Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лепей позна, чым ніколі: у Беларусі зноўку ствараецца жаночая партыя. Калісьці такая партыя нібыта была, але актыўнай абаронай правоў жанчын яна не займалася і сур’ёзных выклікаў гендэрным завядзёнкам не рабіла.

Цяперашнія партыі час ад часу зьвяртаюцца да так званай жаночай павесткі, але гэта знаходзіцца на пэрыфэрыі іх палітычных інтарэсаў. Больш за тое, пэўныя пытаньні павесткі ставяцца такім чынам, што іх вырашэньне будзе граць супраць інтарэсаў жанчын.

...дзеля дэмаграфічных інтарэсаў дзяржавы можна пазбавіць жанчын права на аборт, а дзеля эканоміі бюджэту — не прымаць спэцыялізаваны закон аб прадухіленьні хатняга гвалту

Аргумэнт «жанчыны — такія ж грамадзяне, і таму ня варта вылучаць іх у асобную катэгорыю, а трэба сканцэнтравацца на агульнаграмадзянскіх праблемах» таксама працуе не на жаночую карысьць. Ён адмаўляе важнасьць гендэрнай праблематыкі як такой, а «жаночыя» пытаньні прапануе вырашаць з пазыцыі «ўсяго грамадзтва». Як правіла, гэта значыць, што дзеля дэмаграфічных інтарэсаў дзяржавы можна пазбавіць жанчын права на аборт, а дзеля эканоміі бюджэту — не прымаць спэцыялізаваны закон аб прадухіленьні хатняга гвалту.

Таму жаночая партыя нам патрэбная па наступных прычынах:

1) Каб сыстэматычна і пасьлядоўна актуалізоўваць жаночую павестку.


Першае, што мусіць зрабіць жаночая партыя — гэта вывесьці жаночую праблематыку ў Беларусі зь ценю і сыстэматычна працаваць над тым, каб праблемы, зьвязаныя з гендэрнай дыскрымінацыяй, гінэкалягічнай і пэдыятрычнай мэдычнай дапамогай, мацярынствам і хатнім гвалтам былі больш заўважнымі і пазбавіліся пэўнай стыгмы.

Тыповыя жаночыя праблемы сёньня маргіналізуюцца.

Тыповыя жаночыя праблемы сёньня моцна абясцэньваюцца і маргіналізуюцца, і агульнае стаўленьне да іх — як да несапраўдных і надуманых альбо брудных і нявартых публічнага прызнаньня. Такім чынам, трэба працаваць над грамадзкім успрыманьнем гэтай праблематыкі і парушаць табу на яе агучваньне як сапраўды важнай.

2) Каб паскорыць вырашэньне жаночых праблем.

Трэба партыя, якая будзе канцэнтравацца ў першую чаргу на становішчы жанчын у беларускім грамадзтве. Каб нейкая праблема вырашылася, хтосьці мусіць сур’ёзна за яе ўзяцца, бо пакуль жаночая павестка знаходзіцца на пэрыфэрыі інтарэсаў палітычных дзяячак і дзеячаў, яна нібыта павісае ў паветры. Усе пра яе ведаюць, але ў сьпісе прыярытэтаў яна займае адну з апошніх пазыцый.

Нам зусім не хочацца чакаць, пакуль мужчыны-палітыкі вырашаць, што яны ўжо разабраліся з «сапраўды важнымі пытаньнямі».

Але жаночая павестка — гэта не абстрактныя разважаньні, а рэальныя патрэбы грамадзянак гэтай краіны. Жанчыны ўжо паміраюць ад хатняга гвалту і ўжо атрымліваюць псыхалягічныя траўмы ў радзільнях. І нам зусім не хочацца чакаць, пакуль мужчыны-палітыкі вырашаць, што яны ўжо разабраліся з «сапраўды важнымі пытаньнямі» і могуць нарэшце зьвярнуць увагу на нашыя праблемы.

3) Каб трансфармаваць цяперашняе і распрацаваць дадатковае антыдыскрымінацыйнае заканадаўства.

Акрамя агульнага прыняцьця жаночай павесткі соцыюмам, важна замацаваць яе на заканадаўчым узроўні. На жаль, сёньняшнія законы і іншыя нарматыўныя акты зьмяшчаюць нямала дыскрымінацыйных пунктаў адносна жанчын, і гэта замінае нам паўнавартасна ўдзельнічаць у жыцьці грамадзтва.

Трэба цалкам скасаваць сьпіс забароненых для жанчын прафэсій.

Так, трэба цалкам скасаваць сьпіс забароненых для жанчын прафэсій; зьняць любыя абмежаваньні на атрыманьне адукацыі, калі яны абумоўлены полавай прыналежнасьцю; прыняць закон аб супрацьдзеяньні хатняму гвалту; распрацаваць закон аб супрацьдзеяньні сэксуальным дамаганьням на навучаньні і працы; легалізаваць хатнія роды і рэгуляваць дзейнасьць хатніх акушэрак.

Як правіла, дыскрымінацыйныя законы базуюцца на тым, што жанчына ня ў стане самастойна вырашаць, што лепш для яе самой. Але такі падыход недапушчальны і не павінен існаваць у сьвецкай дзяржаве ў дваццаць першым стагодзьдзі.

4) Каб стварыць эфэктыўныя мэханізмы рэалізацыі гэтых законаў.

Законы павінны не толькі прымацца, але і эфэктыўна працаваць. Сёньня ўжо існуе забарона адмаўляць у прыняцьці на працу па прычынах, не зьвязаных непасрэдна з працоўнай кваліфікацыяй, але арганізацыі працягваюць адмаўляць кандыдаткам з-за полавай прыналежнасьці, узросту, зьнешняга выгляду, сямейнага стану і наяўнасьці ці адсутнасьці дзяцей.

Супрацоўніцы і супрацоўнікі дзяржаўных органаў, якія будуць на практыцы рэалізоўваць антыдыскрымінацыйнае заканадаўства, павінны валодаць адпаведнымі кампэтэнцыямі. Такім чынам, неабходны плян па павышэньні іх кваліфікацыі, і гэта таксама важны напрамак дзеяньня жаночай партыі.

***

Агулам, сэнс жаночай партыі ня ў тым, каб сабраць у адну арганізацыю палітычна актыўных людзей з пэўнымі геніталіямі, а ў тым, каб зьвярнуць увагу і паспрыяць вырашэньню шэрагу вельмі важных праблем.

На жаль, у цэлым становішча палітычных партый у Беларусі даволі сумнае, і казаць пра іх рэальную вагу на палітычнай арэне цяжка. Тым ня менш, у краіне ёсьць попыт на жаночую партыю, і знайшліся жанчыны, якія хочуць гэты попыт задаволіць.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG