Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анатоль Сыс: «Мы такія не шчасьлівыя». Гісторыя аднаго фота і інтэрвію


Перабіраючы старыя паперы і дакумэнты, знайшла крыху надарваны, вялікі фотаздымак Анатоля Сыса.

Адразу згадала падзеі 20-гадовай даўніны, калі я, маладая журналістка, толькі пачаўшая працаваць у газэце «Народная воля», узяла інтэрвію ў паэта. Гэта была сапраўдная журналісцкая ўдача, бо як прызнаўся тады Сыс, «роўна дзесяць гадоў, як не даваў нікому інтэрвію».

Гэты фатаздымак Анатоль Сыс прынёс мне ў «Народную Волю», каб праілюстраваць інтэрвію. Быў цёплы восеньскі дзень, Сыс быў добрай форме і добрым настроі. Зусім нядаўна ў газэце «Звязда» яму прапанавалі весьці рубрыку — анталёгія беларускай паэзіі, што азначала сталы ганарар і адпаведна больш упарадкаванае жыцьцё. Хачу нешта зьмяніць у жыцьці, казаў мне тады паэт...

Фатаздымак ён не забраў... Сталага супрацоўніцтва са «Звяздой» не атрымалася...

Цяпер перачытваю тое інтэрвію:

«Хіба што шкадую пра адно. Вакол мяне было столькі прыгожых дзяўчат, мае ж сябры іх і разабралі. Чаму, дурань, не выбраў сябе? Так бы зараз каля мяне блытаўся маленькі Сысік — і ўсё шчасьце. Па прыродзе я — бацька».

У тыя верасьнёўскія дні 20 гадоў таму, калі яшчэ не было ніякіх беларуска-расейскіх вучэньняў, я працытавала Сысу ягоны верш «Дзікі мёд»:

Адкапаю пайду кулямёт, каб хадзіць сьмела ў бацькавай пушчы.

На што ён адказаў:

«Я ведаю, на нашай зямлі болей ніколі ня будзе вайны. А трэба будзе, пайду і адкапаю, калі хто палезе. Тым больш што ў нашых лясах зброі на цэлую армію хопіць».

Гляджу цяпер на фотапартрэт паэта, зроблены «звяздоўцам» Яўгенам Пясецкім. Сумны, глыбокі, адчайны позірк прыцягвае, не дае адарвацца. На другім баку фота подпіс, як выглядае, сястры Валянціне.

Жыве Беларусь!

Пісаў на сэрцы майго сябрука!

Валя, я цябе люблю

як свае сэрца, як сэрца маці,

як сэрца сваіх сяброў, як

сэрца майго роднага брата Віці,

а ведаеш чаму, таму

што Віця мяне крэпка

любіць. А яшчэ ведаеш

чаму? Таму, што мы

зь Віцям крэпка любім бацьку,

а матка за тое, што

мы такія ня шчасьлівыя,

усё робіць у гэтым жыцьці,

каб мы былі шчасьлівыя!

2 верасьня, 1997 г.

Анатоль Сыс пражыў 45 гадоў. Яго няма з намі ўжо 12 гадоў. Ён рэдка даваў інтэрвію. Усяго пяць ягоных інтэрвію (у тым ліку і тое маё для «Народнай волі») трапілі ў найбольш поўны збор выбраных твораў Сыса «Лён», які быў укладзены Міхасём Скоблам і выдадзены ў 2006 годзе ў выдавецтве «Кнігазбор».

Але вяртаюся ізноў у верасень 1997-га... Праз некалькі дзён пасьля выхаду інтэрвію ў рэдакцыю «Народнай волі» зайшоў літаратуразнаўца Аляксандар Фядута і гучна запытаўся: «Пакажыце мне, хто такая Ганна Соўсь». Я спачатку зьбянтэжылася, потым прадставілася. Ён пацалаваў мне руку і сказаў: «Дзякуй за інтэрвію з Анатолем Сысом, найлепшым беларускім паэтам».

У маім журналісцкім жыцьці было шмат цікавых суразмоўцаў — былых прэзыдэнтаў, вядомых літаратараў і палітыкаў, вядомых і невядомых людзей. Але тое інтэрвію з беларускім паэтам у той цёплы верасень 1997-га — мой асобны гонар і дарагі ўспамін. Як і фатаздымак, які заўсёды буду захоўваць.

У той восеньскі дзень Анатоль Сыс паабяцаў: «Як пойдуць восеньскія дажджы, пачну пісаць...»

2 верасьня 2017. Прага

«Як пойдуць восеньскія дажджы — пачну пісаць...»

Ганна Соўсь, «Народная воля»

«У паэзіі ў кожнага свой слуп», — пісаў у адным са сваіх вершаў Анатоль Сыс. І сапраўды, у беларускай паэзіі сваё месца займаюць вершы беларускага таленавітага «паэта-хулігана» Анатоля Сыса. Яго творчасьцю захапляюцца многія, але і многія ж не разумеюць ягоных паводзін. Сам жа Сыс даволі часта ганарліва называе сябе сынам Янкі Купалы і братам Максіма Багдановіча.

— Чым адрозьніваецца Анатоль Сыс сярэдзіны васьмідзесятых — вядомы таленавіты малады паэт, і Анатоль Сыс сярэдзіны дзевяностых — вядомы сталы паэт-скандаліст?

— Анічым. Як кажуць, гарбатага магіла выправіць. Хіба што стаў менш рэзкім у жыцьці і паэзіі?

— Патлумачыць можна?

— Можна. Менш рэзкім у жыцьці — гэта значыць, стараюся не кранаць боскае стварэньне ні пальцам, ні словам. Баюся, а лепш сказаць, не магу ўдарыць чалавека. Лепш сам пад вока атрымаю. Ну, вядома, акрамя тых сытуацый, калі могуць сесьці на галаву. А ў вершах усе больш і больш цягне на лірыку, на звычайны зямны роздум. Роўна дзесяць гадоў, як я не даваў нікому інтэрвію. А вось зараз падняў архівы, і ўсё, што я казаў і думаў раней, абсалютна кладзецца на сёньняшні дзень. Хіба што шкадую пра адно. Вакол мяне было столькі прыгожых дзяўчат, мае ж сябры іх і разабралі. Чаму, дурань, не выбраў сябе? Так бы зараз каля мяне блытаўся маленькі Сысік — і ўсё шчасьце. Па прыродзе я — бацька.

— Сапраўды. У цябе зараз даволі крытычны для паэта ўзрост — трыццаць сем гадоў. Ты гэта адчуваеш?

— Яшчэ як. Справа нават не ў гадах, а ў адзіноце ці, як сказаў бы мой старэйшы таварыш па няшчасьці Алег Бембель (Зьніч), цяжка быць паэтам у самоце. Ён, здаецца, знайшоў выхад, падаўся ў манахі ў Жыровіцкі манастыр. Але я чамусьці ўпэўнены, што ён яшчэ вернецца. Хаця, Бог яму судзьдзя. Вось зьбіраюся яго адведаць з бутэлечкай чырвонага віна, хто ведае, можа, і сам там застануся... жартую, канечне... Люблю пажаліцца, маўляў, заблудзіўся я трошачкі ў жыцьці... ды ніколі і анідзе не заблудзіўся. Усё вельмі проста: была б маці жывая, быў бы кавалак хлеба, былі б каля мяне сябры і сяброўкі — тады і вершы будуць. А! Забыўся, яшчэ каб вайны не было...

— Дарэчы, калі ты ўжо сам перакінуўся на палітыку, дык успомнім непрыгожы эпізод з азаронкаўскай «агіткі» «Ненависть. Дети лжи», дзе цябе паказалі ў вясёлым стане. Табе не крыўдна, што з-за цябе быў кінуты цень на БНФ?

— Вядома, крыўдна. Адкулья ведаў, што «Віцязь» у шакалавай скуры, ды яшчэ з-за вугла здымае мяне, ды ня толькі мяне?! А потым так гэта зманціруе... Наслухаўся я папрокаў і ад сяброў, і ад аднавяскоўцаў, і ад зусім незнаёмых мне людзей, хаця гэтае кіно і блізка не цягне на мастацтва, ёсьць забароненыя прыёмы. Азаронак жа «по велению душы» і па загадзе сваіх трэнэраў толькі тым і займаўся, што біў «детям лжи» выключна ніжэй пояса — рэжысёр аднаго прыёму. Вядома, крыўдна, што з-за мяне быў кінуты цень на БНФ. Хаця я ніколі не ўваходзіў ні ў якую партыю, у тым ліку і ў БНФ. Разумею, што па маіх выхадках часта мяркуюць пра беларуса-адраджэнца, сьвядомага беларуса. Але ж трэба ўлічваць натуру паэтычную, а значыць, непрадказальную. І наогул, паэту няма чаго лезьці ў вялікую палітыку. Так, спачуваць можна, на мітынгу патрыятычным вершыкам рысануцца, зь людзьмі «Чарнобыльскім шляхам» прайсьціся...

Анатоль Сыс. Фота Анатоля Клешчука
Анатоль Сыс. Фота Анатоля Клешчука

Ня верыце, дык спытайце ў Анатоля Вярцінскага, колькі кніжак у яго адабрала ягонае дэпутацтва. А ў выніку — ні вершаў Вярцінскага, ні людзкага парлямэнту. Ня ведаю, можа, Яндарбіеў, які разам зь Лявонам Галубовічам вучыўся ў Маскве ў Літінстытуце, перакладаў Лявона на чачэнскую мову, і змог сумясьціць вайну і паэзію. Аднак што тут раўняць вайну і палітычную валтузьню. Памятаеце, з нашай Айчыннай выйшлі якія паэты! Твароўскі, Дудзін, Гудзенка, Сурначоў, Панчанка. Гэта табе, Славік Адамовіч, не рот зашываць прадэзінфікаванай іголкай на мітынгу. Часовая папулярнасьць можа зьявіцца, а ці таленту прыбудзе? Сумняюся. Ва ўсякім разе, для мяне — гэта пройдзены этап.

— А як жа разумець твой верш «Дзікі мёд»: «Адкапаю пайду кулямёт, каб хадзіць сьмела ў бацькавай пушчы».

— Я ведаю, на нашай зямлі болей ніколі ня будзе вайны. А трэба будзе, пайду і адкапаю, калі хто палезе. Тым больш што у нашых лясах зброі на цэлую армію хопіць. Ты лепш запытайся, адкуль у мяне сьвядомасьць.

— Адкуль?

— Нарадзіўся я і вырас у вёсцы Гарошкаў Рэчыцкага раёна. Мая хата стаіць на гарадзішчы Зарубянецкай і Мілаградзкай культур. Гэта III-IV стагодзьдзі да нашай эры Яшчэ мая маці і бацька ў 50-ых гадах удзельнічалі ў раскопках пад кіраўніцтвам прафэсара Мальнікоўскай. Бацька на самазвале адвозіў скрыні са знаходкамі ў Рэчыцу на цягнік, а адтуль іх адпраўлялі ў Маскву, Ленінград. Гэта мае аднагодкі хадзілі па лясах, снарады капалі, а я зь дзяцінства саматугам капаў чарапкі, маністы, крамянёвыя наканечнікі стрэлаў ды насіў у мясцовы краязнаўчы музэй. Я, дарэчы, часта жартую, што сталіца Беларусі — Гарошкаў, бо першага глінянага каня знайшлі на маім гародзе, як бульбу капалі. Ён зараз — ва ўсіх энцыкляпэдыях. Вось адкуль узялася Пагоня!

— Ты памятаеш свае першыя радкі, свой першы надрукаваны верш?

—Свой першы верш я напісаў на роднай мове ў дзевяць гадоў і гэтым ганаруся. Не хвалюся, але ўжо тады я быў упэўнены, што надыдзе час, і мяне будуць вывучаць у школе. Так і адбылося.

— А памятаеш свае апошнія радкі, апошні надрукаваны верш?

— Памятаю, што апошні надрукаваны верш называецца «Вечны жыд», здаецца, у адным з веснавых нумароў «Крыніцы». А вось напамяць свае вершы ніколі не памятаю. Апошнія ж радкі выбітыя на помніку майго сябра Цыбульскага Валодзі з маёй вёскі. Ён скончыў факультэт фізычнага выхаваньня Магілёўскага пэдінстытута і памёр. Сьвядомы быў чалавек. Гэта. Мабыць, адзіна эпітафія на беларускай мове ў Гомельскай вобласьці.

Я чуў зь неба сум ваш на зямлі,

вы не судзіце свайго сына строга,

мяне анёлы за руку ўзялі

і, як дзіця, вядуць да Пана Бога.

Таму па мне не плачце, мама, многа,

бо да Хрыста, нібы дамоў, дарога...

— На твой погляд, бываюць таленавітыя паэты абсалютнымі цьвярозьнікамі, ціхонямі, нейкімі бязгрэшнымі, ідэальнымі бесьцялеснымі фігурамі?

— Ганна, на мой капыл, не бываюць. Прынамсі, я такіх не сустракаў і ня ведаю ў літаратуры. Хтосьці скажа: а Багдановіч? О, гэта яшчэ тая «мятущаяся душа»! А ў прынцыпе, бедны памёр, так і не пасьпеўшы зграшыць. Мабыць, зараз дзесьці ў раі.

— Ты быў адным са стваральнікаў літаратурнага абʼяднаньня «Тутэйшыя». Раскажы, калі ласка, падрабязьней аб гэтым пэрыядзе.

— Ну добра, расказаў жа табе, адкуль узялася «Пагоня», тады раскажу, адкуль узяўся Беларусі народны фронт. БНФ, па вялікім рахунку, узяўся з «Талакі» і «Тутэйшых». Але гэтая размова не на адно інтэрвію. Я, дарэчы, знайшоў добрага журналіста, які быў і ў «Талацэ», і ў «Тутэйшых». Гэта ж такая гісторыя, цэлы раман. З працягам.

Анатоль Сыс. Фота Анатоля Клешчука
Анатоль Сыс. Фота Анатоля Клешчука

— Аб чым марыць сёньня Анатоль Сыс?

— Знаецца, пра ўсе свае мары я ўжо сказаў. Паўтаруся: каб не было вайны, каб мы адзін аднаго не баяліся, паважалі, каб міліцыя ў мяне не вырывала бел-чырвона-белы значок з грудзей. Няхай яны носяць свой чырвона-зялёны. Я ж ім не забараняю. Ведаю, што кожны, хто нарадзіўся на гэтай зямлі, любіць яе па-свойму, але любіць шчыра, і нічога паганага ёй і яе людзям не жадае. Іншая справа — «час такі і век такі». Усё вернецца на «кругі свая».

— Калі чытачы змогуць пазнаёміцца з тваімі новым вершамі?

— Калі прыйдзе непагадзь. Абяцаю, як пойдуць восеньскія дажджы — пачну пісаць. Чаго і вам жадаю. Да сустрэчы!

4 кастрычніка 1997. Прага

  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG