Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску дамовіліся пра «школьнае замірэньне» на Данбасе з 25 жніўня


Магілы данбаскай вайны. Тут пахаваныя баевікі «ДНР», украінцы, цывільныя. Архіўнае фота

23 жніўня ў Менску адбыўся чарговы раўнд перамоваў Трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляваньні сытуацыі на Данбасе.

Па іх выніках кантактная група зрабіла заяву пра падтрымку бестэрміновага прыпыненьня агню з 25 жніўня. Заяву працытаваў мадэратар на перамовах ад АБСЭ Марцін Сайдзік:

«Ад 00 гадзін 25 жніўня бакі абавязаныя распачаць усе неабходныя меры для забесьпячэньня ўстойлівага рэжыму спыненьня агню».

Бакі таксама дамовіліся, што місія АБСЭ атрымае надзейны і бясьпечны доступ для маніторынгу па ўсёй тэрыторыі Ўкраіны.

Марцін Сайдзік
Марцін Сайдзік

Марцін Сайдзік заявіў пра асаблівую значнасьць пазыцыі лідэраў краін нармандзкай чацьвёркі наконт замірэньня на Данбасе, выказанай напярэдадні пасяджэньня групы.

«Гэта сапраўды якасна новы момант — тое, што мы ўчора займелі падтрымку ад лідэраў „нармандзкага фармату“ да прыняцьця нашага рашэньня. Такога яшчэ не было», — сказаў спэцпрадстаўнік АБСЭ.

Упершыню Кантактная група прыняла рашэньне аб прыпыненьні агню перад пачаткам навучаньня школьнікаў у 2015 годзе. Тады рэжым цішыні пратрымаўся амаль 6 тыдняў. Спадар Сайдзік спадзяецца, што гэтым разам прыпыненьне агню будзе дзейнічаць пастаянна.

Наступнае пасяджэньне групы адбудзецца 6 верасьня.

Ірына Герашчанка
Ірына Герашчанка

Паводле прадстаўніцы Ўкраіны ў гуманітарнай падгрупе Ірыны Герашчанкі, гэта ўжо 12-я сумесная заява аб замірэньні на Данбасе. Герашчанка сказала, што ніводнае зь іх не пратрымалася і некалькіх дзён, «але ўсё ж зьніжаліся ўзровень напружаньня і эскаляцыі, а кожнае выратаванае жыцьцё вартае таго, каб дамаўляцца».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG