Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд у Чарнагорыі ня даў выехаць у Расею абвінавачаным у дзяржаўным перавароце


Чарнагорскі палітык Мілан Кнежавіч ўваходзіць у будынак Вярхоўнага суду перад разглядам справы аб спробе перавароту, 11 верасьня 2017
Чарнагорскі палітык Мілан Кнежавіч ўваходзіць у будынак Вярхоўнага суду перад разглядам справы аб спробе перавароту, 11 верасьня 2017

Суд у Чарнагорыі адмовіўся вярнуць пашпарты апазыцыйным палітыкам Мілану Кнежавічу і Андрыя Мандзічу. Яны плянавалі выехаць у Маскву на сустрэчу з кіраўніцтвам партыі «Единая Россия». У Чарнагорыі працягваецца разгляд справы аб спробе дзяржаўнага перавароту ў кастрычніку 2016 года, калі, па вэрсіі сьледзтва, змоўшчыкі плянавалі захапіць парлямэнт і забіць прэмʼер Міла Джуканавіча пры спрыяньні расейскіх структураў.

Княжэвіч і Мандзіч былі пазбаўленыя дэпутацкай недатыкальнасьці і магчымасьці выяжджаць за мяжу пасьля прадʼяўленьня ім абвінавачваньняў у спробе дэстабілізацыі краіны. Абодва палітыка зьяўляюцца чальцамі прарасейскай партыі «Дэмакратычны фронт». Раней намесьнік сакратара генсавету «Единая Россия» Сяргей Жалязьняк пацьвердзіў запрашэньне прадстаўнікоў «Дэмакратычнага фронту» на міжпартыйных кансультацыях. Пры гэтым Жалязняк абвінаваціў чарнагорскія ўлады і заходнія спэцслужбы ў «палітычным і крымінальным ціску» на лідэраў «патрыятычнай» апазыцыі.

З моманту аднаўленьня судовага працэсу 6 верасьня паказаньні далі двое абвінавачаных: грамадзяне Сэрбіі Браціслаў Дзікіч і Мілаш Яванавіч. Яны адхілілі прадʼяўленыя ім абвінавачваньні, але пацьвердзілі знаёмства і зносіны з адным з меркаваных арганізатараў перавароту Аляксандрам (Сашам) Сінджэлічам, які пасьля арышту атрымаў статус сьведкі, які супрацоўнічае са сьледзтвам.

Мілаш Яванавіч падчас слуханьняў 7 і 11 верасьня паведаміў судзьдзям, што чуў ад Сінджэліча аб плянах арыштаваць або забіць прэмʼера Джуканавіча, але не ведае, якім чынам меркавалася рэалізаваць гэты сцэнар. Паводле яго словаў, Сінджэліч хацеў зладзіць «рэвалюцыю». Яванавіч сьцвярджае, што ў яго прысутнасьці Сінджэліч размаўляў па тэлефоне па-расейску і паведаміў невядомым, што чальцы яго групы арыштаваныя. Сам Яванавіч, паводле яго словаў, пагадзіўся за 500 эўра спаліць адзін з абʼектаў у Падгорыцы па патрабаваньні Сінджэліча, аднак не выканаў гэтае распараджэньне.

У сваю чаргу былы камандзір сэрбскай жандармэрыі Браціслаў Дзікіч заявіў судзьдзям, што чарнагорскі пракурор Мілівое Кацініч аказваў на яго ціск, пагражаючы прыпісаць яму выкарыстаньне зброі. Абвінаваўчае заключэньне Дзікіч назваў «выдумкай».

Усяго па гэтай справе праходзяць 25 чалавек, Дваіх расейцаў, Эдуарда Шышмакова і Ўладзіміра Папова, судзяць завочна. Расея адмаўляе сваю датычнасьць да незаконных дзеяньняў у Чарнагорыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG