Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Белыя крылы» пад прыгнётам бульбы ня лётаюць


Алег Дашкевіч

Неяк драматычна, калі не трагічна пачаўся адбор на расейскі чэмпіянат сьвету па футболе для беларускай нацыянальнай каманды.

«Белыя крылы» ледзь выціснулі нічыю зь Люксэмбургам у Барысаве, але на матч у адказ у маленькім княстве Люксэмбург духу ўжо не хапіла, параза 0–1.

Люксэмбург, дарэчы, мае пяцьсот тысяч усяго свайго насельніцтва.

Інтэрнэт рэагаваў эмацыйна, але допіс футбольнага агента Валерыя Ісаева падвёў лягічную рысу:

«Гуляць годна пачнём тады, калі зробім TESLA). Мы чамусьці кажам, што амэрыканцы малайцы, зрабілі такі аўтамабіль. А што гэтаму папярэднічала, акуратна „запіваем“. TESLA — гэта ўсё са словамі „вольны“, „свабодны“: рынак, суд, выбары і шмат усяго. Як жывём, так і гуляем!».

Ключавое слова — свабодны.

А тым часам «зубры» хакейнага менскага «Дынама» «звышвынікова» стартавала ў лізе КХЛ, пяць матчаў — пяць паразаў і дно зводнай турнірнай табліцы.

— Гуляюць, як палонныя, — агулам крычыць інтэрнэт.

А чаго чакаць, калі міністар унутраных спраў Ігар Шуневіч, вялікі аматар НКВД, нібыта, каб зьнізіць кошты, загадаў наладзіць вытворчасьць хакейнай формы ў папраўчай калёніі ў Гомелі. Палонныя, так бы мовіць, шыюць форму для палонных.

Гэтай формай, хакейныя функцыянэры спадзяюцца канкураваць з замежнымі брэндамі, а таксама падымаць масавасьць і якасна разьвіваць дзіцячы хакей.

Яшчэ старшыня назіральнае рады «Дынама» міністар Шуневіч задумаўся пра калгасы, складзеныя з зэкаў, каб якасна ня толькі шыць хакейную форму, але й вырошчваць бульбу.

Бульба, таксама слова ключавое.

Над усёй нашай рэчаіснасьцю, над усімі нашымі футболамі-хакеямі ўлучна пануе бульба. Усе тыя 105 тон, нібыта, назьбіраныя галоўным бульбаводам і ягоным меншым сынам.

На кожнага беларуса, апроч атмасфэрнага слупа, ціснуць яшчэ гэтыя 105 тон. Зрушыць зь месца, адарвацца ад зямлі з такой вагой не пад сілу ні Зубрам, ні Белым крылам.

Каб паляцець, каб стаць хоць бы маленькім княствам Люксэмбургам, трэбабульбай ахвяраваць.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG