Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чым карысная сасновая кара


Сёньня пагаворым пра тое, як прыгатаваць біялягічна актыўныя дабаўкі ў хатніх умовах.

Апошнім часам даводзіцца сутыкацца з досыць агрэсіўнай рэклямай розных біялягічна актыўных дабавак, якія па-навуковаму завуцца нутрыцэўтыкамі. Трэба адзначыць, што нічога дрэннага ў іх няма, наадварот, нутрыцэўтыкі ў сваім складзе маюць вялікі спэктар карысных рэчываў, якія станоўча ўплываюць на розныя бакі жыцьцядзейнасьці арганізму.

Іншае справа, што гэта не панацэя, яны самі па сабе ня лечаць, але ў комплексным падыходзе могуць эфэктыўна падтрымаць дзеяньне асноўных прэпаратаў, якія прызначаюцца лекарам. Акрамя таго, нутрыцэўтыкі часам зьяўляюцца вельмі эфэктыўнымі ў розных прафіляктычных праграмах, асабліва калі яны спалучаюцца з выкананьнем чалавекам іншых прафіляктычных парад, такіх як правільнае харчаваньне, узровень фізычнай актыўнасьці, правілы барацьбы са стрэсам.

Існуе простая магчымасьць прыгатаваць дзейсны нутрыцэўтык у хатніх умовах — з сасновай кары. І ён можа быць выкарыстаны ў прафіляктыцы ўзроставага зьніжэньня памяці.

Памяць у любым узросьце трэба трэніраваць, асабліва гэта тычыцца старэйшых людзей, якія перасталі працаваць і таму аб’ем інфармацыі з вонкавага сьвету, якія яны атрымліваюць,значна зьніжаецца. Абавязкова трэба чытаць, старацца запамінаць лічбы, даты, імёны іншых людзей — усё гэта садзейнічае захаваньню памяці.
Наш мозг пабудаваны такім чынам, што пасьля 50 гадоў у ім пачынае мяняцца абмен рэчываў, фармуюцца іншыя біяхімічныя працэсы ў параўнаньні з маладымі людзьмі.
У прыватнасьці, становіцца болей малекул, якія завуцца свабоднымі радыкаламі — яны атакуюць нейроны (асноўныя клеткі галаўнога мозгу, адказныя за памяць), што выклікае іх пашкоджаньне і адпаведна зьніжэньне памяці.

Пасьля 50 гадоў таксама ў клетках, якія завуцца гліяльнымі (яны акаляюць нейроны), павялічваецца інтэнсіўнасьць гэтак званага хранічнага імуннага запаленьня. У выніку яго ўтвараюцца малекулы, якія таксама адмоўна ўплываюць на нейроны, атакуюць іх і як бы зьнясільваюць.

Колькасьць гэтых свабодных радыкалаў і малекул хранічнага імуннага запаленьня залежыць ад некалькіх умоў:

1. Калі ёсьць нялечаныя хваробы (павышаны артэрыяльны ціск — артэрыяльная гіпэртэнзія, атэрасклероз судзінаў, хранічны стрэс, паталёгія шыйнага аддзелу пазваночніка, якая можа ўплываць на крывазварот у судзінах галаўнога мозгу і інш.

2. Калі чалавек ня правільна харчуецца (колькасьць садавіны і гародніны меней чым 400 грамаў у суткі, зашмат лёгказасваяльных вугляводаў — бульбы, макаронаў, шма алькаголю — болей чым 25 мл 70-працэнтнага сьпірту ў дзень, адсутнасьць у рацыёне рыбы, шмат жывёльнага тлушчу і недахоп расьлінных алеяў.

3. Калі чалавек мала рухаецца (мінімальны ўзровень фізычнай актыўнасьці — 150 хвілін фізычных нагрузак сярэдняй інтэнсіўнасьці на тыдзень.

Таму каб разумна займацца прафіляктыкай і захаваньнем памяці пасьля 50 гадоў, трэба спачатку папрацаваць з вышэйназванымі фактарамі, а дакладней зьвярнуцца ў мэдычную ўстанову каб лекары своечасова паставілі трапны дыягназ і пачалі лячэньне, пачаць актыўна рухацца і наладзіць харчаваньне. Ну і таксама могуць аказацца карыснымі гэтак званыя камплімэнтарныя (гэта значыць дадатковыя) мэтады, у лік якіх уваходзіць ужываньне нутрыцэўтыкаў.

Згодна з дадзенымі апошніх дасьледаваньняў, актыўнасьць хранічнага імуннага запаленьня і ўтварэньня шкодных свабодных радыкалаў у галаўным мозгу зьніжае колькасьць рэчыва працыянідзін, вялікая колькасьць якога знаходзіцца ў кары сасны. Асаблівасьць працыянідзіну палягае ў тым, што ён вельмі трывалы ў дачыненьні да розных тэмпэратурных уплываў, можа доўга захоўвацца.

Таму ў хатніх умовах можна невялікія кавалкі кары сасны засушваць, а потым спажываць як прыправу да рознага кшталту хатніх нарыхтовак, ад кансэрваваных гуркоў да настоек. Гэта будзе мець эфэкт ня горшы, чым біялягічна актыўная дабаўка для паляпшэннья памяці, купленая за вялікія грошы. Ну і вядома, трэба памятаць, што такі нутрыцэўтык хатняга прыгатаваньня — не панацэя, ён будзе добрым дапаўненьнем да граматнага лячэньня агульных хвароб, правільнага харчаваньня і рухомага стылю жыцьця.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG