць інтэлігенты, журналісты будуць шум падымаць. Ды й што з гэтай публікі возьмеш? А вось мытнік – ідэальная ахвяра! Асабліва, калі цэлую групу «раскрыць». Тут і падвышэньне па службе. І прэміі. І самі ахвяры можна абкласьці данінай. Суцэльная карысьць. І для дзяржавы, і для яе ахоўнікаў!

Але, здаецца, з мытнікам Юркойцем нешта ўсё ж пайшло ня так. Не павінен быў гэты працэс так падрабязна асьвятляцца. Усё мусіла прайсьці ціха. Як праходзілі іншыя падобныя працэсы. Асоба Юркойця паламала ціхі сцэнар. Занадта ён яскравая фігура, каб не прыцягнуць да сябе ўвагу.

Вурдалакі ня любяць сонечнага сьвятла. Але застануцца навечна ў памяці народнай усе прозьвішчы герояў гэтага працэсу. І раённага кадэбіста, і сьледчага, і пракурора, і судзьдзі.

Тое, што ў нас не было суду, мы ведалі. Але яшчэ высьветлілася, што ў нас няма і праваабаронцаў. Дзякуй Алесю Юркойцю за гэтае адкрыцьцё. Будзем цяпер знаць, што разьлічваць на іх юрыдычную дапамогу пры судовым бясчынстве мы ня можам. Ну, вядома, калі мы бэлькай ня білі вокны ў Доме ўраду.

Але ёсьць яшчэ адно, за што павінны падзячыць Юркойцю ўсе ўладальнікі мундзіраў. Аказваецца, для дзяржавы, якой вы служыце, вы не зусім людзі. Вы мундзіры. Прычым ад пачатку заплямленыя. Няіснымі хабарамі – гэта самае меншае.

Каго яшчэ, акрамя мытнікаў, у нас шкадаваць ня будуць? Памежнікаў? Ці, можа, чыноўнікаў ЖКГ? Ці супрацоўнікаў ДАІ? Ці, можа, чыгуначнікаў? Пажарнікаў? Сярод якіх яшчэ прафэсій прыдумаюць ворагаў народа нашчадкі жалезнага Фэлікса? Носьбітаў якіх мундзіраў загоняць у «арганізаваныя злачынныя групоўкі»? У любым выпадку, напружыцца павінны носьбіты мундзіраў. І баяцца за свой заўтрашні дзень трэба найперш вам. А не філёлягам з краязнаўцамі.

І так будзе пакуль ня зьявяцца свае, не савецкія, а чыста беларускія мундзіры. Дарэчы, ці ня памятаеце, які працэнт абласных і краявых кіраўнікоў НКВД быў арыштаваны падчас Вялікага тэрору? Семдзесят пяць.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG