Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Тапчыце мяне, не тапчыце дзяржаву!» — 275 гадоў таму нарадзіўся Тадэвуш Рэйтан


275 гадоў таму нарадзіўся Тадэвуш Рэйтан, беларускі шляхціч, які адзіны спрабаваў не дапусьціць першага падзелу Рэчы Паспалітай.

20 жніўня 1742 нарадзіўся Тадэвуш Рэйтан, удзельнік Барскай канфэдэрацыі, дэпутат Сойму Рэчы Паспалітай.

Тадэвуш Рэйтан быў шчырым патрыётам аб’яднанай польска-беларуска-літоўскай дзяржавы. У 1773 годзе падчас надзвычайнага Сойму Рэчы Паспалітай ён рашуча выступіў супраць яе падзелу, які інсьпіравала Расея, выкарыстаў увесь свой палітычны ўплыў і вынаходлівасьць, каб пераканаць дэпутатаў у неабходнасьці захаваньня адзінай дзяржавы.

Тадэвуш Рэйтан, дэпутат ад Наваградзкага ваяводзтва ВКЛ, на Сойме, які зрывала прарасейская фракцыя, лёг крыжам перад выхадам, не выпускаючы дэпутатаў з залі паседжаньняў. Ён крычаў: «Тапчыце мяне, не тапчыце дзяржаву!»

Ягоная прынцыповасьць выклікала павагу нават ягоных ворагаў. Нягледзячы на тое, што захаваць Рэч Паспалітую не ўдалося, слаўнае імя Тадэвуша Рэйтана засталося ў гісторыі.

Летась Зьміцер Бартосік пабываў на фэсьце «Дах» у невялікай вёсцы ў Ляхавіцкім раёне Грушаўка. Фэст ладзіўся ў гонар Тадэвуша Рэйтана. Праграма «Падарожжы Свабоды» з нашага архіву.

*****

На культурнай мапе Беларусі зьявіўся новы адрас. Фэст «Дах» у Грушаўцы. У гонар Тадэвуша Рэйтана. Беларускага шляхціча, які адзіны спрабаваў не дапусьціць першага падзелу Рэчы Паспалітай.

Грушаўцы пашанцавала. І з тым, што ня высечаныя старыя рэйтанаўскія прысады. І з тым, што застаўся сапраўдны парк. І з тым, што перажыў вайну драўляны палац. І нават камяніца, дзе сканаў самы знакаміты гаспадар Грушаўкі, таксама ацалела. Але галоўнае — Грушаўцы пашанцавала зь людзьмі, дзякуючы якім парк дагледжаны, на камяніцы адрамантаваны дах, а добрае імя Тадэвуша Рэйтана вяртаецца ў масавую сьвядомасьць. Гэта заснавальнікі арт-суполкі імя Рэйтана Зьміцер Юркевіч і Алесь Родзін. Са Зьмітром мы гутарым каля той самай камяніцы.

Зьміцер Юркевіч
Зьміцер Юркевіч

— Мэта нашай суполкі, якая была створана чатыры гады таму, была — па-першае, дабіцца ўшанаваньня асобы Рэйтана на дзяржаўным узроўні. Бо асобу такога маштабу нельга выкідаць з нашага гістарычнага кантэксту. Бо ён беларус па паходжаньні. Бараніў Вялікае Княства Літоўскае. Тут нарадзіўся, тут жыў, тут і памёр.

Нікуды нічога не зьнікае. Славутыя дзеячы Вялікага Княства вяртаюцца. І працягваюць сваё змаганьне за праўдзівую гісторыю і незалежнасьць Айчыны. Імёны Тадэвуша Касьцюшкі, Валенція Ваньковіча, Напалеона Арды, Міхала Клеафаса Агінскага за апошняе дзесяцігодзьдзе сапраўды сталі для тысяч паспалітых людзей імёнамі роднай гісторыі. З ініцыятывы неабыякавых грамадзян і з дапамогай мясцовых уладаў. Вяртаецца і Тадэвуш Рэйтан.

— Быў артыкул у газэце «Культура», дзе было агучана, што прынята рашэньне пра стварэньне тут краязнаўчага музэя, пры якім, натуральна, будзе і мэмарыяльны музэй Тадэвуша Рэйтана. У палацы будзе краязнаўчы, а ў мураванцы, у якой ён жыў напрыканцы жыцьця, — там будзе мэмарыяльны музэй.

У гэтым дамку, па легендзе, скончыў жыцьцё самагубствам Тадэвуш Рэйтан. Але гэта міт.

Да яго прыбыў зь візытам палкоўнік Іван Міхельсон, да якога адышлі землі Рэйтана пасьля першага падзелу Рэчы Паспалітай. Тадэвуш пабачыў, што ягоную родную зямлю топча бот акупанта. Пачаў лаяцца. І браты зачынілі яго ў гэтай мураванцы.

А ён жа быў вельмі моцны. Ён шабляй паразьбіваў шыбы. Але ж вокны былі закратаваныя. І ня змог вырвацца. Параніўся. Пачалося запаленьне крыві.

Але захаваліся сьведчаньні, лісты пляменьніцы, у якіх яна піша, што Рэйтан да апошняга трымаў ксяндза за руку. Апошнія яго словы былі: «Нічога назнарок не зрабіў супраць Бога, і ўсе свае пакуты за Бацькаўшчыну прысьвячаю табе, Божа».

Вэрсія самагубства — гэта міт, які палякам не перашкаджае ўшаноўваць беларуса, але чамусьці палохае мясцовых людзей, якія ня хочуць жыць на вуліцы самагубцы. І мы гэты міт руйнуем увесь час. І быццам бы стаўленьне пачынае мяняцца».

Якімі шчасьлівымі выглядаюць на фэсьце мясцовыя жыхары! Яны і раней ведалі, што жывуць у незвычайным месцы. А цяпер іхняя Грушаўка ў цэнтры ўвагі. Вось чатыры вясёлыя пэнсіянэркі ўспамінаюць, што яны чулі пра Рэйтана.

— Нехта кажа, павесіўся.

— А хто кажа, што зарэзаў сябе. Бо ня мог перажыць падзелу паміж Аўстрыяй, Прусіяй і Расеяй.

— Не перанёс гэтага. Што радзіму разарвалі на часткі.

У Тадэвуша Рэйтана няма прамых нашчадкаў. Да 1939-га пераломнага году дажыла жонка апошняга з роду Рэйтанаў Аліна. Яна была бязьдзетная. Менавіта пра яе захавалася памяць у мясцовых жыхароў.

— Мая бабця казала, што Рэйтанова вельмі любіла дзяцей. Ёй падкідалі. Як казалі, байструкоў наробяць і падкінуць. Яна іх выхоўвала. Адзявала, абувала і давала адукацыю. Іх вельмі паважалі.

— Мы едзем, шукаем у Эўропу невядома што. А тут у нас такая красацішча! Божа, пашлі якога багацея, каб сюды грошы ўклаў. Каб нашым дзецям спадчына засталася.

Сёлета тут можна было паглядзець выставу, прысьвечаную Рэйтану, паслухаць фальклёрныя і сучасныя сьпевы ў выкананьні Рамана Яраша, Юліі Літвінавай, дуэта «Этнабіт». Пашпацыраваць па старажытных прысадах пад клясычную музыку ў выкананьні ансамбляў «Брэвіс». Сярод гасьцей фэсту я заўважыў вядомага менскага доктара Андрэя Вітушку, які разам з жонкай Хрысьцінай і сынам Міронам разглядаў графіку Алеся Родзіна. Кажа Хрысьціна:

— Вельмі атмасфэрная сядзіба. Нягледзячы на тое, што дом не ў найлепшым стане. Я як арганічна тут сёньня гучала музыка ў выкананьні струннага квартэта! Гэта будзе доўга сьніцца. І людзі з задавальненьнем танцавалі і пад клясычную музыку, і пад сучасныя мэлёдыі. І людзі, што прыехалі зь вялікіх гарадоў, і мясцовыя жыхары, якія знайшлі час напрыканцы лета адкласьці свае працы. Сьвята таго вартае. Варта падтрымліваць моладзь, якая займаецца тут рэстаўрацыяй. Вынікі бачныя. Мы тут былі гадоў дзесяць таму. Тады ўсё было ў занядбаным стане. Сілы ім, посьпеху і падтрымкі.

Тацяна Галінская, студэнтка Беларускага ўнівэрсытэту культуры, будучая рэжысэрка сьвятаў, — адна з тых валянтэрак, дзякуючы якім сядзіба Тадэвуша Рэйтана адраджаецца. Я чуў шмат аргумэнтаў і ад маладых людзей, і ад сваіх аднагодкаў на карысьць эміграцыі. Але мне заўжды цікава слухаць аргумэнты тых, хто бачыць сваю будучыню ў Беларусі. Яны, здаецца, адзіныя выглядаюць тут шчасьлівымі.

Тацяна Галінская
Тацяна Галінская

— Я займаюся традыцыйнымі народнымі сьпевамі. Перайманьнем традыцыяў сьпеваў нашых продкаў. Я адчуваю, што беларуская традыцыя — гэта вялікая частка маёй душы. Я думаю, што для таго, каб зьмяніць лёс Бацькаўшчыны такім чынам, як зрабіў Тадэвуш Рэйтан, для гэтага трэба быць вельмі сьмелым і адважным чалавекам. Бо ты рызыкуеш стабільнасьцю і жыцьцём сваіх блізкіх. Але цяпер у нас, дзякуй Богу, няма пытаньня аб нейкім падзеле, аб вайне. Таму, калі ты лічыш сябе беларусам, то проста добра займайся той працай, якая ў цябе атрымліваецца. Ня трэба абавязкова лезьці ў дэпутацкія вярхі, каб нешта зьмяніць. Зьмяняй там, дзе ты можаш. Дзе ў цябе ёсьць здольнасьці, дзе ёсьць цікавасьць. Любоў да сваёй працы.

*****
Сёлета на малой радзіме Тадэвуша Рэйтана прайшоў юбілейны, ужо пяты па ліку, летнік, арганізаваны заснавальнікамі арт-суполкі імя Рэйтана, а таксама фэст, прысьвечаны славутаму земляку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG