Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША ўмацоўваюць балтыйскае паветра перад «Захадам-2017»


Амэрыканскі зьнішчальнік F-15C Eagle у Шаўляі. Архіўнае фота

Напярэдадні расейска-беларускіх вайсковых вучэньняў «Захад-2017» ЗША ўмацоўваюць місію паветранай паліцыі краін Балтыі.

Сем зьнішчальнікаў F-15C Eagle ЗША прызямліліся на авіябазе вайскова-паветраных сілаў Літвы ў Шаўляі 29 жніўня, паведамляе Delfi.lt са спасылкай на агенцтва BNS. Інфармацыю пацьвердзілі ў Мінабароны Літвы.

Апошнія два гады місію ў Літве звычайна ажыцьцяўлялі чатыры саюзьніцкія зьнішчальнікі.

У місіі будзе ўдзельнічаць прыкладна 140 вайскоўцаў, якія прыбылі з базы ЗША ў Вялікай Брытаніі. Яны зьменяць кантынгент ВПС Польшчы, які ахоўваў паветраную прастору краінаў Балтыі цягам чатырох месяцаў.

Амэрыканскія вайскоўцы будуць удзельнічаць у місіі паветранай паліцыі НАТО ў краінах Балтыі пяты раз.

Вучэньні «Захад-2017» маюць прайсьці на тэрыторыі Беларусі і Расеі 14–20 верасьня; у Беларусь прыбывае, паводле афіцыйных зьвестак, тры тысячы расейскіх вайскоўцаў. Раней прадстаўнікі ўсіх суседзяў Беларусі, акрамя Расеі, выказвалі занепакоенасьць наконт манэўраў. У прыватнасьці, трывогу выклікала тое, што расейскія войскі могуць пасьля вучэньняў застацца ў Беларусі.

Раней са спасылкай на вайсковую разьведку Літвы паведамлялася, што ў сцэнары вучэньняў можа быць прадугледжаны збройны канфлікт з NATO. Вучэньні будуць праводзіцца і паблізу дзяржаўнай літоўскай мяжы, таму афіцыйныя асобы Літвы не выключаюць магчымасьці інцыдэнтаў і правакацый, дадае партал.

29 жніўня начальнік Генштабу беларускага войска генэрал-маёр Алег Белаконеў на брыфінгу запэўніў, што да 30 верасьня расейскія войскі вернуцца на месцы сваёй сталай дысьлякацыі ў Расеі.

Усё пра вайсковыя вучэньні «Захад-2017»

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG