Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шматпакутны салігорскі «Шахтар» зноў наступіў на свае заўсёдныя граблі. У літоўскім Марыямпалі на апошняй хвіліне прапусьціў гол, які чарговы раз закрэсьліў магчымасьць салігорцам далей рушыць па шляху Кубка Лігі Эўропы.

Турніры бываюць розныя і вынікі таксама, але гісторыя «Шахтара» ў міжнародных кубках выходзіць за ўсякія рамкі й робіцца тэмай для анэкдотаў.

Каманда з Салігорску, гульню якога б клясу ні паказвала, і якое б месца ні займала ў нацыянальным чэмпіянаце, ніяк ня здолее прабіцца ў асноўную сетку міжнародных Кубкаў, зь якім бы супернікам ні сустракалася на папярэдняй кваліфікацыйнай стадыі.

Сёлета «Шахтару», як заўжды бывае ў кваліфікацыі зь менш рэйтынгавымі клюбамі, выпаў абсалютна «праходны» супернік з чэмпіянату суседняе Літвы.

— Гэтым разам пройдзем, — рэфрэнам ляцела з футбольных інтэрнэтфорумаў. Але пасьля першай хатняй сустрэчы ў Салігорску, што завершылася безвыніковай нічыёй, павісла няёмкая паўза. Другая гульня ў гасьцях скончылася сумным голам на апошняй хвіліне і лікам 2–1 на карысьць «Судувы».

Шчыра кажучы, цяжка было глядзець, як хай і ўдзесяцёх (бо адзін салігорац быў выдалены) беларуская каманда пад канец гульні тулілася да свае брамы, зацягвала час, аж пакуль не атрымала гол з кутняга пад завесу матчу.

Якія б трэнэры клюб ні трэніравалі, якім бы прызэрам ці нават чэмпіёнам клюб ні быў у Беларусі, праклён міжнародных кубкаў цяжарам вісіць над галовамі салігорцаў.

Падалося, што гэтая канкрэтная гульня, як і ўвогуле гэтая прыкрая традыцыя «Шахтара» нейкім дзіўным чынам экстрапалюецца на пэўную частку краіны й грамадзтва, якое таксама цярпіць ад псыхалягічнай няпэўнасьці, комплексу, які можна назваць комплексам уласнае правінцыйнасьці. Калі ў сваім звыклым коле ты здольны быць пэўным і значным, але, як толькі трапляеш у незнаёмую кампанію, няхай і такіх самых, як ты, але з нутраной пэўнасьцю й адчуваньнем самадастатковасьці, губляесься, як падлетак.

Мне здаецца, гэта праблема тае самае прыроды, як калі нехта з суайчыньнікаў, выбраўшыся за мяжу, ніяк ня можа назвацца беларусам, хутчэй туліцца да сьценачкі й хаваецца пад іншымі нацыянальнасьцямі, мямлячы пад нос, маўляў, я ці то расеец, ці то паляк, ці то ўвогуле невядома хто. Тлумачэньне настолькі ж зьбітае, наколькі недарэчнае: мы «маленькая краіна», «ніхто пра нас ня ведае», «доўга тлумачыць» і г.д.

Як гэткі беларус не дае рады прызнаць сваю краіну й сваю нацыянальнасьць, а пагатоў і сябе самадастатковым і роўным астатнім, гэтак і «Шахтар» не дае рады прызнаць сябе самадастатковым футбольным клюбам, ня гледзячы на сталае знаходжаньне сярод трох клюбаў, што кожны год (!) змагаюцца за прызавыя месцы нацыянальнага чэмпіянату.

«Шахтар», дарэчы, адзін з тых клюбаў нацыянальнай вышэйшай лігі, які, у адрозьненьне ад таго ж БАТЭ ці менскага «Дынама», ніяк ня здолее зрабіць вэрсію свайго сайту, напісаць прозьвішчы гульцоў на форме й назву клюбу на нацыянальнай мове.

Звычка, якую можна назваць філязофіяй правінцыйнасьці. Але як прыкра глядзець на каманду, што яе спавядае, асабліва пасьля пастаянных паразаў менш рэйтынгаваму суперніку, гэтак прыкра й самой камандзе ўнутры, бо пячатка правінцыйнасьці пячэ яшчэ болей за ўласна паразу.

Што ж ёсьць прычынай такой прыкрай традыцыі ў салігорскім клюбе, бо ўсё астатняе, здаецца, сьведчыць пра іншае?

Сама назва «Шахтар» мае на ўвазе сапраўдны мужчынскі характар. Прыналежнасьць клюбу да аднаго з самых пасьпяховых прадпрыемстваў — Беларуськалій. Фінансавае становішча клюбу адно з найлепшых у краіне. Вынікі ва ўнутраным турніры адныя з самых высокіх. Клюб быў і чэмпіёнам, і ўладальнікам Кубку краіны.

Здаецца, для футбольнага клюбу «Шахтар» Салігорск, як і для той часткі грамадзтва, да якой ён належыць, праблема правінцыйнасьці — асноўная праблема, што перашкаджае клюбу рухацца далей у сваім разьвіцьці.

Пакуль клюб не зразумее, ня ўпэўніць сам сябе, што Беларусь гэта крута, наўрад ці на міжнароднай арэне «Шахтар» нечага дасягне, бо будзе па-ранейшаму наступаць на глыбока схаваныя ў сваіх галовах правінцыйныя граблі й прапускаць прыкрыя галы на апошніх хвілінах.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG