Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МУС: заяваў пра зьнікненьне Паўла Грыба не паступала


Канстанцін Шалькевіч, прэсавы сакратар МУС

У Міністэрстве ўнутраных спраў Беларусі кажуць, што пакуль ня маюць нейкіх заяваў сваякоў аб зьнікненьні ўкраінца Паўла Грыба.

31 жніўня афіцыйны прадстаўнік Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі Антон Бычкоўскі паведаміў карэспандэнту Свабоды, што Павал Грыб перасек мяжу пры ўезьдзе ў Беларусь 24 жніўня. Інфармацыі пра выезд яго зь Беларусі пакуль няма.

Ці вядома што пра лёс Паўла Грыба Міністэрству ўнутраных спраў Беларусі?

Прэсавы сакратар беларускага ведамства Канстанцін Шалькевіч так адказаў карэспандэнту Свабоды на гэта пытаньне:

«Паводле стану на 29 жніўня, па ўдакладненай інфармацыі, заявы пра яго зьнікненьне бязь вестак не было. Таму на якой падставе мы павінны праводзіць нейкія мерапрыемствы? Магчыма цяпер нешта і паступіла, але ў мяне гэтай інфармацыі няма, трэба ўдакладняць. Калі нехта са сваякоў за гэтыя два дні зьвяртаўся з заявай, тады будзе і адпаведны камэнтар».

Пазьней Канстанцін Шалькевіч сказаў карэспандэнту Свабоды, што адносна Грыба «дагэтуль ніякіх зваротаў у органы ўнутраных спраў не было».

Раней украінскі афіцэр запасу Ігар Грыб заявіў, што спэцслужбы Расеі выкралі ў Беларусі ягонага сына. 24 жніўня Паўло Грыб выехаў у Беларусь на сустрэчу зь дзяўчынай, зь якой да гэтага меў зносіны толькі праз сацсеткі, пасьля чаго зьнік.

Паўло Грыб
Паўло Грыб

Памежная служба Ўкраіны таксама афіцыйна пацьвердзіла факт перасячэньня Паўлам Грыбам мяжы зь Беларусьсю. Ігар Грыб паведаміў, што сын павінен быў вярнуцца ў той жа дзень. Калі гэтага не адбылося, ён адправіўся на пошукі Паўла ў Беларусь, у Гомель. Там ён высьветліў, што сын знаходзіцца ў вышуку па арт. 205 КК РФ (тэрарыстычны акт), а ініцыятар вышуку — ФСБ РФ па Краснадарскім краі (горад Сочы).

Грыб перакананы, што ФСБ выманіла Паўла ў Гомель пад выглядам сустрэчы зь дзяўчынай і правяла затрыманьне. На думку бацькі, прычынамі выкраданьня сына маглі стаць паведамленьні Паўла ў сацсетках, накіраваныя супраць агрэсіі Расеі ва Ўкраіне.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG