Такія вынікі сацыялягічнага дасьледаваньня па 200 днях з новым прэзыдэнтам прыводзіць CNN.
Ні ў адным з апытаньняў за паўгода праўленьня Дональда Трампа ягоны рэйтынг ня быў настолькі нізкім. Сацыялягічныя службы ведаюць толькі яшчэ адзін выпадак у сучаснай гісторыі Амэрыкі, калі рэйтынг прэзыдэнта на канец першага паўгодзьдзя яго праўленьня быў ніжэйшым за 50% — у Біла Клінтана ў 1993 годзе.
Нават сярод рэспубліканцаў, аднапартыйцаў Трампа, адсотак ягоных заўзятых прыхільнікаў зьнізіўся з 73% у лютым да 59% у жніўні.
У ключавым сэгмэнце электарату Трампа — белыя амэрыканцы, якія ня маюць вышэйшай адукацыі, — падтрымка прэзыдэнта за названы пэрыяд скарацілася на 12% і складае сёньня крыху больш за траціну. Колькасьць амэрыканцаў, якія вераць у тое, што Трамп здольны ажыцьцявіць неабходныя перамены або эфэктыўна кіраваць дзяржавай, упала ніжэй за 40%.
Толькі ў дзьвюх галінах — нацыянальная абарона і эканоміка — колькасьць прыхільнікаў і крытыкаў Трампа прыкладна аднолькавая. Па ўсіх астатніх пытаньнях другіх істотна больш, чым першых.
***
Рэйтынг падтрымкі кіраўніка Беларусі Алякскандра Лукашэнкі на сёньня невядомы нават прыблізна. Найбуйнейшая арганізацыя, што давала вынікі незалежных апытаньняў — Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў (НІСЭПД) — была вымушаная згарнуць працу год таму пасьля кампаніі яе дыскрэдытацыі ў дзяржаўных СМІ.
У апошнім сацыялягічным дасьледаваньні НІСЭПД (чэрвень 2016 году) электаральны рэйтынг Лукашэнкі склаў 29,5%, рэйтынг даверу — 38,6%.