Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БАТЭ vs «Александрыя». На кану двухматчавага супрацьстаяньня — эўракубкавая восень


Заўзятар БАТЭ. Ілюстрацыйнае фота

Сёньня а 20-й гадзіне на «Барысаў-Арэне» пройдзе першы паядынак раўнду плэй-оф кваліфікацыі Лігі Эўропы.

Мясцовы БАТЭ прымае ўкраінскую «Александрыю». Матч у адказ у Кіраваградзкай вобласьці — праз тыдзень. На кану — праход у групавую стадыю турніру, а значыць, эўракубкавая восень.

У чэмпіянаце Ўкраіны «Александрыя» на гэты момант займае 10 радок, БАТЭ пасьля аднаўленьня другога кола замыкае тройку мацнейшых.

Букмэкеры аддаюць перавагу беларускай камандзе.

William Hill: перамога БАТЭ — 1,91; нічыя — 3,25; перамога «Александрыі» — 4,40.

Bet365: перамога БАТЭ — 1,95; нічыя — 3,40; перамога «Александрыі» — 4,50.

Марафон: перамога БАТЭ — 1,90; нічыя — 3,25; перамога «Александрыі» — 4,50.

Для БАТЭ гэта апошні шанец рэабілітавацца перад сваімі прыхільнікамі. У трэцім кваліфікацыйным раўндзе барысаўцы спынілі змаганьне ў Лізе чэмпіёнаў, прайграўшы па суме дзьвюх гульняў праскай «Славіі».

Беларускія заўзятары ў Празе на матчы са «Славіяй»
Беларускія заўзятары ў Празе на матчы са «Славіяй»

У выпадку ж перамогі над украінскімі супернікамі беларусы згуляюць у групавой стадыі Лігі Эўропы. Гэта прынясе ня толькі маральнае задавальненьне, але і адчувальны матэрыяльны даважак — фіксаваную выплату ў памеры 2,6 мільёна эўраў.

Далей таксама прадугледжаныя бонусы — 360 тысяч эўраў за перамогу і 120 тысяч за нічыю.

Калі ж БАТЭ спыніцца на стадыі кваліфікацыі плэй-оф Лігі Эўропы, то атрымае толькі 245 тысяч эўра за ўдзел на гэтай стадыі. Агульны даход каманды ад удзелу ў эўракубках складзе 1 мільён 245 тысяч эўраў — 1 мільён зароблены па выніках лігачэмпіёнскага маратону.

У кожным разе гэта мізэр у параўнаньні з тым, што магло быць пры іншым раскладзе: калі б БАТЭ выйшаў у групу Лігі чэмпіёнаў, то меў бы амаль 15 мільёнаў эўраў.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG