Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У маім разуменьні, супэрпрадукт — гэта прадукт, які ўтрымлівае адзін або некалькі важных для здароўя элемэнтаў у выключна вялікай колькасьці.

Невялікія дозы супэрпрадукту станоўча ўплываюць на здароўе. Супэрпрадукты не абавязкова дарагія! Сёньня пагаворым адзін з такіх прадуктаў — сланечнікавых семак.

Лацінскае навуковая назва сланечніку Helianthus паходзіць ад грэчаскіх слоў helius («сонца») і anthemon («кветка»). Суквецьці заўсёды паварочваюцца насустрач сонцу, больш выразна, чым іншыя расьліны.

Хутчэй за ўсё, цэнтрам паходжаньня сланечніку зьяўляецца Паўднёвая Мэксыка. Першымі сланечнік пачалі культываваць амэрыканскія індзейцы каля 5 000 год таму. Затым гішпанцы, якія вярталіся з экспэдыцыі ў Новую Мэксыку, прывезьлі расьліну ў Эўропу. У 1510 годзе першыя сланечнікі былі пасаджаны ў Мадрыдзе і з таго часу паступова распаўсюджваліся на тэрыторыю іншых краін Эўропы, у тым ліку Рэч Паспалітую. У Расею насеньне сланечніку завёз з Галяндыі Пётр I.

Расьліна першапачаткова ўжывалася ў якасьці дэкаратыўнай. На сёньняшні дзень з больш як сотні відаў сланечніку (куды ўваходзяць і дэкаратыўныя, і дзікарослыя віды) чалавек выкарыстоўвае толькі два: знаёмы нам усім сланечнік аліўкавы і ў значна меншай ступені вядомы тапінамбур (земляную грушу), зь якога ў ежу ідуць карняплоды. Так, тапінамбур і сланечнік — блізкія родзічыі. Усяго дзьве дзяржавы — Расея і Ўкраіна, вырабляюць прыкладна палову семак сланечніку ў сьвеце.

Семкі сланечніку ўтрымліваюць шмат вітаміну Е. У 100 г семак прыкладна 260% ад дзённай нормы гэтага вітаміну (26 мг). У гэтым сэнсе сланечнік — сапраўдны чэмпіён сярод прадуктаў.

Апошнім часам назіраецца рост цікавасьці да вітаміну Е з боку навукоўцаў-мэдыкаў. Яны бачаць у ім патэнцыял для запаволеньня старэньня. Гэты вітамін нават часта называюць «антыўзроставым вітамінам».

Нядаўна навукоўцы зь Дзяржаўнага ўнівэрсытэту штату Арэгон (ЗША) выявілі, што дэфіцыт вітаміну Е можа выклікаць сур’ёзныя нэўралягічныя пашкоджаньні і ў выніку нават прывесьці да хваробы Альцгаймэра.

«Наш досьлед паказаў, чаму вітамін Е неабходны для здароўя мозгу, — кажа прафэсар Марэт Трабэр, вядучы аўтар гэтага дасьледаваньня. — Вітамін Е можна параўнаць з будаўнічным блёкам. Вы ня можаце пабудаваць дом безь неабходных матэрыялаў, — тлумачыць Трабэр. — У пэўным сэнсе, калі паступленьне вітаміну Е з прадуктаў харчаваньня зьяўляецца недастатковым, мы больш чым на палову скарачаем колькасьць будаўнічых матэрыялаў, якія патрэбныя для пабудовы мазгавой мэмбраны і падтрымкі дзейнасьці мозгу. Дэфіцыт вітаміну Е, такім чынам, стварае аснову для клеткавага пашкоджаньня мэмбраны і гібелі нэўронаў».

Акрамя таго, вітамін Е — гэта антыаксыдант.

Штодзённае паступленьне вітаміну Е з прадуктаў харчаваньня — неабходная ўмова для аптымальнага функцыянаваньня антыаксыдантнай сыстэмы. Гэтая сыстэма адказвае за стан нашага агульнага здароўя.

Вітамін Е таксама прадухіляе ўзроставую макулярную дэгенэрацыю (УМД). Так, маштабнае дасьледаваньне ўзроставай макулярнай паталёгіі Pola (1999) паказала, што рызыка позьняй УМД памяншаецца аж на 82% у людзей з высокім узроўнем вітаміну Е ў крыві ў параўнаньні зь людзьмі з тымі, у каго нізкі ўзроўнем гэтага мікраэлемэнту.

Дэфіцыт вітаміну Е зьвязаны з падвышанай рызыкай інфэкцый, анэміяй, адставаньнем у росьце, неспрыяльнага зыходу цяжарнасьці як для дзіцяці, так і для маці.

Семкі сланечніку — выдатная крыніца фалійнай кіслаты (вітаміну В9). Жанчыны ведаюць, што да і падчас цяжарнасьці неабходны прымаць фалійную кіслату. Яе недахоп пагражае дэфэктамі нэрвовай трубкі (сьпіна біфіда) і анэнцэфаліяй (поўнае або частковая адсутнасьць вялікіх паўшар’яў галаўнога мозгу) немаўляці.

100 г семак утрымліваюць больш за палову дзённай нормы вітаміну В9 (больш за 200 мгк).

Семкі сланечніку ўтрымліваюць адносна шмат і іншых вітамінаў групы В, у прыватнасьці вітаміну В3 (35% дзённай нормы ў 100 г), вітаміну В5 (70% дзённай нормы ў 100 г) і вітаміну В6 (40% дзённай нормы ў 100 г).

Што датычыцца мінэралаў, дык семкі сланечніку ўтрымліваюць шмат сэлену (больш за 100% дзённай нормы ў 100 г). Функцыі сэлену разнастайныя. Так, ён спрыяе падтрыманьню ў нармальным стане валасоў і пазногцяў, абараняе клеткі ад акісьляльнага стрэсу, спрыяе нармальнай працы імуннай сыстэмы, уносіць істотны ўклад у нармальную працу шчытападобнай залозы.

У 100 г семак сланечніку — каля 100% дзённай нормы мінэралаў марганцу і медзі, каля 35% — цынку і магнію. Марганец, медзь і цынк (як і вітамін Е) — антыаксыданты. Пра іх падрабязьней чытайце ў гэтым артыкуле.

У 100 г сланечнікавых семах больш за 30 г тлустых кіслот сямейства Амэга-6. (Сутачная норма Амэга-6 тлустых кіслот — 6 грамаў для мужчын і 4 грамы для жанчын)

Сланечнікавыя семкі ўтрымліваюць шмат фітастэролаў. Фітастэролы — гэта прыродныя злучэньні, якія маюць хімічную структуру, вельмі падобную на халестэрын. Калі фітастэролы прысутнічаюць у рацыёне ў дастатковай колькасьці, яны спрыяюць падтрыманьню нармальнай канцэнтрацыі халестэрыну ў крыві.

Смажаныя семкі паводле харчовай каштоўнасьці не саступаюць сырым.

Семкі можна дадаваць у кашу на сьняданак, можна пасыпаць імі салату, а можна прыгатаваць зь іх вэгетарыянскія катлеты. Глядзіце мой любімы рэцэпт тут.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG