І словы, і дзеяньні цягнуць за сабой наступствы, а таму пры іх выбары варта праяўляць абачлівасьць, падкрэсьлівае аль-Хусэйн. Паводле слоў вярхоўнага камісара, звычка прэзыдэнта Трампа называць паважаныя выданьні і СМІ хлусьлівымі і ашуканскімі прыносіць шкоду.
На думку аль-Хусэйна, называць журналістаў несумленнымі і нядобрасумленнымі людзьмі і вінаваціць іх у распаўсюдзе фальшывых навінаў — небясьпечна.
«Хіба гэта не падбухторваньне да нападаў на журналістаў? Выкажам здагадку, што нейкі журналіст пацерпіць ад рук адной з гэтых арганізацый. Ці панясе тады прэзыдэнт адказнасьць за тое, што падбухторваў да гэтага? »- разважае Хусейн.
Паводле яго слоў, дэманізацыя прэсы небясьпечная, бо цягне за сабой наступствы і ў іншых галінах. Словы прэзыдэнта ЗША атрымліваюць рэзананс ва ўсім сьвеце.
«Возьмем, да прыкладу, Камбоджу: там адымаюць ліцэнзіі ў СМІ, у радыёпраграм. І спасылаюцца на заявы прэзыдэнта ЗША. Ці ўсё будзе разьвівацца ў тым жа кірунку?»- адзначае вярхоўны камісар ААН.
Хусэйн нагадвае, што свабода прэсы — адзін з краевугольных камянёў амэрыканскай Канстытуцыі, таму яго дзівіць, што прэзыдэнт, замест таго, каб абараняць гэта права, нападае на прэсу.
Трамп рэгулярна крытыкуе такія СМІ, як CNN, New York Times і Washington Post. Раней у жніўні ён раскрытыкаваў журналістаў за асьвятленьне акцыі ўльтраправых у Шарлотсвілі, штат Вірджынія, назваўшы іх «несумленнымі людзьмі». Прэзыдэнт неаднаразова крытыкаваў журналістаў у публічных выступах і ў «Твітэры».