Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жаночай арганізацыі АГП зноў адмовілі ў рэгістрацыі


Антаніна Кавалёва
Антаніна Кавалёва

Міністэрства юстыцыі Беларусі другі раз адмовілася зарэгістраваць жаночую арганізацыю «Гендэрнае партнэрства» Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Пра гэта Свабодзе сказала намесьніца партыйнага старшыні Антаніна Кавалёва.

«Я як юрыст займалася гэтай справай непасрэдна. Пасьля першай адмовы ў рэгістрацыі прадстаўнік Мін’юста ў гутарцы са мной запэўніваў, што калі мы прыбяром з тэксту статуту адзін сказ, дык наша арганізацыя будзе зарэгістраваная. Мы так і зрабілі — прыбралі тое, што не спадабалася чыноўнікам, — кажа Кавалёва. — І тым ня менш былі знойдзены новыя „парушэньні“. Мне абсалютна ясна, што Міністэрства юстыцыі не настроенае на супрацоўніцтва зь людзьмі, якія жадаюць зарэгістраваць грамадзкае аб’яднаньне. Таму, колькі б мы туды ні зьвярталіся, кожны раз будзе знойдзена падстава для адмовы».

​Дарэчы, другі ўстаноўчы зьезд «Гендэрнага партнэрства» праходзіў адначасова зь летняй сэсіяй Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ. І замежныя дэпутаты зь Літвы, Польшчы, Славаччыны, Украіны, Швэцыі тады віталі беларускіх жанчын з нагоды іхнай ініцыятывы.

«Пра рашэньне Мін’юсту Аб’яднаная грамадзянская партыя праінфармуе Парлямэнцкую Асамблею АБСЭ і асабіста кожнага з дэпутатаў, якія прынялі ўдзел ва ўстаноўчым сходзе ў якасьці гасьцей», — сказаў Свабодзе старшыня АГП Анатоль Лябедзька.

Апошнім часам Міністэрства юстыцыі таксама адмовіла ў рэгістрацыі грамадзкаму аб’яднаньню «Дзея» і Сацыяльна-хрысьціянскаму руху.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG